У Міністэрстве замежных спраў Літвы адкрылася выстава беларускіх мастакоў Святланы Петушковай і Андрэя Шапорава пад назвай «27».
Упершыню праект экспанаваўся ў Лукішскай турме (цяпер – культурны хаб) у мінулым годзе: менавіта 27 гадоў быў Лукашэнка ва ўладзе на той час.
Святлана Петушкова і Андрэй Шапораў – мастачка-графік і дызайнер, якія былі вымушаны пакінуць Беларусь яшчэ ў 2020 годзе. Цяпер яны жывуць і працуюць у Вільні.
Reform.by пісаў пра маладую сям’ю з нагоды ўзнаўлення друкарскага станка Іагана Гутэнберга 1480 года.
«27» – праект спыненага часу – пра страх, пра боль і пра асэнсаванне. Пра вайну паміж сілавікамі і безабароннымі людзьмі. І пра нашы рэаліі падчас цяперашняй вайны (інсталяцыя «Хлеб і соль»).
Пра ўласны досвед мастакоў, якія былі вымушаны раптоўна эміграваць і шукаць сябе на новым месцы. Пра тое, што адбываецца на радзіме: сцяг у трохлітровым слоіку – вельмі горкая іронія.
«У сваіх працах, – піша Святлана Петушкова пра свае графічныя аркушы, – я стараюся дамагчыся максімальнай выразнасці, выкарыстоўваючы мінімальную колькасць колераў – чорны, белы і чырвоны. Белы і чырвоны – гэта колеры сцяга Беларусі, які сёння пакрыты чорным тэрорам».
Графічны аркуш «26.08» – пра падзеі 26 жніўня 2020 года, калі атрады АМАПу разагналі пратэстоўцаў на плошчы Незалежнасці ў Мінску. Каля сотні чалавек паспрабавалі схавацца ў Чырвоным касцёле. Спецназаўцы заблакавалі ўсе ўваходы ў храм і не выпускалі людзей.
Аркуш «14.08» пра падзеі 14 жніўня 2020 года, калі ў краіне былі абвешчаныя афіцыйныя вынікі выбараў. Ля Дому ўрада ўвечары 14 жніўня спецназаўцы сталі ў ланцуг. Калі дэманстранты наблізілася, сілы бяспекі апусцілі шчыты. Жанчыны з натоўпу кінуліся да іх, сталі абдымаць і цалаваць салдат, дорачы ім кветкі.
Людзі няправільна зразумелі жэст АМАПу, людзі падумалі, што АМАП здаўся. На самай справе нічога падобнага не адбылося. Шчыт АМАПа паказаны як надмагільны камень, а кветкі – як жалобны вянок. Гэтая праца – надзея на перамогу, надзея на падзенне дыктатуры.
«Дажынкі» – гэта штогадовае святкаванне заканчэння збору ўраджаю. Яны праводзяцца ў Беларусі з 1996 года і адзначаюцца з асаблівым размахам. У 2020 годзе гэтае свята было адменена, бо замест збору ўраджаю ўрад быў заняты арыштамі людзей на мірных акцыях пратэсту.
23.05.2021 года ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск» быў пасаджаны Boeing 737-8AS ірландскага аператара Ryanair, які выконваў міжнародны рэйс з Афін у Вільню. Супрацоўнікамі КДБ былі затрыманы Раман Пратасевіч і яго сяброўка Соф’я Сапега. У гэтай працы ёсць і другое значэнне: папяровы самалёцік – сімвал незалежных СМІ ў Беларусі.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: