Стаў вядомы лаўрэат Букераўскай прэміі за 2022 год – пісьменнік са Шры-Ланкі Шэхан Карунацілака, які атрымаў яе за раман «Сем месяцаў Маалі Алмейды». У ім распавядаецца пра памерлага фатографа, які выконвае місію ў замагільным жыцці. Падзеі адбываюцца на Шры-Ланцы падчас Грамадзянскай вайны. Галоўны герой, ваенны фатограф, аказваецца на тым свеце і мае сем месяцаў, каб разгадаць таямніцу сваёй смерці і знайсці схованку з фотаздымкамі.
Паводле журы, гэта кніга – «метафізічны трылер, тагасветны нуар, які размывае межы не толькі розных жанраў, але і жыцця і смерці, цела і духу».
Урачыстая цырымонія ўручэння прэміі прайшла ў Лондане.
Букераўская прэмія – адна з самых прэстыжных літаратурных узнагарод, якая ўручаецца за лепшы раман, напісаны на англійскай мове. Пераможца атрымлівае чэк на суму 50 тысяч фунтаў стэрлінгаў. Упершыню ўручэнне ўзнагароды адбылося ў 1969 годзе.