Набліжаецца галоўнае дахрысціянскае летняе свята, прысвечанае сонцу і пошуку папараць-кветкі.
Купалле, дарэчы, хоць і паганскае ў аснове сваёй свята, але адзначаюць яго ў Беларусі двойчы: па юліянскім календары 23-24 чэрвеня і па грыгарыянскім – 7 ліпеня.
Датаў і месцаў святкавання беларускага Купалля сёння надзвычай шмат — як ніколі раней.
Сабралі для вас дзевяць, на нашу думку, самых цікавых лакацый у Беларусі ды іншых краінах. Запрашаем да ўдзелу ў старажытных рытуалах, што спрыяюць перамозе святла над цемрай!
У Беларусі
Гальшанскі замак
У суботу, 24 чэрвеня, Купалле будуць святкаваць ля сцен старажытнага Гальшанскага замка.
Адбудзецца канцэрт, пошук папараць-кветкі і пляценне вянкоў, варажба, карагоды ды танцы.
Таксама ў планах фітабар, фудкорты і кірмаш рамеснікаў, майстар-класы, інтэрактыўныя пляцоўкі, фотазоны і, безумоўна, купальскае ачышчальнае вогнішча.
Вогненае шоу таксама абяцаюць.
Пачатак свята: 24 чэрвеня, 19.00 (час усюды мясцовы). Кошт квітка – 10 рублёў (дарослы).
Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту
Музей народнай архітэктуры і побыту праводзіць свята 24 чэрвеня.
Акрамя традыцыйнай праграмы з вогнішчам, варажбой і пляценнем вянкоў за асобную плату прапануюць лучны цір.
Адметнасцю праграмы стане шэраг майстраў-класаў — па вывучэнні купальскіх песень, традыцыйных танцах пад беларускія народныя інструменты і па дэкору з травы.
Пачатак свята: 24 чэрвеня, 18.00. Кошт квітка – 12 рублёў (дарослы).
Парк інтэрактыўнай гісторыі «Вялікае княства Сула»
У парку Купалле адсвяткуюць з размахам: пачнуць з вечара 23 чэрвеня, а завершаць вечарам 25-га.
У першы дзень падчас начной праграмы (20:00 да 00:00) напояць зёлкавай гарбатай на пляцоўцы Славянскіх культаў і паварожаць на Капішчы. А таксама правядуць майстар-класы па купальскіх спевах, танцах, абрадавых гульнях і пляценні вянкоў.
Завершыцца вечар запальваннем вогнішча і заплывам на дракары па начной Суле.
24 і 25 чэрвеня адбудзецца дзённая праграма з 14.00 да 17.00.
Чакаюцца майстар-класы, карагоды і скокі праз вогнішча
Пачатак свята: 23 чэрвеня, 20.00. Кошт квітка – 30 рублёў (дарослы).
Музей «Дудуткі»
На Купалле ў Дудутках звычайна ладзяць Міжнародны open-air фолк фэст «Свята Сонца».
Традыцыйнымі складнікамі фестывалю, які пройдзе 24-25 чэрвеня, з’яўляецца вялікі канцэрт на адкрытым паветры, у якім прымуць удзел Trubetskoy, Іван Кірчук, Plemя, Рокаш, Alcyona, Акваморта, Frozen garden, Росквіт, Special guest, і фестываль вогненнага шоу. Акрамя таго, два дні на фестывалі будуць працаваць розныя лакацыі.
Падрабязны расклад можна паглядзець тут.
Пачатак свята: 24 чэрвеня, 11.00 і 25 чэрвеня, 10.00. Кошт квітка – ад 60 да 20 рублёў (дарослы).
У Польшчы
Варшава / 24 чэрвеня
24 чэрвеня беларусаў Варшавы запрашаюць сустрэцца на беразе Віслы.
Разыначка вечара — спяванне песняў разам з Купалаўцамі ды танцы пад апекай найлепшых профі. Не абыдзецца свята без пляцення вянкоў ды шукання папараць-кветкі.
Таксама зладзяць латарэю, фотасэсію і конкурс на найлепшы нацыянальны строй.
З боку арганізатараў абяцаюць ненавязьлівую, але эфектную тэматычную канцэртную праграму, а напрыканцы — вольны мікрафон.
Інфармацыя пра час і праграму тут.
Вольны ўваход на пляж (Praska Plaża Miejska) з боку вуліцы Ратушовай.
Варшава / 1 ліпеня
Сучасны фармат святкавання Купалля прапануюць на фестывалі “Купалле – ад батлейкі да рэйву”, які адбудзецца ў Варшаве на гарадскім возеры ў ноч з 1 на 2 ліпеня.
Гэты музычны фестываль прызначаны для ўсёй сям’і: ад дзяцей да аматараў тэхна.
Для самых стойкіх абяцаюць 18 гадзін выдатнай музыкі без перапынку (Campderschein. Belarus Outside Sound System, Karma and Shoom.records.)
Для дзяцей арганізуюць гульнявую зону.
Падчас імпрэзы адбудзецца прэзентацыя беларускіх ініцыятыў і грамадскіх арганізацый Польшчы. Маркет і фудкорт. Спакойная прастора для ёгі. Займальныя спевы і танцы вакол вогнішча.
Партнёры фестывалю: Беларускі моладзевы хаб. German Marshall Fund. Беларуская Рада культуры
Пачатак свята: 1 ліпеня 14.00, заканчэнне 2 ліпеня 8.00. Кошт – данаты ад 20 зл.
Беласток
На бліжэйшых выходных, 24 і 25 чэрвеня, беларусы Беластока клічуць святкаваць Купалле разам з музычна-тэатральным гуртком “Беларусікі” на беразе возера Biale каля Аўгустова (на мапе — тут).
Чакаецца выступ “Беларусікаў», традыцыйныя песні і танцы, гульні, сапраўднае купальскае вогнішча. Просяць браць намёты, спальнікі і дыванкі.
На трансфер аўтобусам (Беласток-Аўгустоў 23.06 18:00; Аўгустоў- Беласток 25.06 17:00) просяць зарэгістравацца тут альбо паведаміць пра свой удзел праз тэлеграм.
Кошт: 12 злотых за месца на кожную машыну; 12 злотых за месца на намёт; 10 злотых з дарослага за дзень. Дзецям да 12 гадоў — бясплатна.
У Чэхіі
Прага
Суполка «Пагоня» і Беларускае танцавальнае таварыства ў Празе запрашаюць беларусаў Чэхіі адсвяткаваць Купалле ў суботу, 24 чэрвеня, каля сажалкі Hořejší rybník.
Фармат самы традыцыйны і дэмакратычны, таму просяць узяць намёты і усё неабходнае для для сустрэчы свята і світання, напрыклад, рэпеленты супраць кляшчоў і кветкі для пляцення вянкоў — іх можна пазбіраць па дарозе ад прыпынку каля чыгункі (на месцы святкавання кветак амаль не расце).
Пачатак свята: 24 чэрвеня, 19.00. Удзел бясплатны.
У Вялікабрытаніі
Лондан
У суботу, 24 чэрвеня, Англа-беларускае таварыства, Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны, а таксама Беларуская каталіцкая місія распачнуць святкаванне Купалля службай у царкве Святога Кірылы Тураўскага і ўсіх святых заступнікаў беларускага народу.
Пасля тэатралізаванага чытання п’есы Францішка Аляхновіча “Заручыны Паўлінкі” у англійскім перакладзе і наведвання адмысловай выставы ў Скарынаўскай бібліятэцы распачнецца традыцыйные святкаванне — з пляценнем вянкоў, упрыгожаннем купальскага кола, спевамі і скокамі праз вогнішча.
Просяць апранаць беларускія нацыянальныя строі, браць з сабою пачастунак і напоі (акрамя моцных алькагольных). Будзе файна, калі прынесяце і кветачкі для пляцення вянкоў.
Пачатак свята: 24 чэрвеня, 15.00. Ахвяраванне ад 7 да 10 фунтаў.
Месца: сад Скарынаўскай бібліятэкі і Беларускай каталіцкай місіі, 37-39, Holden Road, Лондан.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: