40 дзён памяці: гайд па культурных падзеях да гадавіны Чарнобыля

Культура

У гэтым годзе споўніцца 40 гадоў з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС, якая стала найбуйнейшай тэхнагеннай катастрофай у гісторыі і паўплывала на лёсы сотняў тысяч беларусаў і беларусак на дзесяцігоддзі наперад.

Адмыслова да даты экалагічныя арганізацыі «Зялёная сетка», «Экадом» і Альянс «Зялёная Беларусь» аб’ядналіся ў супольную ініцыятыву — кампанію «Пасля Чарнобыля: 40 дзён разважанняў пра здароўе, памяць і будучыню», якая ахопіць дзясяткі гарадоў па ўсім свеце.

«Культурны фронт» Reform.news вылучыў культурныя ініцыятывы ў вялікай праграме івэнтаў.

Тэатр і жывое слова: маналогі, якія варта пачуць

Вільнюс: Чытка «Чарнобыльскай малітвы»

Адной з найяскравейшых падзей у праграме кампаніі стане чытка твора беларускай нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч у тэатры Mroj-Hall. На сцэну выйдуць людзі, чые ўласныя жыцці сталі сімвалам нязломнасці: былыя палітзняволеныя Наталля Дуліна і Вольга Такарчук, актывістка Вольга Павук, а таксама прафесійныя акцёры. Маналогі з кнігі Святланы Алексіевіч прагучаць на беларускай мове, ствараючы сувязную нітку паміж трагедыяй мінулага і выпрабаваннямі сучаснасці.

Калі: 26 красавіка, 18:00. Дзе: Mroj-Hall (Gedimino pr. 28).

40 дзён памяці: гайд па культурных падзеях да гадавіны Чарнобыля
Афіша падзеі.

Тбілісі: Спектакль-рэфлексія паводле «Чарнобыльскай малітвы»

Рэжысёрка Ніка Чыкваідзэ прадстаўляе сваё прачытанне знакамітага твора Святланы Алексіевіч. Гэта пастаноўка-рэфлексія пра тое, як адно імгненне можа ператварыць паўсядзённае жыццё ў зону адчужэння. Тэатр Грыбаедава абяцае гледачам глыбокае пагружэнне ў «чарнобыльскі свет» праз магутныя акцёрскія працы і візуальны сімвалізм. Спектакль становіцца важнай кропкай на мапе памяці, яднаючы беларускі і грузінскі досвед перажывання катастроф.

Калі: 26 красавіка, 20:00. Дзе: Тэатр імя А. С. Грыбаедава (пр. Руставелі, 2).

Музыка: ад архаікі да сучасных рытмаў

Цюрых: Канцэрт «Песні зніклых вёсак»

Музыка і этнограф Сяржук Доўгушаў прывязе ў Швейцарыю ўнікальную праграму. Гэта спевы, сабраныя ў экспедыцыях па адселеных вёсках Гомельшчыны. Архаічныя спевы, якія маглі знікнуць разам з забруджанай зямлёй, атрымаюць новае жыццё.

Калі: 26 красавіка, 17:30. Дзе: Josefstrasse 102.

Варшава: Дабрачынная рэйв-акцыя

Калектыў Belarus Outside Sound System ладзіць івэнт для тых, хто асэнсоўвае памяць праз электронную культуру і салідарнасць. Увесь лайн-ап складзены з жывых (LIVE) электронных выступаў: беларускія музыканты будуць працаваць выключна з апаратнымі інструментамі — сінтэзатарамі і модульнымі сістэмамі — без выкарыстання камп’ютараў, ствараючы гукавое палатно «тут і цяпер».

Музычная праграма абяцае быць медытатыўнай і адначасова інтэнсіўнай: ад дрон-эмбіента да эксперыментальнага тэхна. Сярод удзельнікаў: I/DEX, Pocket Rave, kaini, SYNTRIG і mufer.

Усе сабраныя сродкі пойдуць на падтрымку палітвязняў.

Калі: 24 красавіка, 23:30. Дзе: Klub Mechanik (ul. Narbutta 87).

40 дзён памяці: гайд па культурных падзеях да гадавіны Чарнобыля
Афіша падзеі.

Візуальнае мастацтва і кіно

Выстава Ксішы Ангелавай «Пакажы мне сваю рану»

Мастачка працуе з тэмай калектыўнай траўмы. Праз 40 мастацкіх прац яе праект даследуе экзістэнцыйны жах перад «нябачным ворагам» — радыяцыяй і наступствамі Чарнобыльскай катастрофы.

«Я стварала выставу «Пакажы мне сваю рану» на падставе асабістай і сямейнай гісторыі, архіўных матэрыялаў і досведзе працы ў забруджаных раёнах. Гэта апавяданні ад першай асобы людзей, якія памятаюць выбух, цішыню замоўчвання і неабходнасць эвакуацыi ад чагосьці «нябачнага». Чарнобыль – гэта катастрофа, якая перагарнула  нашае ўяўленне аб бяспецы, бо ад невядомага не схавацца», – распавядае пра выставу аўтарка.

Дзе: Страсбург (да 26 красавіка), Вільнюс (адкрыццё 3 траўня ў Цэнтры беларускай супольнасці).

Кінапаказ мастацкага фільма «Аўрора»

Гэта кранальная гісторыя 12-гадовай дзяўчынкі з Прыпяці, якая марыць пра балет, але апынаецца ў эпіцэнтры ядзернай катастрофы. Фільм, які быў намінаваны ад Украіны на прэмію «Оскар», распавядае пра сустрэчу маленькай Аўроры з сусветнай зоркай балета ў клініцы ЗША. Гэта гісторыя пра тое, як нават перад тварам смерці надзея і мастацтва дапамагаюць заставацца чалавекам. Рэжысёрам кіно з’яўляецца Аксана Байрак.

Фільм пакажуць у Вільнюсе, Клайпедзе, Таліне і Батумі.

Тэрмаядзерны стэндап

Для тых, хто гатовы размаўляць пра складанае праз прызму іроніі, у Вільні пройдзе «Тэрмаядзерны стэндап». Гэта фармат для асэнсавання страхаў, стэрэатыпаў і нашай «ядзернай» рэчаіснасці без залішняга пафасу, але з глыбокім сэнсам.

Калі: 27 красавіка, 20:00. Дзе: Line Up (Geležinkelio g. 6).

40 дзён памяці: гайд па культурных падзеях да гадавіны Чарнобыля

Глядзець поўную праграму мерапрыемстваў можна тут.

Варта дадаць, што арганізатары падрыхтавалі таксама карысны чэк-ліст здароўя, які дапаможа кантраляваць стан арганізма з улікам доўгатэрміновага ўплыву радыяцыі.

Спампаваць яго тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!

REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.