Reform.news

Пераможцу «Лістапада» — фільм «Бацька Мінай» — абяцаюць у пракат «ад Брэста да Курылаў» на пачатку наступнага года

Reform.news · 7 ноября 2026, 16:55

https://reform.news/peramozhczu-listapada-film-baczka-minaj-abyaczayucz-u-prakat-ad-bresta-da-kuryla-uzho-na-pachatku-nastupnaga-goda/

Галоўную ўзнагароду XXXII міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» — Гран-пры «Золата Лістапада» — атрымала ваенна-гістарычная драма «Бацька Мінай. Партызанская легенда». Расійскі рэжысёр і пракрэмлёўскі дзеяч Ігар Угольнікаў плануе паказаць шырокаму гледачу ідэалагічную карціну пра партызана Міная Шмырова ўжо на пачатку наступнага года: у лютым 2027-га яе абяцаюць выпусціць у шырокі пракат у «ад Брэста да Курылаў».

Эксплуатацыя вайны пад «мірным небам»

Нагадаем, што ў цэнтры сюжэта карціны — трагічны і гераічны лёс Героя Савецкага Саюза, камандзіра партызанскай брыгады Міная Шмырова, які страціў чатырох дзяцей, але не пайшоў на здзелку з акупантамі. Галоўную роль у фільме выканаў расійскі актор Аляксей Краўчанка, вядомы па ролі Флёры ў стужцы «Ідзі і глядзі».

Карціна ў чарговы раз эксплуатуе ваенна-патрыятычную тэматыку. Пры гэтым на цырымоніі ўзнагароджання Угольнікаў зрабіў заяву, спалучаючы супярэчлівыя наратывы пра вайну і мір:

«Атрымліваць прыз у маім любімым Мінску ганарова, важна. З часоў выхаду карціны «Брэсцкая крэпасць» прайшло ўжо 16 гадоў (Угольнікаў выступаў прадзюсарам карціны — Reform.news), і вось цяпер, сёння, мы атрымліваем гэтую ўзнагароду. Хочацца, каб мы спыніліся здымаць фільмы пра вайну, але памяць жывая. Яна з намі ўвесь час, таму мы павінны памятаць і расказваць нашым дзецям», — адзначыў ён.

Рэжысёр карціны «Бацька Мінай» Ігар Угольнікаў атрымаў на фестывалі «Золата Лістапада» і спецпрыз Выканкама СНД «Кіно без межаў» за ўнёсак у развіццё культурнага супрацоўніцтва, умацавання сяброўства паміж народамі. Фота: сацсеткі газеты «Культура».

Беларусы па пратаколе, расіяне — за грошы

Асобна рэжысёр выказаўся пра будучыню стужкі і глядацкі фідбэк, адкрыта падзяліўшы аўдыторыю дзвюх краін:

«Прызы, вядома, гэта таксама важна. Спадзяюся, што ў гэтай карціны будзе вялікая фестывальная судьба, але перш за ўсё ў яе павінна быць глядацкая судьба. І галоўным чынам мне хацелася б, каб у Расіі… Я за Беларусь не хвалююся, разумею, што глядач на такую карціну тут, у Беларусі, пойдзе і будзе яе глядзець. А вось з расійскім гледачом трэба пазмагацца, каб завабіць яго на гэты фільм».

Гэта заява выдатна ілюструе ставленне аўтараў да мясцовага кантэксту: беларускі глядач апрыёры лічыцца гарантаваным складнікам пракатнай статыстыкі (якую лёгка забяспечыць адміністрацыйным рэсурсам), у той час як расійскі глядач больш вольны ў сваім выбары, ды і «Бацькі Мінаю» ёсць з кім канкураваць на агітацыйным полі.

Кадр са стужкі.

Канфлікт інтарэсаў і новы статус фестывалю

Асобнай увагі заслугоўвае арганізацыйны бок гэтай «трыўмфальнай» перамогі. «Бацька Мінай» — гэта сумесны праект расійскага «ВаенФільма» і Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм». Пры гэтым менавіта «Беларусьфільм» з’яўляецца афіцыйнай дырэкцыяй фестывалю «Лістапад». У выніку дырэкцыя фестывалю фактычна прысуджае галоўны прыз свайму ж уласнаму прадукту.

Сёння Гран-пры «Золата Лістапада» вырашае прызначанае журы, якое сёлета ўзначаліў народны артыст Беларусі Аляксандр Яфрэмаў, стужка якога «Ліст чакання» ўдзельнічала пазалетась у мінскім форуме. Перамога «Бацькі Мінай» — гэта трыўмф у герметычным акварыуме, дзе адсутнічае незалежная канкурэнцыя, а галоўныя ўзнагароды размяжоўваюцца паміж «сваімі» для лабараторнага разагрэву перад будучай пракатнай агітацыяй.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Реклама

Добавить комментарий