Марыя Алена Банэ жыве ў Гданьску і фатаграфуе мора.
У пачатку гэтага года ў варшаўскім Цэнтры сучаснага мастацтва «Уяздоўскі замак» яна паказала свой папярэдні праект «Мая рака», над якім працавала больш за два гады.
Ён уключае тры фотасерыі – «Выток», «Рэчышча» і «Вусце» – і апавядае пра раку як пра плынь жыцця і медыум для сувязі з родам.
Аднак распачалі мы гутарку не з мастацтва, а з тэмы мастакоўскай салідарнасці – вечнага сюжэту ва ўмовах таталітарызму і эміграцыі.
У сярэдзіне лета 2020 года Марыя зняла свае працы з Трыенале сучаснага мастацтва ў Мінску – у знак пратэсту супраць выключэння твора іншага аўтара. І апынулася ў адзіноце…
Чым яна кіравалася, чаму для творчасці патрэбна ўнутраная свабода і як злучыць у адну гісторыю разарваныя лёсы свайго роду – пра ўсё гэта мы паразмаўлялі ў яе гданьскай майстэрні.
Салідарнасць
– Марыя, што вы адчулі, калі падчас Трыенале сучаснага мастацтва праявілі салідарнасць і апынуліся ў адзіноце?
– Калі я здымала свой праект з выставы, чамусьці была ўпэўнена, што гэта дзеянне стане штуршком для іншых, выкліча хвалю салідарнасці. Што было б лагічна і нармальна, бо мастакі – не дзяржслужачыя, не рабочыя, не настаўнікі, гэта людзі, якія маюць здольнасць і спосабы выказвацца. Аднак не думала пра тое, ці застануся адна ў сваім рашэнні, бо разумела, што ў дадзенай сітуацыі я проста не магу паступіць інакш – бо страчу сябе… Гэтая адзінота мяне па-сапраўднаму пужае.
Пасля, калі я стала аналізаваць, чаму я была адна, зразумела, што арганізавала сваё жыццё такім чынам, каб ні ад каго не залежыць. Таму, напэўна, мне было прасцей. Але на самой справе гэта непераканаўчы спосаб патлумачыць для самой сабе такі ход рэчаў у той час. Чалавек, салідарнасць з якім я праявіла, быў здзіўлены маім учынкам, ён не чакаў яго. Бо мастакі ў Беларусі вельмі залежныя ад дзяржавы, напрыклад, у пытаннях майстэрні, заказаў. Я гэтага не ведала. Для мяне адкрылася новая карціна рэальнасці, аднак я дагэтуль шчыра не разумею, як мастакі пагаджаюцца на гэтыя разбуральныя для сваёй творчасці адносіны і ўмовы.
Ва ўнутраным «супе» творчай тусоўкі Беларусі я зусім не разбіралася. Сёння, калі прайшло два гады, магу сказаць, што я была наіўным дзіцём, настолькі мне ўсё здавалася гранічна простым і лагічным. Калі я згадваю той дзень, то разумею, што я ніколі б не змагла глядзець у вочы ўласнай душы, калі б засталася на тых умовах. Нават не ведаю, як бы магла займацца творчасцю, бо шчырасць і праўдзівасць – гэта аснова мастацтва.
Людзям у сістэме складана захоўваць яснасць успрымання рэчаіснасці, дзесяцігоддзямі ламалі іх спосаб мышлення, працуе машына расчалавечвання. Для мяне мастак – гэта той чалавек, які робіцца голасам супраціўлення. Мастацтва спрыяе таму, каб чалавек убачыў сябе ў іншым праяўленні, зазірнуў углыб уласных сэнсаў. З гэтага пункту гледжання, на тым трыенале мне было лёгка зрабіць выбар. Я заўсёды за стварэнне, а не за разбурэнне, аднак у тым выпадку маё бяздзеянне было б разбурэннем. Для мяне гэты выбар – пра здольнасць быць жывым.
Што датычыцца іншых удзельнікаў – у кожнага з іх свая жыццёвая сітуацыя і свой погляд на мастацтва. І так, гэта тэма для разважанняў: нават той чалавек, які разумее, што шчасце – гэта не камфорт, усё роўна яго выбірае.
Рака
– Над праектам «Мая рака» вы працавалі некалькі гадоў… Што сталася пачаткам, той кропкай, з якой раскручваліся гэтыя серыі, – рака ці старая фатаграфія?
– У пачатку была рака… Бо я з ранняга ўзросту стала задумвацца над тым, што для мяне Беларусь. У сваёй бабулі пыталася, чым займаліся дзяды і прадзеды, аднак яна нават пра свайго бацьку нічога не магла расказаць. Пыталася ў мамы, у дзядулі – ніхто мне не тлумачыў, хто мы і адкуль мы. Як сябе ідэнтыфікаваць, на што абапірацца – усё было няпэўным, а мне важна было ўмацавацца.
Немагчымасць адчування сваёй зямлі, верагодна, і паўплывала на тое, што я стала мастаком, бо мастацтва – гэта стварэнне сваёй рэальнасці.
І з пытаннямі сваёй ідэнтычнасці можна было разабрацца толькі праз творчасць.
Я вырашыла аб’яднаць гісторыі родных праз вобраз ракі. Усё ж удалося высветліць у сваёй стрыечнай бабулі, што шэсць пакаленняў маёй сям’і жыло на рацэ. Рака была ключавая ў іх жыцці, яна фарміравала гэтых людзей.
Я і сама гэта бачыла, бо калі нехта з маіх блізкіх прыязджаў у родавы дом, які стаіць на рацэ, то не заходзячы ў хату, нават не адчыняючы дзверы, ён ішоў вітацца з Нёманам. І толькі потым вяртаўся да дому, адчыняў дзверы, зацягваў унутр сумкі…
З пачаткам працы над праектам на паверхню выйшлі мае ўспаміны з дзяцінства, я стала разумець, чаму на рацэ мне было добра, чаму гэта найлепшае месца на зямлі.
Так прыйшла да пачуцця ўласнага дому: я нібы адчула сябе ў гэтай рацэ, адначасна ў самым пачатку і ў самым канцы. Такое пачуццё бясчасся – нібы на аркушы паперы праведзена лінія, і ты адчуваеш гэту паперу цалкам – як Бога, а лінія – гэта тваё жыццё.
Рака ўплывала на кожнага – на радню, на дзеда, які быў містыкам і мог размаўляць з дрэвамі. І я зразумела, што дзякуючы гэтай стыхіі ў нашай сям’і, незалежна ад таго, як змяняліся палітычныя ўмовы, захавалася ядро свабоды.
Рака – нібы мой унутраны праваднік, яна заўсёды кліча: устань і ідзі.
І калі было адкрыццё той выставы, трыенале сучаснага мастацтва, я ж зняла якраз «Маю раку», якая менавіта пра тое: устань і ідзі. Немагчыма заставацца на месцы, калі адбываецца гвалт, несправядлівасць, гэта немагчыма ігнараваць.
Унутры мяне ёсць адчуванне крыніцы, чыстай вады, як памяць пра ісціну, кірунак: мы ідзём да вусця з памяццю крыніцы. І з гэтай памяццю крыніцы чалавек падыходзіць да разумення сваёй унутранай свабоды, з якой ён насамрэч нараджаецца.
– У праекта тры серыі – «Выток», «Рэчышча» і «Вусце». Раскажыце пра вусце – куды цячэ гэтая рака? Чым заканчваецца нашае жыццё, – вы спрабуеце адказаць на гэтае пытанне? Ці там глыбей?
– Не, чым заканчваецца нашае жыццё – гэта было б занадта проста. Мы закліканы атрымаць свабоду менавіта цяпер, пакуль мы жывыя, а не думаць пра тое, што з намі будзе пасля смерці. Важна навучыцца быць жывымі.
«Вусце» – гэта пошук страчанага раю, які на зямлі існуе.
У гэтай серыі ёсць выява чатырохлісніка. Паводле паданняў, Ева ўзяла з забой чатырохліснік на памяць пра страчаны рай. І гэты рай – і ёсць тая свабода, да якой чалавек імкнецца, гэта вусце. Праходзячы ў сабе эвалюцыйны шлях ракі, можна знайсці ў сабе рай і жыць у ім, або гэты рай культываваць кожны дзень у сваім жыцці, вырошчваць сад.
Таксама ў гэтай серыі ёсць фотаздымак з ракой людзей падчас аднаго з мітынгаў 2020 года, калі ўсе запалілі ліхтарыкі – трымалі агні ў руках. Гэта адбывалася сярод моцнай цемры, сярод жорсткасці і гвалту.
Аднак рэвалюцыя – толькі адзін са шляхоў адкрыцця ўнутраных арыенціраў, гэта можа быць і вайна. Прыгажосць можна адкрыць і праз рану, і праз мастацтва. То бок рака – не проста цячэнне, гэта цяжкі, поўны завіхрэнняў шлях, які з храбрым сэрцам трэба пражыць да самага вусця.
Наступная частка праекту – «Выток» – звязана з вельмі канкрэтнай гісторыяй. Серыя нарадзілася ў 2020 годзе, пасля жніўня, я зрабіла работы ў верасні, супаставіўшы рэчы, якія адбываліся 10 гадоў таму.
Тады, 10 гадоў таму, я прыехала ў сваю вёску і ўбачыла, што на лузе каля ракі шэрагамі ляжаць дрэвы. Я была ў шоку, бо гэта дрэвы з майго дзяцінства, іх выкарчавалі незразумела чаму, бо дасюль на гэтым полі нічога не пасаджана. Гэта гісторыя адсылае да старажытных міфаў, у якіх зло распачынае свой шлях са знішчэння дрэваў.
Я сфатаграфавала кожнае дрэва. І ў мяне з’явіліся асацыяцыі з родам, які знішчаўся. Хоць і вельмі неахвотна, але мне ўсё ж расказалі родзічы пра трагічныя падзеі ў сям’і. Ім давялося пераадолець назапашаны пакаленнямі страх, бо тыя, каго не выслалі, заставаліся на сваёй зямлі і назаўсёды замаўкалі.
Таму гэтыя дрэвы нагадалі мне беларусаў, людзей нашай зямлі.
Там была выкарчаваная вішня ў квецені, у ёй я пазнала сябе. Я і ёсць гэтым дрэвам, якое працягвае цвісці нават з вырванымі каранямі. Атрымлівалася, што гэтыя карані бяруць сваю сілу з неба. Так з’явіўся вобраз беларусаў – іх знішчалі і не змаглі знішчыць, бо ёсць неба, якое сілкуе іх.
Тады, 10 гадоў таму, я сфатаграфавала вырваныя з каранямі дрэвы, а ў 2020 годзе, пасля таго страшнага гвалту, мне прыйшла ідэя супаставіць гэтыя дрэвы са здымкамі сваіх родных, калі яны былі маленькімі дзецьмі, – і ўсё сышлося. На фатаграфіях дрэва, падобнае да чалавека, а побач – дзіця. Праз гэтыя работы я спаталяла боль. Мне стала лягчэй, калі я завяршыла серыю.
Бо нягледзячы на тое, што ў ёй шмат болю і крыві, там мора надзеі: побач са знішчаным дрэвам стаіць жывы чалавек, які ніколі не закончыцца. Мне казалі, што людзі тут падобныя да прывідаў. Зусім не, бо нават пад выкарчаванымі дрэвамі застаецца насенне – таму нічога не заканчваецца.
– То-бок выток, пачатак – у вас даволі трагічны, гэта вобраз дрэў, вырваных з каранямі…
– Так, пачатак – гэта рана, калі ідзеш углыб раны, можна прыйсці да свабоды. Напэўна, гэта галоўны тэзіс.
– «Рэчышча» – трэцяя серыя гэтага праекта, цэнтральная. Мы чамусьці пачалі іх абмяркоўваць зігзагам, парушыўшы выток і вусце…
– Нічога страшнага, гэтыя серыі можна разглядаць у любой паслядоўнасці. Галоўная работа серыі «Рэчышча» – мантаж двух партрэтаў – майго і прадзеда ў польскім мундзіры. Менавіта з гэтай работы ўзнік той стан, у якім я змагла зрабіць праект. Усё ж няпроста працаваць з мёртвымі і знаходзіцца ў стане памежжа. Хоць тут, у Польшчы, я адчуваю, што тэма пераходу стала цалкам маёй. Дык вось, з гэтай фатаграфіі я ўвайшла ў стан працы з часам. Мантуючы старыя здымкі з сучаснымі, я ясна разумела, што сваім жыццём, тым, што я раблю цяпер, я магу ўплываць на тое, што было з маімі продкамі ў мінулым. Гэта гучыць дзіўна, аднак у мастацтве ўсё магчыма, у ім ёсць містычная сіла. Таму праект стаў развівацца нібы сам па сабе, работы сталі нараджацца такімі, якім яны павінны былі нарадзіцца. Усё ішло з інтуіцыі, тут мала разважанняў і разумовых разлікаў.
«Рэчышча» – пра ўплыў нашага жыцця на мінулае і будучыню, пра важнасць падтрымання кантакту з сям’ёй, са сваім родам. І гэта сувязь адкрывае нам саміх сябе, становіцца прасцей жыць, калі ты разумееш, адкуль ты і хто ты. Таму сваю раку я ўспрымаю не проста як стыхію, а як веру. Гэта вера можа быць як хрысціянская, так і паганская. Яна тое, за чым чалавек ідзе, каб не трапіць пад уплыў разбуральных палітычных ідэалогій.
Я старалася адчуць энергію маіх бабулі і дзядулі, якім такім чынам выказваю ўдзячнасць, бо яны праз чысціню ракі і лесу захоўвалі чысціню розуму і перадалі яе мне. Таму я зрабіла работу з сузор’ем на твары майго дзеда – гэта апорныя кропкі сілы. Ён навучыў мяне таму, што ў вельмі цяжкіх умовах у чалавека адкрываецца кантакт з сабой праз прыроду.
Таксама ў «Рэчышчы» ёсць крыху гістарычных рэалій: мой прадзед у польскім мундзіры, традыцыйнае пахаванне маладых жанчын, якія патанулі ў Нёмане, у шлюбных строях, рэвальвер на дне ракі, дакладна той, якім НКУС карыстаўся для масавых расстрэлаў. То-бок гэта ўсё таксама частка ракі, частка нашага шляху.
– У «Замку Уяздзоўскім» праект загучаў зусім па-іншаму…
– Я была здзіўлена тым фактам, што цікавасць да праекта была большай у Польшчы, чым у Беларусі. Высветлілася, што гэта тэма тычыцца кожнага. Як я казала, мастацтва мае здольнасць адкрываць у чалавека тое, чаго ён раней у сабе не бачыў. «Мая рака» падымала ў кожнага ў душы нешта асабістае і важнае. Да таго ж палякі таксама праходзілі гэты шлях – разрухі і станаўлення… Плюс Нёман, Навагрудчына, Адам Міцкевіч, Ян Булгак…
– Настальгічныя настроі?
– Магчыма, але куратарка Крыстына Ута Ружанска Гаргалеўска адзначала, што мой праект – пра чыстае імкненне да свабоды і пра яднанне часоў. Гледача вабіла і гістарычная тэхніка выканання здымкаў, і спалучэнне іх з новымі тэхналогіямі – я паказала два фільмы. Шанаванне продкаў – важная тэма для Польшчы. Праект утвараў вялікі візуальны эфект, яго не трэба тлумачыць, бо ён як паэзія – пранікае ў душу без аналізу. Ці як прырода…
Фатаграфія
– Моцнаму візуальнаму эфекту ад праекта вельмі паспрыяла тэхніка друку – цыянатыпія…
– Так, гэта мой першы праект, які я зрабіла ў тэхніцы цыянатыпіі. Гэта ручная работа, а мне важна ствараць свае працы рукамі. Таксама такая тэхніка дае патрэбны сіні колер.
– Якія тут сакрэты?
– З альтэрнатыўных тэхнік друку фатаграфій цыянатыпія самая простая – усяго два хімічныя рэактывы – чырвоная крывяная соль і жалеза. Два гэтыя растворы змешваюцца да святлоадчувальнай эмульсіі. Гэтай эмульсіяй пакрываецца акварэльная папера, аднак паверхня можа быць любая – тканіна, шкло, дрэва. Пасля зверху кладзецца негатыў ці прадмет (у выпадку фатаграмы – прамой праекцыі прадмета) і пасля экспануецца ультрафіялетам, можна лямпай ці нават сонца падыдзе. Потым выява праяўляецца ў вадзе – і ўсе.
– Вас вабяць акварэльныя эфекты і колер?
– Так, колер вельмі важны. У «Замку Уяздоўскім» мне далі магчымасці, пра якія я нават не марыла.
Перад гэтым праект выстаўляўся ў Францыі – заняў 1 месца на Месяцы фатаграфіі, але нават там не было такіх фантастычных умоў. Зала была вялікая, я змагла паказаць усе свае працы, былі перафарбаваны столь, сцены і падлога ў колер, які я выбрала – глыбокі сіні, а падлога была афарбавана такім чынам, што ў ёй адбіваліся работы і здавалася, што глядач ходзіць па вадзе. Цэнтр пакрыў усе выдаткі, я вельмі ўражана іх прафесійнасцю: нічога падобнага я нідзе не бачыла.
– У вас тут у Гданьску цудоўная прасторная майстэрня… Атрымліваецца зарабляць творчай працай?
– Пакуль так, атрымліваецца. Яшчэ калі жыла ў Беларусі, то супрацоўнічала з парыжскай галерэяй, цяпер жыву ў Польшчы – і супрацоўнічаю з мадрыдскай. З наступленнем вайны менш сталі набываць работ, але людзі ўсё яшчэ цікавяцца мастацтвам.
Мора
– У Гданьску вы распачалі новы праект «Заручыны з Морам», у рамках стыпендыяльнай праграмы міністра культуры Польшчы Gaude Polonia. Раскажыце пра што ён, чым натхняліся?
– Ідэя нарадзілася менавіта ў Гданьску, калі я першы раз сюды выпадкова прыехала, за паўтары гады да стыпендыі, падчас сваёй творчай вандроўкі па рацэ маіх продкаў. Кіравалася менавіта фатаграфіяй з прадзедам, на абароце якой было слова – Gdańsk. Сувязь маёй асабістай сямейнай гісторыі з гісторыяй Польшчы адкрыла мне тады і новыя працы для «Ракі» і жаданне стварыць гісторыю ўпадзення ракі ў мора – здабыванне свабоды. То-бок «Заручыны з Морам» – гэта пра тое, што за вусцем. Пра метафарычнае прачытанне тэмы здабыцця свабоды праз выяўленне сімвалізму ў прыродзе, філасофіі, рэлігіі і гісторыі. Але ўсе праз прызму асабістага вопыту.
…Наконт натхнення – я дакладна ведаю, што рабіць гэтую творчую, а хутчэй за ўсе – духоўную працу, я змагла б толькі тут. Кірункі развіцця праекта звязаны з кантэкстам Балтыйскага ўзбярэжжа і самога горада. Гданьск поўны знакаў свабоды, гісторыя сфармавала яго як самастойны, шматаблічны сімвал свабоды. І ён расказвае мне сваю гісторыю таксама праз свае раны. Падрабязнасці апісваць не буду, бо я не люблю расказваць пра тое, што яшчэ не нарадзілася, але па нейкім сімвалам можна прайсціся…
Сімвал пярсцёнка – саюза, шлюбу і сыходу, сімвал цыклічнасці, цыркуляцыі аднаўлення праз боль і смерць – і нават пякельнага кола. Гэты пярсцёнак мае сваю канкрэтную прывязку ў гісторыі: польскі генерал Юзаф Халер у 1920 годзе кідае ў Балтыйскае мора адзін з двух плацінавых пярсцёнкаў, перададзеных яму польскімі жыхарамі Гданьска, такім чынам пазначаючы аднаўленне доступу Польшчы да Балтыйскага мора. Гэты акт так і называўся «Заручыны з морам», адсюль і назва майго праекта, які перарастае ў значна шырэйшую канцэпцыю свабоды.
На мой праект уплывае і гісторыя «Салідарнасьці»: польскі вызваленчы рух нарадзіўся на верфі, менавіта там, дзе будуюцца караблі – таксама сімвалы свабоды.
Хельская каса дае мне неверагоднае натхненне, тут я знаходжу прытулак і крыху набліжаюся да адказу на свае пытанні – на інтуітыўным узроўні. Прыходжу да таго, што свабода – гэта і ёсць творчасць і не толькі мастацкая. Свабода – гэта сама магчымасць тварыць.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: