Reform.news

Фіналісты Прэміі Гедройця. Танец людзей і машын у рамане «Пентаквантар» Арцёма Шуканава

Reform.news · 1 лістапада 2026, 13:15

https://reform.news/be/finalisty-prjemii-gedrojcja-tanec-ljudzej-i-mashyn-u-ramane-pentakvantar-arcjoma-shukanava/

«Культурны фронт» сумесна з Беларускім ПЭНам і Міжнародным саюзам беларускіх пісьменнікаў працягвае серыю публікацый пра шорт-лістараў галоўнай літаратурнай узнагароды.

Арцём Шуканаў увайшоў у кароткі спіс Прэміі Гедройця з серыяй «Пентаквантар», якая выйшла ў выдавецтве Guttenberg. Наш запрошаны рэцэнзент Вінцэнт Смычкоўскі аналізуе дадатныя і адмоўныя бакі рамана. І чакае працягу, каб зразумець, ці разбярэцца пісьменнік з супярэчнасцямі, закладзенымі ў першых дзвюх кнігах. Гэтым разам рэцэнзію на раман мы дадаем і ў рубрыку «Выбранае чытанне», рэагуючы на адметны жанр твора.

Арцём Шуканаў. Фота: euroradio

Арцём Шуканаў родам з Мазыра, дзе скончыў гімназію, у 2008-м – мінскі БНТУ. Пасля 2020 года эміграваў з сямʼёй спачатку ва Украіну, адтуль – у Польшчу. Жыве ў Варшаве. Працуе праграмістам з 2007 года.

 

«Пентаквантар» з’яўляецца дэбютнай навукова-фантастычнай серыяй Арцёма Шуканава, якая на дадзены момант складаецца з дзвюх кніг.

Напісаная ў жанры посткіберпанку кніга стала заўважнай і шырока анансаванай падзеяй у беларускай літаратуры – з прычыны таго, што раман у гэтым жанры выдадзены па-беларуску ўпершыню. У гэтым сэнсе вартасць кнігі нават не ў тым, што, як кажа пісьменнік Валер Гапееў, «найноўшая самая фантастычная тэхналогія можа быць апісаная на беларускай мове не горш, чым на любой іншай – гэтак жа прыгожа і дастаткова зразумела», а ў пашырэнні лексікону. Навуковая фантастыка загучала па-беларуску даволі арганічна і разнастайна праз адмысловыя слоўцы: «іэлы», «тэхнаэмпатыя», «харэастаз» ці «карпараты».

На старонках сваёй серыі Арцём Шуканаў адкажа на пытанне «Што здарыцца, калі ШІ-кампаніі дасягнуць сваіх мэтаў?», і гэты адказ стане адначасова прычынай прывабнасці «Пентаквантара» і крыніцай яго супярэчнасцей.

Сюжэт праводзіць чытача па сусвету, які быў трансфармаваны развіццём Штучнага Інтэлекту, у тым ліку з-за стварэння карпарацыяй MORAI пяці іэлаў – штучных асоб у целах андроідаў.

Здольныя да мышлення і разважання на ўзроўні чалавека іэлы рэвалюцыянізавалі тэхналогіі і далі чалавецтву магчымасці, якія да гэтага цяжка было ўявіць. З аднаго боку, іэламі кіруюць унутраныя настройкі і ўласныя памкненні, але адначасова і другі, таямнічы фактар: гарачае экзістэнцыяльнае жаданне даведацца аб прыродзе свайго існавання. І гэты ўнутраны канфлікт запусціць серыю падзей, якія назаўсёды зменяць сусвет.

Лёсы ж галоўных герояў – баявога будыйскага манаха, карпаратыўнай шпіёнкі і спецыяліста, што камунікуе з машынамі, – перакрыжуюцца і правядуць іх з Мінска-3, Кіёта і Лаоса ў далёкі космас – на планету Джуніпер.

На гэтым шляху аўтар паспрабуе разабрацца з такімі няпростымі тэмамі, як свядомасць і цялеснасць, штучны інтэлект, уплыў тэхналогій на грамадства і эканоміку, а таксама на духоўнасць і чалавечую аўтаномію ва ўсё больш аўтаматызаваным свеце.

