У пасёлку Радунь прадалі старую ешыву. Цяпер уласнік можа перабудаваць яе для сваіх патрэб
Reform.news · 29 мая 2025, 16:15
https://reform.news/u-pasjolku-radun-pradali-staruju-eshyvu-cjaper-ulasnik-mozha-perabudavac-jae-dlja-svaih-patrjeb/Аўкцыён па продажы мясцовага Дома культуры ў пасёлку Радунь прайшоў 28 траўня, піша Hrodna.life.
Лот прадалі за 322 тысячы руб. У XIX і пачатку XX стагоддзя будынак належаў іудзейскай абшчыне — там размяшчалася навучальная ўстанова, якую наведвалі сотні вучняў.
Аднак старая ешыва не была ўнесена ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў і прадавалася як Дом культуры, таму пакупнік не абавязаны захоўваць гістарычны выгляд будынка.

Радуньскую ешыву пабудавалі ў 1882 годзе. Заснаваў школу знакаміты рабін Хафец Хаім. Пра рабіна і яго школу захавалася нямала ўспамінаў.
У 1953 годзе савецкія ўлады ператварылі будынак ешывы ў Дом культуры. У незалежнай Беларусі Радунь стала папулярным месцам сярод яўрэйскіх пілігрымаў, якія хацелі ўшанаваць памяць Хафец Хаіма. Адшукаць магілу рабіна ўдалося па сведчаннях відавочцаў. Яе аднавілі, а потым вакол яе пабудавалі невялікі драўляны будынак з дзвярыма, якія зачыняюцца на кодавы замак.
У вёскі быў вялікі турыстычны патэнцыял, таму ў 2019 годзе там планавалі пабудаваць комплекс для яўрэйскіх паломнікаў. Аднак у выніку нічога не ўдалося ажыццявіць.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
