Reform.news

Назвалі пераможцаў літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця. Хто атрымаў першыя месцы – даведаемся, калі будзе бяспечна для аўтараў

Reform.news · 7 ноября 2026, 22:45

https://reform.news/nazvali-peramozhca-litaraturnaj-prjemii-imja-ezhy-gedrojcja-hto-atryma-pershyja-mescy-davedaemsja-kali-budze-bjaspechna-dlja-a-tara/

Сёння ў Еўрапейскім цэнтры салідарнасці ў Гданьску прайшла 15-ая юбілейная цырымонія ўручэння літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця.

Пачалося свята літаратуры з учарашняга дня творчым вечарам паэта і выдаўца Дзмітрыя Строцава. Сёння прайшоў шэраг імпрэз, сярод якіх — аўтарскія сустрэчы і аўтограф-сесіі з фіналістамі Прэмі Гедройця: Аляксандрам Карнаўхам, Дзянісам Трусавым і Арцёмам Шуканавым.

Выстава графікі Артура Вакарава «Тутэйшы дзэн» у фае Еўрапейскага цэнтра салідарнасці. Фота: reform.news

А 19-й гадзіне распачалася афіцыйная цырымонія, якую правяла Крысціна Дробыш.

Кірмаш беларускіх выдаўцоў. Фота: reform.news

Напачатку хвілінай маўчання ўшанавалі ахвяраў кракаўскага тэракту, які адбыўся сёння, а таксама памерлых сёлета беларусаў, звязаных з культурай і мастацтвам.

У зале падчас цырымоніі былі пустыя крэслы з партрэтамі літаратараў, што знаходзяцца за кратамі. Было і асаблівае пустое крэсла для страчаных у месцах зняволення рукапісаў, рэальную колькасць якіх мы нават не ўяўляем.

Як мінімум 19 людзей слова ў няволі і як мінімум 115 дзеячаў культуры, — нагадала падчас выступу старшыня Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай, дадаўшы, што «кожная кніга, якая ўсё ж даходзіць да чытача, – своеасаблівы подзвіг. А чытач, які яе шукае і знаходзіць, дапамагае беларускай мове заставацца жывой і нам – гаварыць адно з адным».

Таццяна Нядбай. Скрын відэа.

Публіцы былі прадстаўленыя кнігі-фіналісты, прагучала слова журы і былі абвешчаныя тры пераможцы.

Журы прысудзіла першае і другое месцы творам, якія ўдзельнічалі ў конкурсе ў зашыфраваным выглядзе. З меркаванняў бяспекі сапраўдныя імёны аўтараў і назвы гэтых кніг пакуль што не абвяшчаюцца публічна.

Першае месца атрымала кніга,  пададзеная на конкурс пад псеўданімам Аляксандр Касцюковіч і назвай-маскай «Лірнік». Журы ўганаравала кнігу «за высокае майстэрства валодання словам і глыбокую эмпатыю».

Другое месца здабыла кніга з назвай-маскай «Цесля жыцця», аўтар якой удзельнічаў пад псеўданімам Сяргей Дубаўцэвіч. Кніга ўганараваная «за сінтэз дакументальнага і мастацкага і плённае развіццё беларускай даследчыцкай прозы».

Арцём Шуканаў атрымлівае ўзнагароду. Скрын відэа.

Трэцюю прэмію атрымаў раман «Пентаквантар» (кнігі 1 і 2) Арцёма Шуканава – «за яскравую мультыкультурную навукова-фантастычную сагу, якая пашырае жанравыя межы беларускай літаратуры».

Рэцэнзію на кнігу можна прачытаць тут.

Такім чынам, сёлетні конкурс стаў яшчэ адным сведчаннем таго, што беларуская літаратура працягвае развівацца нават ва ўмовах, калі шлях да чытачоў можа быць звязаны з рызыкай і перашкодамі.

Кіраўнік выдавецтва Audiobooks.by Мікіта Белаглазаў абвясціў пра спецыяльны прыз фіналістам сёлетняй прэміі: кожная з кніг кароткага спісу будзе агучана прафесійнай камандай аўдыявыдавецтва.

Завяршэннем вечара стаў музычны выступ спецыяльнага госця – Лявона Вольскага, легендарнага беларускага спевака, музыкі, мастака і літаратара, аўтара песень, якія сталі часткай культурнай спадчыны Беларусі. Выступ суправаджаў гітарыст Павел Трыпуць, прафесійны музыка і заснавальнік музычнай студыі ў Варшаве.

Прэмія імя Ежы Гедройця прысуджаецца з 2012 года і з’яўляецца найважнейшай незалежнай літаратурнай узнагародай Беларусі.

Яе арганізатары – Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.

Партнёры прэміі: Еўрапейскі цэнтр салідарнасці, Беларускае культурнае таварыства «Хатка», «Будзьма беларусамі!», Audiobooks.by, Belsat.TV, Reform.news, Еўрарадыё, Польскі ПЭН-клуб, Асацыяцыя выдаўцоў.

Праект суфінансуецца ў рамках праграмы польскага супрацоўніцтва дзеля развіцця Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Реклама

Добавить комментарий