У тэатры Рампэ ў Штутгарце «Купалаўцы» пакажуць прэм’еру трох чытак спектакляў у межах новага праекта

Культура
Удзельнікі праекта KUPALAUCY: KUO VADIS?. Фота: facebook.com/kupalaucy.

KUPALAUCY: KUO VADIS? — гэта новы тэатральны праект незалежнай тэатральнай групы «Купалаўцы» і нямецкай культурніцкай арганізацыяй KuB / Kulturverein Belarus. Праект мае форму творчых лабараторый i прасоўвае маладую беларускую лiтаратуру i драму, сумесную працу памiж беларускiмi i нямецкiмi спецыялiстамi.

У межах новай ініцыятывы ўжо 26 лістапада 2022 адбудзецца прэм’ера трох чытак спектакляў беларускіх аўтараў і рэжысёраў у тэатры Рампэ ў Штутгарце. Таксама ў фармаце жывога стрыма спектакль будзе дэманстравацца на Ютуб-канале “Купалаўцаў”.

Праект ажыццяўляўся ў тры этапы.

Першы — ладзіўся ў кастрычнiку 2022 года. У яго межах тры тандэмы маладых аўтараў і рэжысёраў – Сяргея Лескеця і Рамана Падалякі, Ганны Златкоўскай і Андрэя Саўчанкi, Аляксандра Чарнухi і Марыны Мiхальчук – былi запрошаны да ўдзелу ў першай лабараторыi KUPALAUCY: KUO VADIS?. У вынiку сумеснай працы творцаў над ужо iсным лiтаратурным матэрыялам былi створаны тры новыя п’есы: «Шэпт», «Гісторыя ўцякачкі. Я вярнуся?» і «Свята кабана».

Колькі словаў пра кожны твор.

ШЭПТ

Фатограф і даследчык Сяргей Лескець на працягу дзесяці гадоў дакументаваў традыцыю ацалення шэптам на Беларускiм Палессі – у мясцінах, дзе гэтая практыка яшчэ захавалася i дасюль застаецца жывой. Фотаздымкi, нататкi i размовы з шаптухамi сталi асновай для кнігi “Шэпт”, якая выйшла ў 2022 годзе. У супрацоўніцтве з рэжысёрам “Купалаўцаў” Раманам Падалякам кнiга Сяргея была ператворана ў п’есу – своеасаблiвае падарожжа да вясковай культуры, магii шэпту і каранёў.

У тэатры Рампэ ў Штутгарце "Купалаўцы" пакажуць прэм'еру трох чытак спектакляў у межах новага праекта
Раман Падаляка і Сяргей Лескець працуюць над стварэннем п’есы па кнізе. Фота: facebook.com/kupalaucy.

ГІСТОРЫЯ ЎЦЯКАЧКI. Я ВЯРНУСЯ?

У сваім адкрытым дзённіку аўтарка Ганна Златкоўская разважае пра эмiграцыю як надзвычай складаную траўму: страх, страта дому, размыванне ўласнай ідэнтычнасці, але таксама прысутнічаюць надзея і набыццё нечаканай сілы. У тандэме з рэжысёрам Андрэем Саўчанкам на аснове гэтага дзённіка была створана новая, амаль дакументальная п’еса. Уцякачка – гэта i сама Ганна, i адначасова многiя iншыя эмiгранты, якiя шукаюць зямлю пад нагамi i пачуццё бяспекi.

У тэатры Рампэ ў Штутгарце "Купалаўцы" пакажуць прэм'еру трох чытак спектакляў у межах новага праекта
Ганна Златкоўская. Фота:facebook.com/kupalaucy.

СВЯТА КАБАНА

У маленькім горадзе пачынаюць паміраць свінні – падзея ўвогуле звычайная, але бюракраты метадычна ператвараюць яе ў сапраўднае ідэалагічнае супрацьстаянне. Гэты сюжэт малады аўтар Аляксандр Чарнуха разварочвае вiдовiшчнай каруселлю вобразаў i падзей у сваёй дэбютнай кнiзе “Свiннi” (2021). У супрацоўнiцтве з рэжысёрам Марынай Мiхальчук на базе кнiгi была створана новая п’еса “Свята кабана”. Гэта яркая сатыра паказвае нязносна смешную, але насамрэч кафкіянскую рэальнасць, у якой так лёгка можна апынуцца.

У тэатры Рампэ ў Штутгарце "Купалаўцы" пакажуць прэм'еру трох чытак спектакляў у межах новага праекта
Аляксандр Чарнуха і Марына Міхальчук. Фота:facebook.com/kupalaucy.

У лістападзе распачаўся другі этап праекта, мэта якога — ужо пастаноўка трох чытак новых п’ес. У ім удзельнiчалі акторы незалежнай групы, рэжысёры праекта, а таксама беларускiя і нямецкiя мастакi i спецыялiсты.

Прэзентацыяй прэм’ер трох чытак-спектакляў у тэатры Рампэ ў Штутгарце пазначаецца трэці этап.

Нагадаем, што пачатак паказу чытак 26 лістапада — 18:00 па нямецкім часе. Спектаклi будуць прадстаўлены на беларускай мове з нямецкiмi субтытрамі. Стрым на Ютуб-канале групы “Купалаўцы» пачнецца а 20:00 па беларускім часе.

Акрамя сцэнiчных чытак, у гэты дзень таксама запланавана панельная дыскусiя памiж беларускiмi i нямецкiмi экспертамi, прысвечаная шырокiм пытанням сучаснасцi i будучынi незалежнага беларускага мастацтва, пытанням актуальнасцi i прасоўвання беларускай культуры на Захадзе і, у прыватнасці, у Германii, варыянтам развiцця мастацтва ў эмiграцыi. Гэтая размова адбудзецца ў тэатры а 16:00 па нямецкім часе (18:00 – па беларускім).

Як адзначаецца ў прэс-рэлізе ініцыятывы, партнёры праекта — незалежная тэатральная група «Купалаўцы» і культурніцкая арганізацыя KuB — спрабуюць працаваць над тэатральным прадуктам па новай мадэлi — максiмальна гнуткай, неiерархiчнай, адаптаванай пад супрацоўнiцтва экспертаў з розных краiн.

«KUPALAUCY: KUO VADIS? — гэта працэс i пошук, у вынiку якога ствараецца ня толькi новая беларуская драма i спектаклi, але i цiкавая мадэль сумеснай працы», — падкрэсліваюць арганізатары.

KuB / Kulturverein Belarus — гэта сучаснае аб’яднанне, якое паспяхова займаецца прасоўваннем беларускай культуры ў Германii.

Праект KUPALAUCY: KUO VADIS? рэалiзуецца ў рамках праграмы Федэральнага мiнiстэрства замежных спраў Германii па пашырэннi супрацоўнiцтва з грамадзянскай супольнасцю ў краiнах Усходняга партнёрства i Расii.

Сачыць за навінамі праекта можна тут і тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: