Тры песні — тры светы: як YouTube-праект «K6 live» ператварыў альбом Анастасіі Рыдлеўскай Alchemia ў карціну
Reform.news · 27 октября 2026, 18:12
https://reform.news/try-pesni-try-svety-jak-youtube-praekt-k6-live-peratvary-albom-anastasii-rydle-skaj-alchemia-karcinu/Каб зняць тры песні з новага альбома Анастасіі Рыдлеўскай, каманда «K6 Live» не стала абмяжоўвацца адной сцэнай. Кожная песня атрымала сваю прастору, сваю стадыю алхімічнага працэсу і свой вобраз артысткі.
Выпуск выйшаў 24 кастрычніка і адкрыў другі сезон праекта «K6 Live».
Alchemia, чацвёрты альбом Рыдлеўскай, пабудаваны паводле magnum opus — шляху, якім алхімікі шукалі філасофскі камень: ад нігрэда, распаду і цемры, праз ачышчэнне да золата. Гэтую логіку каманда пераклала на мову дэкарацый, святла і касцюма.
Нігрэда: срэбра і свінец. «Was It All Worth It?» Настасся спявае ў калідоры праекцый, у срэбнай сукенцы і чорным парыку, на патыліцы якога прышытыя вочы. Срэбра тут — не пра бляск: «Для мяне гэты свінец, таксічны метал, які атручвае маё цела, быў і застаецца найлепшай метафарай гэтых песень, першай часткі альбома».

Альбеда: дом, які гарыць. Для «Пустэчы» пабудавалі дом з вуалі на празрыстай «паветранай» падлозе, па сценах — праекцыі полымя. Артыстка выходзіць у залатой масцы і трымае ў руках запаленыя свечкі. «Мне здавалася, што я стукаю ў дзверы дома, у якім ніхто ніколі не жыў. І спаліць гэты дом было маім рытуалам ачышчэння».

Рубеда: куб і Ліліт. Фінальная «Lilith» — песня пра бунтарку з міфа, якую Анастасія называе каронай альбома. Яе здымалі ў падвешаным кубе з вуалі, з праекцыяй сонца, разам з танцоркамі ў масках. «Нараджаць шмат дзяцей — гэта ж метафара стварэння мастацтва і музыкі».
Над выпускам працавала вялікая каманда: стваральнікі дэкарацый, аператар праекцый, грымёрка, дызайнерка касцюмаў, танцоркі.
Дэкарацыі ў тым ліку будавала каманда дакументальнага шоу «Твары» — у другім сезоне дзве вытворчыя каманды K6 працуюць разам.
Другі сезон «K6» — пра эксперыменты з фарматам і маштабам. Альбом пра трансфармацыю стаў нагодай змяніць і сам выпуск: замест адной сцэны — тры, замест студыйнага сэта — пастаноўка з харэаграфіяй. Андэграўнд застаецца андэграўндам, але выходзіць да шырэйшага гледача.
Інтэрв’ю ішло па-англійску, на YouTube ёсць субтытры на беларускай, англійскай, рускай і польскай мовах.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