Такім чынам, Арцём Шуканаў ставіць у цэнтр сваёй гісторыі гарачыя пытанні сучаснасці і ў традыцыях добрай навуковай фантастыкі раскрывае іх праз адносіны паміж людзьмі і тэхналогіямі.

«Іэлы не так і часта ўлазілі ў чалавечыя справы непасрэдна. Да харэастазу ўсе думалі, што яны ў сваіх дата-цэнтрах у асноўным абслугоўваюць прамысловыя абанементы, якія і рабілі ўсю працу на заказ. Калі іэлы ўсе ўпяцярых увайшлі ў харэастатычную кому, здарыўся кароткі момант панікі: здавалася, усе падпіскі вымкнуцца разам з харэакагнітыўнымі ядрамі і абваляць сусветную эканоміку ў каменны век. Усе ўздыхнулі з палёгкаю, калі аказалася, што абанементы выдатна працуюць і без свядомага ўдзелу іэлаў.

Іэлы — геніі сферы паслуг. Прадаюць абанементы на розныя віды інтэлектуальнай дзейнасці. Гэта як офіс, куды яны ходзяць на працу і здабываюць капейку на агромністы шмат хлеба з тоўстым слоем асятровай ікры. Усё, што зарабілі, называецца Фінансавым пулам, і ў ім на гэты момант ужо назбіраліся шалёныя мільярды. Напэўна, нават частка гэтага санаторыя — іх уласнасць».

Галоўны матыў «Пентаквантара» – танец. Так-так, літаральная фізічная актыўнасць пад музыку. Іэлы – ШІ-асобы гэтага сусвету – былі створаныя амаль выпадкова, калі кампанія MORAI сумясціла сваіх новых чатботаў з аблічбаванымі дадзенымі запісаў з танцуючымі людзьмі. Нават іх імёны – Чарлстан, Буґі, Гастл, Джытэрбаґ і Факстрот – нагадваюць пра гэта факт.

Кожны з галоўных герояў кнігі рана ці позна таксама будзе танцаваць. Бо танец – чыстая маніфестацыя цялеснасці, вынік каардынацыі рухаў, інтуіцыі і эмоцый, што парушае ідэю аб дыхатаміі душы і цела, якая панавала ў заходняй філасофіі з часоў Дэкарта. І ключ да адказу на экзістэнцыяльныя пытанні, якія перад сабой ставяць як людзі, так і іэлы ў «Пентаквантары».

Ёсць і больш біяграфічная прычына выбару гэтага матыву: нягледзячы на любоў аўтара да навуковай фантастыкі, кіберпанку і анімэ, першым штуршком да напісання кнігі стаў прагляд фільму «Ла-ла Лэнд» у 2016 годзе.

З аднаго боку, менавіта дзякуючы танцу ШІ змог наблізіцца да чалавечай свядомасці, але па той жа прычыне ён не можа цалкам яе дасягнуць. Як кажа манах Кхам у канцы першай часткі: «Без цела не выйдзе добрага танца». Іэлы выраслі ў целах андроідаў, што зрабіла іх больш чалавечнымі, але не знайшоўшы ўнутранай гармоніі, чалавечнасці яны так і не дасягнулі. У пэўны момант (задоўга да пачатку першай кнігі) яны ўпалі ў харэастаз – лічбавую кому, на нейкі час абрушыўшы залежную ад іх сусветную эканоміку.

Гэты матыў канцэнтруе вакол сябе разважанні на тэму штучнага інтэлекту, цялеснасці і свядомасці, і іх глыбіня значна выдзяляе ідэі, прадстаўленыя ў кнігах Арцёма Шуканава, на фоне шырока распаўсюджаных прымітыўных ўяўленняў пра тое, што калі скарміць chatgpt дастатковую колькасць дадзеных, ён нейкім чынам ажыве.

Новыя тэхналогіі ў «Пентаквантары» прадуманыя да дробязяў. Аўтар апісвае шматлікія навінкі будучыні, да якіх належаць, напрыклад, касмічныя ліфты, дапоўненая рэальнасць, чалавекападобныя андроіды (якія, аднак, не надта распаўсюджаныя з-за свайго кошту), кібернетычныя касцюмы, касмічныя караблі, што рухаюцца, змяняючы гравітацыю, а таксама тэхнаэмпатыя – навык, які дазваляе чалавеку адчуць механізм альбо тэхналогію на глыбокім інтуітыўным узроўні.

Аўтар таксама прадумаў, як тэхналогіі ўзаемадзейнічаюць з эканомікай, якая ў «Пентаквантары» ўяўляе сабой нешта падобнае да сучаснага неаліберальнага капіталізму, толькі з яшчэ большым ухілам на арэнду замест уласнасці – трэнд, які ў нашым рэальным сусвеце назіраецца з пачатку XXI стагоддзя.

Уся гаспадарка Зямлі трымаецца на абанементах – падпісках на лічбавыя паслугі, якія прадастаўляюцца больш прымітыўнымі ШІ, створанымі іэламі. Абанементы перажылі кому сваіх гаспадароў і дзейнічаюць аўтаномна, з’яўляючыся іх квазі-біялагічнай функцыяй. Як гэта тлумачыў адзін з іх, Факстрот: «У іэлаў праца — зусім не тое, што ў людзей. Рубіць грошы — частка іх фізіялогіі, якая не кантралюецца свядомасцю».

У агульных рысах, сусвет «Пентаквантара» вельмі нагадвае версію будучыні, якую сёння прасоўваюць ШІ-карпарацыі накшталт OpenAI ў рамках іх маркетынгавых кампаній. Калі незвычайны узровень тэхналагічнага развіцця забяспечвае высокі ўзровень жыцця, але адначасова пазбаўляе аўтаноміі людзей, якія перадалі значную частку адказнасці за функцыянаванне сваіх грамадстваў сілам, логікі якіх яны не разумеюць. Большая частка матэрыяльных праблем планеты Зямля, здаецца, была вырашана (прынамсі, багацейшай часткі насельніцтва). У гэтай гісторыі мы не пабачым крызісаў, якія нібы прывіды лунаюць над нашай будучыняй. Глабальнае пацяпленне, якое ў кнізе таксама, падобна, адбылося, не прынесла настолькі сур’ёзных наступстваў, каб моцна паўплываць на чалавецтва. Тэма растучай няроўнасці – як паміж краінамі, так і паміж людзьмі – таксама амаль не ўсплывае. Замест гэтага мы бачым даволі заможную і камфортную планету, а калі ў яе і ёсць цёмны бок, то ён застаецца недзе па-за старонкамі кнігі.

Па гэтай прычыне любы супраціў уладзе іэлаў, якая падарыла людзям росквіт і спакой, падаецца абсалютна нерацыянальным. Нешматлікія арганізацыі, якія ўсё ж бунтуюць супраць гэтага парадку, нават самім наратарам апісваюцца хутчэй у негатыўным ключы. Эўтанатаў, тэрарыстычную арганізацыю, што выступае за адключэнне іэлаў у мэтах вяртання да свету, у якім чалавецтва адказвае само за сябе, у тэксце называюць «сектай», нягледзячы на тое, што іх дзейнасць не мае рэлігійнага характару. Грамадскія арганізацыі, што выступалі супраць таго, каб іэлы мелі доступ да ўсіх лічбавых дадзеных на свеце, рэагуючы на праект, які павінен быў стварыць інфраструктуру для гэтага, «бамбяць» і «панікуюць» – нават сам аўтар імкнецца перадаць, што іх пазіцыя недарэчная.

«Дзверы зачыніліся, і трамвай панёсся далей праз цэнтр Мінску-3 у кірунку паўночна-ўсходняга краю агламерацыі, дзе была клініка кагнітыўнай хірургіі. Да яе на працэдуру мэмэтычнага навучання Юлію прыйшлося дабірацца праз увесь горад, стары цэнтр якога ён якраз мінаў. Цэнтр быў нізкі, складаўся з куцых адміністрацыйных будынкаў уперамежку з нязграбнымі жылымі дамамі і прамільгнуў за акном амаль незаўважна. Далей вышыня пабудоваў стала нарастаць, выгляд змяняцца, але менш змрочным і шэрым гарадскі пейзаж не зрабіўся.

Агламерацыя Мінску-3 жыла нібыта ў здзіўленні, што дасюль існуе пасля ўсяго перажытага. Горад быў падобны да зрэзу ствала даўно спілаванага дрэва, якое праз нейкую недарэчнасць працягвала нарошчваць гадавыя кольцы, нібыта яму не сказалі, што яно даўно мёртвае і ўжо час спыніцца. Юлій заўсёды лічыў увесь усходні Інтэрмарыум шэраю дзірою, слаба прыдатнаю для жыцця, а Мінск-3 — лакальным максімумам гэтай шэрасці і непрыдатнасці, але праз нейкі неймаверны збег акалічнасцяў уся куламеса пачалася менавіта тут».

 

Відавочна, што сусвет, у якім чалавецтва шмат у чым страціла кантроль над сваім лёсам, не можа не генерыраваць значную колькасць праблем, якія шкодзяць вялікай колькасці людзей. Эканамічны крызіс, выкліканы спячкай іэлаў, – адзіная такая праблема ў «Пентаквантары», але нават у гэтым выпадку мы бачым толькі раёны Мінска-3, запоўненыя пустымі, закінутымі будынкамі, а не жыцці людзей, якія гэтая падзея знішчыла. Пры гэтым самі іэлы выстаўленыя ў кнізе ў максімальна пазітыўным святле, ніколі за гэты крызіс не асуджаюцца. Яны – каралі-філосафы, якіх чалавецтва чакала на працягу ўсёй сваёй гісторыі. Пад іх кантролем Зямля квітнее. У той час як адным з самых цікавых інсайтаў навуковай фантастыкі з’яўляецца тое, што кепскую сістэму не выправіш з дапамогай тэхналогій, Арцём Шуканаў ідзе насуперак гэтай ідэі і прадстаўляе версію чалавецтва, якое прагрэс выратаваў.

Таму, калі ў другой частцы пачынае выбудоўвацца духоўна-філасофскі аргумент пра тое, што ў аўтаматызаваным свеце, збудаваным ШІ-уладарамі, недастаткова чалавечнасці – на фоне ўсяго, што адбылося да гэтага, гучыць ён не надта пераканаўча.

У выніку непрадуманасці ідэалагічных нюансаў канфлікт светапоглядаў успрымаецца як недапрацаваны і – як пакажа сама гісторыя – у нечым такім і з’яўляецца. Аўтар проста не дазволіў антаганістам збудаваць моцны кейс супраць сістэмы. Гэта не было б праблемай, калі б «Пентаквантар» быў навелай, сканцэнтраванай вакол адной лініі сюжэту і адной тэмы, аднак аўтар паставіў сабе больш амбітную мэту – напісаць навукова-фантастычны эпас.

Роля «кепскіх дзядзек» у серыі па большай частцы з’яўляецца выключна наратыўнай: час ад часу яны перашкаджаюць галоўным героям перамяшчацца з адной лакалізацыі ў другую. Добры канфлікт – гэта дыялектыка: на шляху да мэты персанаж сутыкаецца з сіламі, якія яму перашкаджаюць, разумее і пераадольвае іх, і гэтае супраціўленне выклікае ў ім унутраныя метамарфозы. Аднак антаганісты «Пентаквантара» не ўяўляюць сур’ёзнай пагрозы для светапогляду пратаганістаў, і тыя не зменяцца пад уплывам канфлікту. Пад канец другой часткі большасць з іх застаецца больш-менш там жа, дзе пачыналі.

Шмат у чым гэтыя праблемы звязаныя з асаблівасцямі жанру. «Пентаквантара» слушна залічваюць да катэгорыі посткіберпанка. Дзеля таго, каб зразумець, што гэта значыць, варта на хвілінку вярнуцца да крыніц. Арыгінальны кіберпанк быў прадуктам свайго часу. Адлюстроўваючы канец залатой эпохі капіталізму (1946-1973), канцэнтрацыю ўлады ў руках карпарацый і павольнае пагаршэнне ўзроўню жыцця ў Злучаных Штатах – працэсы, што працягваюцца па сённяшні дзень – ён уяўляў сабой крытыку status quo, паказваючы сусвет з высокім узроўнем тэхналогій і нізкім узроўнем жыцця для большасці людзей. Гэтым тлумачыцца і сучасная папулярнасць жанру. У адносна нядаўняй гульні Cyberpunk 2077 Джоні Сільверхэнд кажа пра гэта: «Я аб’явіў вайну не таму, што капіталізм – заноза ў маёй задніцы і не з-за настальгіі па Амерыцы, якая больш не існуе. Гэтая вайна – вайна людзей супраць сістэмы, якая выйшла з-пад нашага кантролю. Гэта вайна супраць ё****х сіл энтрапіі, разумееш?»

У адрозненні ад жанру, з якога ён вырас, посткіберпанк малюе значна больш аптымістычную версію будучыні і амаль пазбаўляецца антысістэмных поглядаў свайго папярэдніка. У «Пентаквантары» кампанія MORAI з’яўляецца адным з галоўных антаганістаў, аднак яе крытыка мае максімальна павярхоўны характар і абмяжоўваецца тым, што бізнэсоўцаў цікавіць толькі прыбытак, а не людзі. Іелы, супраць якіх яны выступілі, у эканоміцы таксама функцыянуць як карпарацыі, у выніку чаго галоўны канфлікт серыі па сутнасці датычыць перадзелу рынку паміж двума магутнымі гульцамі.

«Межы простага танца даўно засталіся недзе звонку. Джыні адчувалася ў руках не проста як партнёрка, а як прастора для магчымасцяў, як вібрацыя смеху і момант кручэння, як імавернаснае размеркаванне, як колер і форма, як стома і памяць. У працэсе была задзеяная ўся нервовая сістэма Юлія, кожны нейрон і сінапс, ён мог рухацца ў гэтым працэсе, не губляючы кантролю над сабою. Танец не распадаўся і заставаўся танцам — спарадкаваным рухам, які кіраваўся рытмам, а не хаатычнай эпілептычнай бурай сігналаў.

Адчуванні былі падобныя да гульні з магніцікамі, калі адзін кладзеш на стол, а другі падводзіш да яго тым жа полюсам. Яны адштурхоўваюцца, і трэба рухаць магніцік па паверхні стала з роўнай хуткасцю, каб не адскочыў адразу далёка, але і не стаяў на месцы. Паверхня стала драўляная, шурпатая, з лініямі фактуры дошак, шчарбінамі і выбоінамі. Па такой паверхні нешта рухаць складана, пагатоў у гэтым танцы магніцік быў жывы і самастойны. Кожны міг вядзення быў камунікацыяй, перамовамі, канфліктам, разрадкай і напругай. Працэс зацягваў, запрашаў, цягнуў час, каб змясціць у кожны момант як мага больш інфармацыі, як дыферэнцыял разбівае функцыю на бясконца малыя адцінкі, кожны з якіх утрымлівае такую ж бясконцасць яшчэ больш бясконца малых адцінкаў. Гэта было занадта інтэнсіўна, гэта перапаўняла, і Юлій разумеў, што ўсёй ёмістасці ягонай нервовай сістэмы не хопіць, каб выцягнуць эмпатычны дрыфт у той форме, у якой ён меркаваўся».

Магчыма, гэтая інтэрпрэтацыя залежыць ад узросту чытача, бо частка з іх памятае часы, калі будучыня здавалася больш прыемнай, але ў свеце, дзе энергаздабываючыя гіганты атручваюць атмасферу, а тэхналагічныя кампаніі спансуюць аўтарытарных палітыкаў, вельмі цяжка ўявіць сабе светлую будучыню, што знаходзіцца ў руках карпарацый. У гэтым сэнсе «Пентаквантар» ствараем п версію рэальнасці, якую значная частка людзей не можа сабе ўявіць – не з-за адсутнасці фантазіі, але з-за фундаментальнай несумяшчальнасці яе элементаў.

У любым выпадку, сусвет «Пентаквантара» усё яшчэ развіваецца і незалежна ад таго, ці чытач хоча пабачыць развіццё цікавых тэм, якія серыя даследуе, ці даведацца, як аўтар вырашыць супярэчнасці, што накапіліся за апошнія дзве кнігі, нам усім прыйдзецца пачакаць да выхаду працягу.

Раман «Пентакватар» можна набыць тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Рэклама

Пакінуць адказ