Reform.news

У Амстэрдаме прайшла акцыя салідарнасці «A Percussion Piece». Як гэта было?

Reform.news · 20 сентября 2026, 11:50

https://reform.news/u-amstjerdame-prajshla-akcyja-salidarnasci-a-percussion-piece-jak-gjeta-bylo/

Вечарам 19 верасня на знакамітай верфі NDSM у Амстэрдаме прайшоў маштабны перформанс саўдзелу пад назвай «A Percussion Piece». Людзі розных нацыянальнасцей прыехалі з розных гарадоў, каб супольна выступіць у падтрымку зняволеных, якія застаюцца за кратамі ў Беларусі па палітычных матывах.

Паводле ідэі аўтара праекта, медыямастака і куратара Максіма Тымінько, зарэгістраваныя на імпрэзу ўдзельнікі ў кардонных масках з тварамі рэальных беларускіх палітвязняў стварылі супольны гукавы ландшафт – як сімвалічны «голас» тых, каго спрабуюць змусіць маўчаць у турмах. Мяркуецца, што відэазапіс перформансу таксама стане асобным творам мастацтва, што будзе паказвацца на розных пляцоўках.

Максім Тымінько задумаў гэтую акцыю, каб кожны яе ўдзельнік адчуў непасрэдны кантакт з чалавекам, які не можа быць пачутым. Арганізатары назвалі акцыю мастацкім выказваннем пра чалавечую годнасць, салідарнасць і крохкасць.

Спыталі аднаго з удзельнікаў перформансу мастака Андрэя Дурэйку, як акцыя выглядала знутры «гукавога ландшафту»?

«Я быў унутры, таму не ведаю, колькі было ўдзельнікаў. Гледачоў было не так шмат, але на іх і не разлічвалі.Збор удзельнікаў быў каля двух гадзін, людзі знаёміліся, камунікавалі. Перад акцыяй прамаўляў Максім Знак і іншыя былыя палітвязні. На «разагрэў» выступілі музыкі.

У людзей былі розныя рэчы ў руках, адзін чалавек прыехаў з нейкай узнагародай – спартовым кубкам, некаторыя з вёдрамі, з кансервамі, афрыканцы і іранцы са сваімі музычнымі інструментамі.

Фота: Андрэй Дурэйка

Унутры ты чуеш толькі суседзяў – на адлегласці чалавек дзесяці, не далей. Былі розныя людзі, непадалёк ад мяне прафесійна гралі на барабанах,  стваралі рытм, астатнія да гэтага рытму дапасоўваліся. У нейкі момант я зусім згубіў адчуванне часу, думаў, што палова дзеі толькі мінула. Але далі сігнал – і ўсё закончылася.

Фота: Андрэй Дурэйка

Цяпер мне вельмі цікава, як гэта будзе выглядаць постпрадакшн, у які рытм ператварыліся гэтыя гукі».

Відэа акцыі як асобны твор мастацтва мусіць з’явіцца неўзабаве. У сацсетках праекта можна ўбачыць рэпартажную здымку перформансу.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Реклама

Добавить комментарий