Здрада, траўма і перараджэнне – Анастасія Рыдлеўская выпускае новы альбом Alchemia
Reform.news · 21 сентября 2026, 17:12
https://reform.news/zdrada-tra-ma-i-peraradzhjenne-anastasija-rydle-skaja-vypuskae-novy-albom-alchemia/Аўтарка песень і музычная прадзюсарка Анастасія Рыдлеўская (Anastasia Rydlevskaya), якая жыве і творыць у Польшчы, прэзентуе чацвёрты ў сваёй дыскаграфіі поўнафарматнік пад назвай Alchemia. Гэтая канцэптуальная праца прысвечана траўме, пераадоленню сораму і вяртанню асабістай жаночай сілы.
Структурна альбом пабудаваны вакол класічных этапаў алхіміі – нігрэда, альбеда, цытрынітас і рубеда – і сімвалізуе жорсткую псіхалагічную трансфармацыю чалавека пасля траўмавальных адносін. Слухаючы гэтую плытку, мы праходзім шлях поўнага перараджэння гераіні: ад раздушанасці здрадай і таксічнай прывязанасці да нараджэння бязлітаснай багіні адплаты Ліліт. У літаральным сэнсе гэтая кружэлка – opus magnum, алхімічнае Вялікае Дзеянне, перакладзенае на мову музыкі і эмоцый.
Alchemia – гэта не толькі канцэптуальная гісторыя, але і адзін з самых музычна разнастайных рэлізаў Рыдлеўскай. Тут алхімія адбываецца і з самім гукам: электроніка ўвесь час змяняе форму – ад мінімалізму Стыва Райха і жорсткага, змрочнага трып-хопу брыстальскай фармацыі да халоднага пячорнага трайблу і нават хуткаснага бязлітаснага эйсід-тэхна – усё згодна з запаветамі сярэдневечных містыкаў.
Alchemia цалкам ствараўся як незалежны DIY-праект, без удзелу музычных лэйблаў, менеджараў ці PR-каманд – Рыдлеўская самастойна напісала, спрадзюсавала і запісала ўвесь альбом у сваім пакоі, а таксама выканала асноўную частку звядзення і мастэрынгу, запрасіўшы свайго сябра Аляксандра Карнейчука (KorneJ) для фінальнай паліроўкі трэкаў. Гэтая абсалютная аўтаномія падкрэслівае галоўны пасыл альбома – поўны кантроль над уласным голасам, межамі і сваёй гісторыяй.
Альбом Alchemia выходзіць 25 верасня 2026 года і будзе дасяжны на ўсіх стрымінгах па наступнай спасылцы.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
