Беларускі ПЭН склаў хроніку парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры з 1 па 15 лістапада

Культура

Беларускі ПЭН рэгулярна праводзіць маніторынг парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры. Спіс парушэнняў усяго за два першыя тыдні лістапада склаў 8 вялікіх раздзелаў.

У першыя два тыдні лістапада быў затрыманы супрацоўнік дабрачыннага фонду «Вяртанне», культурны менеджар Сяргей Макарэвіч. Дырэктар ПТУП «Маёнтак Падароск» Юры Меляшкевіч і фінансавы дырэктар Дзмітрый Карабач абвінавачваюцца паводле крымінальнай справы ў нясплаце падаткаў і страхавых унёскаў з заробкаў супрацоўнікаў. За антываенныя выказванні судзілі вакалістку постпанк-гурта «VIKT(A)R xOi!» з Мазыра Крысціну Чаранкову, вынесена рашэнне ў крымінальнай справе краязнаўцы і экскурсавода Ігара Хмары.

Мастаку Андрэю Раптуновічу прысудзілі 4 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Асвятляльніку і акцёру Вадзіму Васільеву ––12 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Сяргея Гараніна звольнілі з Акадэміі навук, дзе ён быў вядучым навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы. З Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы звольнілі кандыдатку гістарычных навук, дацэнтку Святлану Сілаву.

Арыштаваных паводле адміністрацыйных спраў не выпускаюць пасля сканчэння тэрміну, катуюць шматразовымі прысудамі па 15 сутак і ўтрымліваюць у нялюдскіх умовах.

14 лістапада не выйшлі на волю пасля адміністрацыйнага арышту ўдзельнікі гурта з Рагачова «Tor Band» Зміцер Галавач і Яўген Бурло, іх жонкі, а таксама фатограф Андрэй Салаў, які здымаў для гурта кліпы. Супрацоўнікі міліцыі адмаўляюцца паведаміць, дзе знаходзяцца затрыманыя і ў чым абвінавачваюцца.

4 лістапада пракуратура Брэста выявіла факты прапановы грамадзянам да набыцця на электроннай пляцоўцы bonLibro.bу кніжных выданняў, уключаных у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Пракуратура мела на ўвазе выданне «Краткий курс истории Беларуси IX–XXI вв.» аўтарства Анатоля Тараса. У верасні 2022 года суд Кастрычніцкага раёна Віцебска прызнаў яго «экстрэмісцкім матэрыялам». Паводле фактаў распаўсюду пракуратура ініцыявала пачатак адміністрацыйнага працэсу на падставе ч. 2 арт. 19-11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.

14 лістапада пракуратура Гродзенскай вобласці накіравала ў эканамічны суд заяву аб ліквідацыі ТАА «Клерыгата». Прычына ліквідацыі – вынік праверкі пракуратуры Гродзенскай вобласці і Дэпартамента фінансавых расследаванняў па Гродзенскай вобласці.

10 лістапада вітанне «Жыве Беларусь», якое з’яўляецца цытатай з верша класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы (верш напісаны ў 1905–1907 гг.), уключана Міністэрствам унутраных спраў Беларусі ў «пералік нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі» з 52 пунктаў. Улады імкнуцца дыскрэдытаваць і крыміналізаваць нацыянальны лозунг, прывязаўшы яго да дзейнасці калабарантаў часоў Другой сусветнай вайны. Цяпер за выкарыстанне лозунга могуць пакараць крымінальнай адказнасцю паводле арт. 341-1. Абвінавачванаму будзе пагражаць штраф, арышт, абмежаванне волі да 3 гадоў або пазбаўленне волі да 4 гадоў.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: