«Італьянцы не кажуць: мы нашчадкі Рымскай імперыі»: філолаг Ларыса Пуцылева – пра складанасці перакладу і сімвалы нацыянальнай ідэнтычнасці

Главное
Ларыса Пуцылева. Фота прадастаўлена аўтарам.

24 верасня ў Італіі адбыўся Дзень беларускай паэзіі ў паэтычным клубе Soms di Domodossola.

Галоўнай яго падзеяй стала абмеркаванне першай у Iталii Анталогіі беларускай паэзіі «Il carro dorato del sole» («Залатая сонца калясніца»), выдадзенай на італьянскай мове ў 2020 годзе.

«Перад вамі кніга – багатая, высокая, імклівая, як палёт над невядомай зямлёй, жывая даніна мове і гордаму народу; кніга, якая можа выклікаць у многіх як здаровую зацікаўленасць, гэтак і параніць або ўзрадаваць – кожнага ў асабістым куточку душы», – напісаў ва ўступным слове да выдання паэт Давідэ Рандоні.

«Галасы паэтаў уцягнутыя ў пакутны лёс свайго народа настолькі, што многія з так званых сучасных паэтаў, засяроджаных на ўласным эга і мове, не змаглі б іх нават зразумець», – зазначае італьянскі паэт.

Пра цяжкасць перакладу і розніцу менталітэтаў мы паразмаўлялі з ініцыятаркай, перакладчыцай і ўкладальніцай Анталогіі беларускай паэзіі Ларысай Пуцылевай. Яна ­– кандыдат філалагічных навук, працавала выкладчыцай рускай мовы для замежных студэнтаў у Беларускім тэхнічным універсітэце ў Мінску і ў Алжырскім універсітэце, а пасля ­– ва ўніверсітэтах Перуджы, Балонні і Мілана.

Вобраз радзімы цэментуе нашу ідэнтычнасць

– У вас цікавая навуковая біяграфія: ад выкладчыцы рускай мовы да перакладчыцы вершаў для італьянцаў…

– Я даволі даўно выкладаю рускую мову, і калі пераехала ў Італію і далучылася да Iтальянскай асацыяцыі славістаў, то заўважыла, што 95 працэнтаў ад усіх славянскіх моў на ўніверсітэцкіх курсах складае руская мова i лiтаратура.

Прычыны гэтага зразумелыя: больш за 70 гадоў існаваў Савецкі Саюз, за мяжой людзi асацыявалi яго жыхароў з рускiмi. Аднак нават тады, калі ён распаўся, сітуацыя мала змянілася. І ўкраінцы, і беларусы, і нават каўказцы, казахі для італьянцаў усё адно лічыліся рускімі, a культуры iншых народаў як былi, так засталiся ў ценi дамiнантнай рускай культуры, на распаўсюджанне якой не шкадуе сродкаў Фонд «Рускi свет». І нават цяпер, калі ідзе вайна, мала што змянілася: байкот рускай культуры тут не адчувальны, працягваюць працу курсы, праводзяцца канферэнцыі.

Я доўга жыла ва ўніверсітэцкім горадзе Балонні, дзе рэгулярна праходзілі Дні розных краiн, напрыклад, Венгрыі, Славакіі, Чэхіі, аднак ніколі не было беларускіх. Магчыма, прычына ў недахопе сродкаў цi жадання ўладаў Беларусi, бо такія дні праводзяць амбасады краін. Абыякавасць да ўласнай гісторыі i культуры прывяла да таго, што за 30 гадоў незалежнасці наша краіна засталася terra incognita ў Еўропе. У італьянскіх універсітэтах беларуская мова i лiтаратура не вывучаюцца, у адрозненне ад іншых славянскіх моў, якія маюць невялiкiя кафедры i даследчыкаў. Гадоў дзесяць таму пачалі  вывучаць у нейкіх універсітэтах украінскую мову і літаратуру, iснуе Iтальянская асацыяцыя ўкраiнiстаў.

Таму беларуская культура стала маім асэнсаваным выбарам, а пачала я з таго, што на міжнародных славістычных кангрэсах, якія праходзяць раз у пяць гадоў, стала распавядаць пра нашу літаратуру.

У 2007 годзе у Лечэ (Iталiя) на міжнароднай канферэнцыі па паэтычным перакладзе я зрабіла першы даклад пра адметнасці перакладу беларускай паэзіі. А ў наступным годзе, на XIV Міжнародным кангрэсе славістыкі у Охрыдзе (Македонiя), прэзентавала сваё даследаванне, якое называлася «Паміж Польскім каралеўствам і Расійскай імперыяй: пошукі нацыянальнай ідэнтычнасці ў беларускай паэзіі».

– І якія апорныя кропкі вы вылучылі у канструкцыі нашай ідэнтычнасці?

– Я пачала сваё даследаванне з таго, як беларусы сябе называлі цягам стагоддзяў. Пераважае слова «літвін» як палітонім, аднак як этнонім таксама. То-бок не проста грамадзянін ВКЛ, а гэтае слова было саманазвай для людзей. Намнога радзей сустракаецца «русін», як абазначэнне праваслаўных, пасля распаўсюджваюцца «беларус», «тутэйшы». Няма агульнай саманазвы, але гэта характэрна не толькі  для нас, але і для літоўцаў.

– Саманазва – зразумела: плыткае паняцце, але што яшчэ? Пакорнасць лёсу?

– Абсалютна не, я не вывела ніякай пакоры. Аналізуючы тэксты XVIII–XIX стагоддзяў, а асаблiва паэтаў Адраджэння пачатку ХХ стагоддзя, Купалы, Багдановіча i iншых, наадварот, бачыш, як яны адчуваюць і падкрэсліваюць абуджэнне годнасці ў народа.

Што заўважна найбольш: зварот у літаратуры да вобразаў прыроды. Наш этнас сфарміраваўся ў лясным рэгіёне, не на марах, як італьянцы, у якiх, дарэчы, ёсць шмат назваў вятроў, 8 асноўных, якiя складаюць ружу вятроў, але калi ўлiчваць рэгіянальныя, то і ўсе 20 будзе. У беларусаў такой градацыі няма, бо ў лесе, на раўнiне напрамак ветру няважны.

«Італьянцы не кажуць: мы нашчадкі Рымскай імперыі»: філолаг Ларыса Пуцылева – пра складанасці перакладу і сімвалы нацыянальнай ідэнтычнасці
Ларыса Пуцылева на першай прэзентацыі Анталогіі беларускай паэзіі ў Балонскім універсітэце. Фота: budzma.org

Адметнасці прыроды, дзе селіцца этнас, уплываюць не толькі на мову, але і на архетыпiчныя вобразы, якія пасля раскрываюцца ў нацыянальнай лiтаратуры. Для беларуса – гэта курганы, крыжы на дарогах, балоты (якiя не маюць такой негатыўнай канатацыi, як, напрыклад, у рускай традыцыi), балотныя цi лясныя насельнiкi i раслiны – бусел, лiлея, верас, чабор.

У беларускай паэзii сустракаецца вельмі шмат слоў пра зямлю, пра радзіму, пра зямлю-як-радзіму. Сучасныя iтальянцы не заўсёды разумеюць частыя звароты да радзімы, якая пакутуе, бядуе. Для iх гэта ўсё засталося ў эпосе Гарыбальдзi. У Еўропе сёння гэта не лічыцца дадатнай з’явай. Яны называюць яе sovranismo – «саўранізм».

– Як гэта перакладаецца?

– Ад слова sovrano – кіраўнік княства, дзяржавы. Безумоўна, для нацыі, якой больш не пагражае страта сваёй дзяржаўнасці, нацыянальныя ідэі, патрыятызм – рэчы неактуальныя.

Напрыклад, сучасная Італія позна стала адзінай дзяржавай – у 1861 годзе, аднак нават тады, калі яна была падзелена паміж рознымi краінамі, усе жыхары заўсёды ведалі, што яны італьянцы. Іх нацыянальную iдэнтычнасць даўно нiхто не аспрэчваў, яны размаўлялi i вучыліся на сваёй мове.

Аднак для тых народаў, якія адносна нядаўна вярнулi сваю дзяржаўнасць, гэта пытанне вельмі актуальнае. Я тлумачу італьянскім слухачам, што вобраз радзімы цэментуе нашу ідэнтычнасць, асабліва сёння, калі аспрэчваецца наша існаванне як нацыi.

Вітаўт па-савецку

У 2018 годзе на XVI Мiжнароднам кангрэсе славiстаў  ў Белградзе ў дакладзе пра пераклады «Песні пра зубра» Міколы Гусоўскага я параўноўвала  пераклады гэтай рэнесанснай паэмы з лацінскай мовы – адзiн на рускую мову i тры на беларускую: Язэпа Семяжона (1969), Уладзіміра Шатона (1991), Наталлі Арсенневай (пераклад 1978–1982 гадоў, надрукаваны ў 1997-м).  Першы пераклад на беларускую мову Семяжона адразу стаў кананiчным у Савецкай Беларусі, яго вывучаюць сёння ў школах. Параўноўваючы яго з пазнейшымi, вельмі цікава назіраць, якія ідэалагічныя ўстаноўкі былі закладзены ў гэты пераклад. Як па-рознаму ставіліся акцэнты.

– І якія ідэалагічныя нестыкоўкі вы заўважылі ў гэтых перакладах?

– Па-першае, у ацэнцы фігуры Вітаўта. Iх нямала. Семяжон уносiць сацыяльныя элементы ў духу сацрэалiзму, напрыклад, пры апiсаннi палявання, як i ў рускiм перакладзе, Вiтаўт паўстае жорсткiм. Прачытваецца яго асуджэнне, чаго няма ні ў арыгiнале, ні ў двух пазнейшых перакладах, дзе гаворка iдзе пра яго мужнасць.

Таксама ў перакладзе Семяжона аўтаiдэнтыфiкацыя аўтара паэмы i вызначэнне яго радзiмы не адпавядаюць арыгiналу. Перакладчык наблiзiў i аўтара, i лакацыю да Беларусi, дадаў беларускi патрыятызм. Але Гусоўскi ў 1517–1523 гадах адчуваў сябе лiтвiнам, а як палiтонiм – жыхар дзяржавы – ужываў слова паляк (polonus), што было непрымальна ў Савецкай Беларусi.

Час адкрыць для iтальянцаў беларускую культуру

– Літаральна нядаўна адбыўся кангрэс, прысвечаны стагоддзю Асацыяцыі славістаў Італіі, у Падуі –  у горадзе, дзе знаходзіцца памятная дошка, прысвечаная Францыску Скарыну. І там я слухала даклад італьянскага прафесара, якая гаварыла, што ў Iталii амаль няма беларусістыкі. Мне прыйшлося яе паправiць, што крыху беларусістыкі ёсць, а галоўнае, што прыйшоў час адкрыць для iтальянцаў беларускую культуру, як гэта паступова адбылося з украiнскай.

У акадэмічным асяродку няма такога курса «беларуская мова і літаратура», але ў сувязі з падзеямі 2020-га назва нашай краіны загучала вельмі моцна, таму што навіны з Беларусі паказвалі па тэлебачанні. І Рымскі ўніверсітэт, дзякуючы прафесару ўкраінскай мовы Аксане Пахлоўскай і рэдкалегіі аднаго са старэйшых італьянскіх часопісаў «Ricerche slavistiche» (славяністычныя даследаванні), свой выпуск 2021 года цалкам прысвяціў Беларусі. Ён называўся «Беларусь i Еўропа». У ім змясцілі шмат навуковых тэкстаў італьянскіх, беларускiх, украiнскiх і польскiх аўтараў.

Яны не краналі палітычныя падзеі, а аналiзавалi сучасныя сацыяльныя тэндэнцыi i змены ў свядомасцi беларусаў.

«Італьянцы не кажуць: мы нашчадкі Рымскай імперыі»: філолаг Ларыса Пуцылева – пра складанасці перакладу і сімвалы нацыянальнай ідэнтычнасці

«Італьянцы не кажуць: мы нашчадкі Рымскай імперыі»: філолаг Ларыса Пуцылева – пра складанасці перакладу і сімвалы нацыянальнай ідэнтычнасці
Акадэмічнае выданне «Ricerche slavistiche», прысвечанае Беларусі.

Напрыклад, у артыкуле Аксаны Пахлоўскай «Чаму трэба займацца беларусістыкай цяпер» даецца кароткі гістарычны нарыс, аўтарка згадвае і ВКЛ, і войны з Масковіяй. Яна зрабіла вялікi ўклад ў выданне гэтага зборніка. Даследчыца працуе ў Рымскім універсітэце Sapienza, а таксама піша вершы, яна – вядомая ўкраiнская паэтка.

Гэта выданне – важны крок наперад, каб наша краіна заставалася ў полі зроку. Я таксама спадзяюся зрабіць маленькі семінар, наколькі хопіць майго асабістага энтузіязму. 

Антычныя словы беларускай паэткі

– «Залатая сонца калясніца» – адкуль такая антычная назва для зборніка беларускіх вершаў?

– Мне пастаянна задаюць гэтае пытанне, бо і выява на вокладцы таксама ў антычным стылі. Мне здалося, што архетыпічныя сімвалы Беларусі – бусел, васілёк ці папараць-кветка – у мясцовым кантэксце не прачытаюцца.

І вокладка, і назва добра ўпісваюцца ў італьянскую традыцыю, а насамрэч «Залатая сонца калясніца» – гэта метафара з верша Ларысы Геніюш.

«Італьянцы не кажуць: мы нашчадкі Рымскай імперыі»: філолаг Ларыса Пуцылева – пра складанасці перакладу і сімвалы нацыянальнай ідэнтычнасці
Вокладка Анталогіі беларускай паэзіі «Il carro dorato del sole» («Залатая сонца калясніца»).

– Якая структура кнігі?

– Кніга змяшчае італьянскія пераклады дваццаці шасці беларускіх паэтаў, якія адносяцца да розных гістарычных перыядаў: ад нацыянальнага Адраджэння пачатку ХХ стагоддзя да сацрэалізму i аж да постмадэрнісцкага перыяду.

Ад Цёткi, Купалы, Коласа, Багдановіча да Андрэя Хадановіча і Дзмітрыя Плакса як тыповага прадстаўніка постмадэрнізму.

Для кожнага аўтара напісаны маленькi бiяграфiчны артыкул і дадзены два вершы па-беларуску i па-iтальянску, акрамя нашых класiкаў, мы пераклалi больш іх вершаў. Кажу «пераклалi», таму што я была не адна, а працавала група перакладчыкаў – беларусаў ды iтальянцаў.

Мой уступны артыкул называецца «Маладая літаратура старажытнага народа». Гэта цытата італьянскага прафесара Ло Гатто, такім чынам я звязваю гэта выданне з акадэмічным асяроддзем, яно распаўсюджваецца галоўным чынам праз універсітэцкія бібліятэкі.

Складанасці перакладу

– Ці складана перакладаць з беларускай мовы на італьянскую? Якія тут «падводныя камяні»?

– Так, граматычная структура італьянскай мовы больш складаная, чым беларускай.

Напрыклад, дзеясловы мінулага часу могуць складацца з двух слоў.  Артыклі злучаюцца з прыназоўнікамі, можа атрымацца два склады з пяцi літар (nella, dalla), пры гэтым падвойваюцца зычная «л». Таму радкі ў іх заўсёды даўжэйшыя.

Напрыклад, Алаіза Пашкевіч (Цётка) пісала свае вершы кароткім рытмічным радком, яны інтанацыйна вельмі актыўныя, іх вельмi цяжка перадаць па-iтальянску. Я спрачалася з калегамі-італьянцамі, што не магу пакінуць такія доўгія радкі, бо гэта будзе ўжо не яна.

Перад перакладчыкам заўсёды паўстае дылема: ці захаваць змест, ці рытм, эмоцыю.

«Італьянцы не кажуць: мы нашчадкі Рымскай імперыі»: філолаг Ларыса Пуцылева – пра складанасці перакладу і сімвалы нацыянальнай ідэнтычнасці
Старонка Анталогіі беларускай паэзіі «Il carro dorato del sole».

У артыкуле «Не пакiдайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлi. Пераклад паэтаў Адраджэння на iтальянскую мову» на XV Мiжнароднам кангрэсе славiстаў у Мінску ў 2013-м я параўноўвала пераклады верша «А хто там ідзе?» прафесара Дж. Месіна, які ён зрабіў у 1952 годзе ў сваёй манаграфii «Беларуская лiтаратура», пераклад А. Севярынi i мой. Прафесар Месіна не захаваў стыль, бо верш напісаны вельмі простай мовай, а ён выкарыстаў таксама словы высокага стылю і доўгія радкі, а Севярынi змянiў шмат слоў.

Акрамя таго, каб перакласцi ключавую фразу «Людзьмі звацца», яны выкарыставалi слова «uomo» – мужчына, чалавек («chiamarsi uomini»), аднак я вырашыла, што слова «persona» – чалавек, асоба («chiamarsi persone») – больш адпаведнае, таму што не мае гендарных адрозненняў і пазначае чалавека як асобу, iстоту i ўключае як мужчын, так i жанчын, дзяцей.

– Згадваючы вашы пошукі нацыянальнай ідэнтычнасці ў беларускай паэзii, можна здагадацца, што для вас вельмі важна захаваць нацыянальныя рысы і ў перакладах?

– Канечне, нацыянальная адметнасць праяўляецца ва ўсім, нават у асобных словах.

Да таго ж я даю шмат зносак, тлумачу як гістарычныя рэаліі, так і спецыфічныя паняцці. Што такое «ідэалы маладагвардзейцаў», «калгас»? Ці як патлумачыць іранiчны верш Андрэя Хадановіча «Беларускi мужчына»:

Яго дзед перажыў калгасы i мелiрацыю,

яго бацька – крызiс сярэдняга ўзросту i гiперiнфляцыю.

Яго дом перажыў рамонт.

Яго кот перажыў кастрацыю.

Італьянцам тут толькi пра ката зразумела. Яны не ведаюць пра трагедыю калгасаў, гвалтоўнасць меліярацыі, як i пра тое, колькi часу працягваюцца рамонты дамоў у гарадах…

Што да нюансаў перакладу… Уладзімір Дубоўка, паэт, што правёў у высылцы больш за 25 гадоў, напісаў верш «Беларусь – мая шыпшына!» А па-італьянску шыпшына –  «сабачая ружа». Я замяніла на «дзікую ружу».

– А якая кветка – сімвал Італіі?

– Няма такой, сярод раслін можна назваць аліўкавае дрэва – гэта сімвал даўгалецця і сілы.

– Вось у нас сілуэт краіны – зубр, а яны свой сілуэт боціка неяк абыгрываюць?

– Яны ставяцца да гэтага вельмі будзённа. Трэба зразумець, што ў іх зусім іншае стаўленне да сімвалаў адзінства. Калі ў 2011-м адзначалася 150-годдзе аб’яднання Італіі – круглая значная дата – колькасць сцягоў на вуліцах не павялічылася. Самы папулярны «патрыятычны» клiп з нагоды адзінства быў з футбалістамі і балельшчыкамі: яны збіраюцца разам, гучыць гімн.

Для гэтай нацыі не стаіць патрэбы дэманстраваць адзінства ці акцэнтавацца на сімвалах. Яны сваю нацыю не ўздымаюць на шчыт, як славянства на Усходзе. Італьянцы не кажуць: мы нашчадкі Рымскай імперыі. Гэта лічыцца непрыстойнымі паводзінамі, таму што iмперыялiзм – гэта кепска.

Дарэчы, тут па тэлебачанні паказалі перадваенную прамову Пуціна ў перакладзе, без скарачэнняў. І ўсіх гэта праняло. Усім стала зразумела, што ён прамаўляў пра генацыд.

Для нас усё яшчэ актуальна абараняць свае сімвалы і каштоўнасці, бо ёсць суседняя краіна, якая лічыць, што мы не існуем. Трэба ўсё рабіць дзеля ўмацавання беларускасцi, хоць нейкія маленькія крокі. Я правяла тры прэзентацыі Анталогіі беларускай паэзіі. Першая прайшла ў Балонскім універсітэце, потым – у Асацыяцыі аматараў паэзіі, туды прыйшло шмат людзей, задавалі пытанні.

Калі прадстаўляеш нашых паэтаў, нібы глядзіш на іх чужымі вачыма, і становіцца відавочна, наколькі трагічныя былі іх жыцці. Янка Купала вельмi дзіўна «ўпаў» у пралёт лесвіцы, нехта 25 гадоў быў у выгнанні, нехта скончыў жыццё самагубствам. Гэта прыцягвае ўвагу, даводзіцца тлумачыць. Аднак у 2021-м слухачы былі ўжо падрыхтаваныя, таму што беларускія падзеі 2020 года выклікалі тут моцны рэзананс.

– А цяпер што хвалюе грамадства?

– Цяпер вайна, але ў нас толькі на днях прайшлі выбары, з ліпеня ўсе толькі імі і занятыя. Я заўважыла, што гэта былі першыя выбары, калі знешняя палітыка хоць неяк паўплывала на вынік. Еўрапейцы наогул больш цiкавяцца сваiмi навiнамi. 90 адсоткаў тутэйшых тэленавін ­– пра ўнутраныя справы, некалькi слоў пра Украіну, а ў канцы могуць даць «чорную» хроніку. Таму сумна i часам смешна слухаць прапаганду, што вайну i наогул усё i ўсюды арганiзуе «Захад». Захад у двукоссi таму, што не iснуе Захаду, а iснуюць вельмi розныя краiны, i кожная прымае свае рашэннi сама.

– Дарэчы, пра выбары… Усё сапраўды так небяспечна?

– У Iталii перамагло аб’яднанне правацэнтрысцкiх партый, iх было тры, больш за ўсiх набрала Джорджа Мелоні з кансерватыўнай партыi. Аднак яе заявы, у адрозненне ад прадстаўнікоў двух іншых правых партый, абнадзейваюць. Яна сказала, што будзе працягваць ранейшы курс былога прэм’ера ў знешняй палітыцы. Яна пераканальна падтрымала непрызнанне анексii акупаваных Расіяй тэрыторый. А што будзе далей – пажывём пабачым.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: