Reform.news

Кароткаметражны фільм «The Final Test» беларускага рэжысёра Яўгена Лыткіна здабыў Спецыяльны прыз журы на кінафестывалі ў Іарданіі

Reform.news · 25 сентября 2026, 18:32

https://reform.news/karotkametrazhny-film-the-final-test-belaruskaga-rjezhysjora-ja-gena-lytkina-zdaby-specyjalny-pryz-zhury-na-kinafestyvali-iardanii/

Драма «The Final Test» беларускага незалежнага рэжысёра Яўгена Лыткіна атрымала Спецыяльны прыз журы (Special Jury Prize) у міжнароднай конкурснай праграме 11-га Іарданскага міжнароднага кінафестывалю (Jordan International Film Festival), які праходзіў у Амане.

Узнагароды былі абвешчаныя ўвечары 24 верасня 2026 года падчас урачыстай цырымоніі закрыцця фестывалю, якая адбылася ў галоўнай залі Каралеўскага культурнага цэнтра ў сталіцы Іарданіі.

Высокая канкурэнцыя і міжнароднае прызнанне

Паводле дадзеных іарданскага інфармацыйнага агенцтва Petra, сёлета на фестываль паступіла 2 099 заявак з усяго свету. Пасля строгага адбору ў афіцыйную міжнародную конкурсную праграму ўвайшлі толькі 8 стужак, сярод якіх беларуская кароткаметражка, створаная беларускімі кінематаграфістамі ў выгнанні летась.

Пра поспех каманды рэжысёр Яўген Лыткін паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook:

«Для нашай каманды гэта вялікі гонар і важнае прызнанне працы рэжысёра, акцёраў і ўсёй здымачнай групы. Дзякуй журы і арганізатарам фестывалю за высокую ацэнку фільма!»

«The Final Test» («Фінальнае выпрабаванне») — гэта псіхалагічная драма з элементамі прытчы.

Дзеянне адбываецца ў аўдыторыі, дзе выкладчык абвяшчае пра пачатак тэсту, у якім няма правільных адказаў. Аднак, нягледзячы на адсутнасць адзінага вернага рашэння, выкладчык вылучае безапеляцыйнае патрабаванне: кожны ўдзельнік мусіць атрымаць абсалютна ідэальны бал. Фільм даследуе тэмы ціску сістэмы, маральнага выбару, абсурднасці жорсткіх рамак і псіхалагічнага супрацьстаяння чалавека з невыканальнымі патрабаваннямі.

Галоўная інтрыга для беларускага гледача — удзел у фільме «купалаўцаў»: Алег Гарбуз і Святлана Зелянкоўская выканалі вядучыя ролі. Разам з імі ў кадры з’явіцца беларускі дудар, музыка Аляксей Бурнасенка.

Над стужкай таксама працавалі: прадзюсар Дзяніс Іваноў, аператар Valik, мантаж Міхаіла Васілевіча. Сцэнар напісаў сам рэжысёр Яўген Лыткін, у прыватнасці, вядомы праектам BFN:Live.

Што за фестываль Jordan International Film Festival?

Jordan International Film Festival (JIFF) — галоўная міжнародная кінапляцоўка Іарданіі, заснаваная Міністэрствам культуры краіны. Фестываль праводзіцца ў Амане і накіраваны на развіццё арабскага і сусветнага кінематографа, падтрымку незалежных рэжысёраў і культурны абмен паміж рознымі краінамі. У склад журы ўваходзяць вядомыя міжнародныя кінакрытыкі, рэжысёры і акцёры.

Яўген Лыткін — беларускі рэжысёр, прадзюсар і кліпмейкер. Вядомы сваёй працай у галіне мастацкага і дакументальнага кіно, а таксама стварэннем музычных відэакліпаў для беларускіх і замежных выканаўцаў. Стужка «The Final Test» працягвае шэраг яго аўтарскіх праектаў, паспяхова прадстаўляючы незалежнае беларускае кіно на міжнароднай арэне.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Реклама

Добавить комментарий