Беларускі ПЭН падрыхтаваў даследаванне, прысвечанае моўнай дыскрымінацыі

Культура
Фота: penbelarus.org

Даследаванне Беларускага ПЭНа «Беларуская мова ў перыяд грамадска-палітычнага крызісу: праявы моўнай дыскрымінацыі» прысвечана аналізу сітуацыі з заканадаўчым рэгуляваннем правоў носьбітаў беларускай мовы ў апошнія дзесяцігоддзі.

Нягледзячы на тое, што беларуская – адна з дзвюх дзяржаўных моў і мова тытульнай нацыі, яе носьбіты рэгулярна зазнаюць дыскрымінацыю, а часам і небяспеку. Аднак у апошнія гады многія грамадзяне Беларусі пераасэнсоўваюць уласную ідэнтычнасць, шукаюць і адстойваюць шляхі сцвярджэння сваёй беларускай прыналежнасці.

Заканадаўчыя акты

У даследаванні зроблены аналіз моўнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь.  У 1990 годзе быў прыняты закон «Аб мовах у Беларускай ССР», беларуская была прызнана адзінай дзяржаўнай мовай у рэспубліцы. Увосень 1990 года была прынята Дзяржаўная праграма развіцця беларускай мовы. Замацавала статус беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай і Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 года, руская ж мова вызначалася ў гэтым дакуменце як «мова міжнацыянальных зносін».

Пасля рэферэндума 1995 года рускай мове канстытуцыйна быў нададзены статус другой дзяржаўнай, у 1998 годзе рэдакцыя закона «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь» легітымізавала беларуска-рускае двухмоўе ў дзяржаўнай і грамадскай сферах.

У 1998 годзе закон «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь» быў адрэдагаваны. У фармулёўкі дадалі злучнік або, што ўзмацніла практыку ігнаравання і парушэння правоў беларускамоўных асоб: Акты дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь прымаюцца і публікуюцца на беларускай і (або) рускай мовах… На транспарце, у гандлі, у сферы медыцынскага і бытавога абслугоўвання ўжываецца беларуская або руская мова… У Рэспубліцы Беларусь навучанне і выхаванне ў дашкольных і сацыяльна-педагагічных установах ажыццяўляюцца на беларускай і (або) рускай мовах…

Такім чынам, пазначаецца ў даследаванні: «На практыцы азначаныя фармулёўкі часцей за ўсё інтэрпрэтуюцца як дазвол афіцыйным інстанцыям і службовым асобам Рэспублікі Беларусь карыстаць толькі рускую мову, безадносна запытаў насельніцтва. Гэтая практыка супярэчыць як ужо згаданым базавым артыкулам 2 і 4 закона «Аб мовах», так і нормам такіх глабальных праваабарончых дакументаў, як Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека, зацверджаная і абвешчаная ў 1948 годзе Генеральнай асамблеяй ААН, або Усеагульная дэкларацыя лінгвістычных правоў, распрацаваная і прынятая ўстановамі і няўрадавымі арганізацыямі на спецыяльнай сустрэчы ў Барселоне 6–9 чэрвеня 1996 года».

Вынікі дыскрымінацыі паводле статыстычных даных

З публікацыі вынікаў перапісу-2019 відаць, што доля беларусаў, якія лічаць беларускую мову роднай, зменшылася за перыяд 1999–2019 гг. з 86% да 61% (мінус 2 145 552 асоб). Доля беларусаў, якія размаўляюць дома па-беларуску, зменшылася за гэтыя два дзесяцігоддзі з 41% да 28%.

Доля вучняў, якія вучацца па-беларуску ў дзённых установах агульнай сярэдняй адукацыі, зменшылася за гэтыя 15 гадоў з 23% да 10,7%.

За 2005–2021 гг. колькасць беларускамоўных выданняў у бібліятэчных фондах краіны зменшылася з 13 749,2 да 9 394,7 тыс. экзэмпляраў. Пры гэтым значная частка беларускамоўных выданняў захоўваецца ў фондзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, там дынаміка якраз станоўчая: колькасць дакументаў па-беларуску павялічылася з 253,7 да 378,8 тыс. экзэмпляраў за акрэслены перыяд.

За 1990–2020 гг. гадавы тыраж часопісаў па-беларуску зменшыўся з 33,3 млн да 1 млн экзэмпляраў, гадавы тыраж часопісаў па-беларуску – з 312 да 39,6 млн экзэмпляраў.

За 1990–2020 гг. гадавы тыраж кніг і брашур па-беларуску зменшыўся з 9,3 да 3,1 млн экзэмпляраў.

У 2011 г. беларускамоўнае вяшчанне на тэлеканалах «дзяржаўнага пакета» Рэспублікі Беларусь займала 626 гадзін эфірнага часу (пры 35 302 рускамоўных гадзінах).

***

Штодзённыя праявы моўнай дыскрымінацыі

У гэтым раздзеле аналізуюцца зафіксаваныя факты (у прэсе, на сайтах прафесійных медыярэсурсаў і на прыватных старонках у сацыяльных сетках).

Адукацыя

Са сведчання Беларускага Хельсінскага Камітэта (БХК), за 1994–1998 гг. у Беларусі было зачынена каля 500 беларускіх школ, у Мінску не засталося ніводнай беларускай школы, у Гродне – адна, у Магілеве ў 1997/1998 навучальным годзе зусім не было набору ў беларускія класы.

У 2020–2022 гг. сітуацыя працягвае пагаршацца: універсітэту імя Ніла Гілевіча (установе, што мелася быць адзінай беларускамоўнай ВНУ) давялося спыніць працэс атрымання ліцэнзіі Міністэрства адукацыі. У Гомелі – абласным цэнтры – няма ніводнай адукацыйнай установы з беларускай мовай выхавання або навучання. Масава закрываюцца вясковыя школы з беларускай моваю навучання, якія часта з’яўляюцца мясцовымі культурнымі асяродкамі: напрыклад, з закрыццём беларускай школы ў вёсцы Смольгава страціў дах адзіны ў краіне музей Уладзіслава Сыракомлі.

Культура

У 1998 годзе ў заяве БХК адзначалася, што дзяржаўныя выдавецтвы не друкуюць твораў Васіля Быкава, са школьнай праграмы выкрэсліваюць творы вядомых пісьменніц Наталлі Арсенневай і Ларысы Геніюш, мясцовыя ўлады адмаўляюцца даваць пляцоўкі і залы для музычных канцэртаў і імпрэз на беларускай мове.

У 2022 годзе ў Беларусі з 29 прафесійных тэатраў па-беларуску працуюць усяго 6. Адзін з іх – Тэатр юнага гледача – пачаў ставіць спектаклі па-руску, у тым ліку і паводле твора Васіля Быкава. У Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў 2021 годзе не працягнулі працоўны кантракт культурнай дзяячцы Ларысе Сімаковіч, з яе словаў, «на сённяшні дзень там не засталося ніводнага чалавека, які б валодаў у той меры беларускай мовай, як валодаю я». Нацыянальнае агенцтва па турызме здымае відэаролікі, арыентаваныя на беларускага гледача, па-руску і па-англійску, беларускай версіі відэа не мае.

Радыё і тэлебачанне

У 1998 годзе ў заяве БХК адзначалася, што пасля закрыцця беларускамоўнай радыёстанцыі «Радыё-101,2» не засталося ніводнага беларускамоўнага незалежнага радыёканала. У 2011 годзе беларускамоўнае вяшчанне на тэлеканалах «дзяржаўнага пакета» Рэспублікі Беларусь займала 626 гадзін эфірнага часу пры 35 302 рускамоўных гадзінах (то-бок 1,7% эфірнага часу).

Помнікі і мясціны памяці

Беларуская мова рэгулярна выцясняецца дзяржаваю з месцаў памяці і памятных аб’ектаў, нават у Мінску аб’екты, прысвечаныя Году гістарычнай памяці, падпісалі выключна па-руску.

Тавары і паслугі

Мова рэкламы, шыльдаў і вулічных надпісаў – пераважна руская, гэтак жа як мова этыкетак на таварах. Свае адмовы ўвесці двухмоўе вытворцы тлумачаць невялікім памерам этыкетак, арыентаванасцю на замежны рынак, меркаваным павелічэннем сабекошту прадукцыі пры змене дызайну.

Нарматыўныя прававыя акты, дакументацыя

Станам на 10 верасня 2021 года даведачная база даных змяшчала 195 130 нарматыўных прававых актаў, з якіх 2729 прыняты і/ці выдадзены на беларускай мове, гэта значыць 1,4% – яшчэ ў 2014 годзе іх было 3,1%.

Следчыя дзеянні і судаводства

Хоць бываюць і выключэнні, у большасці выпадкаў у судах адмаўляюць заяўнікам у беларускамоўным вядзенні.

Рэпрэсіі, сутыкненні з карнымі органамі, фізічны гвалт

Яшчэ ў 1998 годзе БХК заяўляў пра выпадкі затрымання і збіцця супрацоўнікамі сілавых структур людзей, якія гаварылі на вуліцы па-беларуску.

На жаль, сённяшняя шматлікія факты не менш трывожныя. Так, пасля масавых затрыманняў у 2020 годзе былі сведчанні, што затрыманых пазначалі фарбаю, каб пасля збіваць з асаблівай жорсткасцю, а таксама забаранялі размаўляць на беларускай мове, ужываючы гвалт.

***

Беларускі ПЭН звяртае ўвагу, што «змяншэнне колькасці носьбітаў мовы тытульнай нацыі ні ў якім разе не можа характарызавацца як натуральны працэс і безумоўна ёсць наступствам і сведчаннем паслядоўнай прымусовай русіфікацыі з боку дзяржавы».

«Беларуская мова застаецца пад пагрозай знікнення, а яе носьбіты і актывісты зазнаюць сур’ёзную перашкоду, а часам і небяспеку. На нашую думку, надзвычай важна збіраць і агучваць выпадкі як моўнай дыскрымінацыі, так і плённых спробаў яе пераадолення», – паведамляе Беларускі ПЭН.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: