Марыя Калеснікава стане ганаровай прафесаркай Зальцбургскага ўніверсітэта Mozarteum

Культура
Марыя Калеснікава. Фота: Вікіпедыя.

30 кастрычніка ў межах праекта мастацкай узаемападтрымкі «Practicing Care» беларуская флейтыстка, грамадская дзяячка і палітычная зняволеная, асуджаная на 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Марыя Калеснікава атрымае званне ганаровай прафесаркі Зальцбургскага ўніверсітэта Моцарта (Mozarteum).

Праект «Practicing Care», заснаваны ў 2022 годзе ў Зальцбургскім універсітэце Mozarteum, мае на мэце падтрымку творцаў, якія пацярпелі за сваю грамадзянскую пазіцыю, і стварэнне ўмоў для плённага міжкультурнага дыялогу.

Паводле арганізатараў праекта, ушанаванне грамадскай і палітычнай дзейнасці Марыі Калеснікавай мае важны сімвалічны пасыл не толькі для беларускага, але і заходнееўрапейскага грамадства. Бо Марыя, кар’ера якой доўгі час была звязана з музыкай, на сваім прыкладзе паказала, што культура не функцыянуе па-за сацыяльным і палітычным кантэкстамі, што асабістая і грамадская свабода не існуюць паасобку, а людзі мастацтва маюць вялікі ўплыў на дэмакратычны рух.

Урачыстую цырымонію, якая распачнецца 30 кастрычніка ў 17 гадзін, адкрые рэктарка ўніверсітэта Элізабэт Гуцяр. Яна паведаміла, што «Марыя Калеснікава — яскравае ўвасабленне таго, як творчая асоба можа мужна і рашуча супрацьстаяць брутальнаму гвалту. Свабоду мастацтва яна разумее як нагоду адстойваць грамадскія свабоды і мірнае суіснаванне. Наданнем звання ганаровай прафесаркі мы схіляемся перад гэтай выбітнай музыканткай і палітычнай дзяячкай».

Прадстаўніцай Марыі Калеснікавай выступіць яе сястра і актывістка дэмакратычнага руху Таццяна Хоміч. Мадэраваць цырымонію будзе філосафка Вольга Шпарага, якая прадстаўляе феміністычную групу Каардынацыйнай рады і сістэматычна прааналізавала падзеі 2020 года ў сваёй кнізе «У рэвалюцыі жаночае аблічча. Выпадак Беларусі». Вядомая блокфлейтыстка і прафесарка «Моцартэуму» Даратэя Обэрлінгэр выканае адмыслова падрыхтаваную музычную праграму, якая складаецца з твораў беларускіх і заходнееўрапейскіх кампазітараў.

Паколькі Марыя Калеснікава з-за кратаў не зможа асабіста прыняць пасаду ганаровай прафесаркі, «Practicing Care» рэалізуецца сярод іншага ў форме канцэртаў, тэатральных вечароў, чытанняў, лекцый, панельных дыскусій, перформансаў і кінапаказаў з сацыяльна ангажаванымі мастачкамі і мастакамі, якія актыўна выступаюць за дэмакратычныя каштоўнасці, неад’емнай часткай якіх з’яўляецца свабода мастацтва.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: