«Мы былі сярод першых, хто меў крымінальную справу за мастацтва»: сям’я беларусаў пераехала ў Вільню і запланавала перадрукаваць «Малую падарожную кніжку» Скарыны

Святлана Петушкова і Андрэй Шапораў – мастачка-графік і дызайнер, якія былі вымушаны пакінуць Беларусь яшчэ ў 2020 годзе. Яны пераехалі ў Вільню, дзе ў супрацоўніцтве з літоўскім Музеем энергетыкі і тэхнікі ўзнавілі стары друкарскі станок Іагана Гутэнберга 1480 года. Такога кшталту станок выкарыстоўваў і Францыск Скарына.

У 1520 годзе Скарына пераехаў у Вільню і праз два гады выдаў «Малую падарожную кніжку», такім чынам распачаўшы гісторыю друку на тэрыторыі ВКЛ. Гэта такі старажытны покет-бук, маленькага фармату малітоўнік для свецкіх людзей са звесткамі з астраноміі і грамадзянскага календара і пасляслоўем. Беларускія мастакі вырашылі ўзнавіць гэта выданне на сваім станку.

Reform.by пагутарыў са Святланай Петушковай пра гісторыю іх праекта, закранулі і тэму эміграцыі.

У 2019 годзе Святлана і Андрэй заснавалі ў Мінску «Дом графікі» – літаграфскую майстэрню і каворкінг для мастакоў.

Пасля выбараў 2020 года ў Беларусі Андрэй Шапораў пачаў цыкл работ «Пяць этапаў жалобы па рэжыме Аляксандра Лукашэнкі». Ён паспеў скончыць дзве, калі яго прыцягнулі да крымінальнай адказнасці за абразу прадстаўнiка ўлады праз публікацыю ў сацыяльных сетках сваiх іранічных твораў мастацтва.

Сям’я з’ехала ў Вільню і неўзабаве арганізавала выставу ў Лукішскай турме.

«Як мага менш сучасных матэрыялаў»

Святлана, як тэхнічна адбывалася ўзнаўленне першага друкарскага станка?

– Захавалася не так шмат дакладных прыкладаў, як выглядалі друкарскія станкі, амаль усе з iх былi разбураны або згарэлі ў пажарах. Самы старажытны арыгiнальны прэс падобнай канструкцыi, якi захаваycя у свеце, – пачатку 1700-х гадоў. Адзiным сродкам iнфармацыi для нас былi старажытныя гравюры.

Муж зрабіў паводле іх у праграме Fusion360 мадэль гэтага станка, пратэставаў яго працу на камп’ютары. Пасля мы знайшлі дрэваапрацоўчую майстэрню, якая вырабiла ўсе дэталі. Мы задумвалі зрабіць яго максімальна гістарычна дакладным і прасілі выкарыстоўваць як мага менш сучасных матэрыялаў. Там нават цвікі каваныя.

Падчас майстар-класу Святланы Петушковай і Андрэя Шапорава ў літоўскім Музеі энергетыкі і тэхнікі (Energetikos ir technikos muziejus). На першы плане — друкарскі станок. Фота: facebook.com/emuziejus.

Дэталі станка нам вытачылі, а збіралі яго мы ўжо самі, настройвалі яго працу таксама ў музеі.

Фінансавала нас Міністэрства культуры Літвы, а на грант падаваўся Музей энергетыкі і тэхнікі. Яны былі зацікаўлены, каб у іх у калекцыі з’явіўся новы экспанат.

Сам музей знаходзіцца ў будынку старой электрастанцыі, а экспанаты падабраны такім чынам, каб паказаць развіццё тэхнічнага прагрэсу. У іх ёсць асобнае памяшканне, прысвечанае гісторыі кнігадрукавання. Там размешчаны друкарскія станкі.

«Станок зрабілі за тры тыдні»

Як вы прышлі да ідэі ўзнавіць станок, на якім працаваў Скарына?

– Ды адразу ж! Мы ж графікі, у нас у Беларусі была друкарская майстэрня. Першае, што мы задумалі зрабіць, калі прыехалі сюды, таксама адкрыць такую майстэрню. Аднак сродкаў на гэта не было. Тады мы пазнаёміліся з дырэктарам Музея энергетыкі і тэхнікі, сталі абмяркоўваць магчымыя сумесныя праекты. Якраз планаваўся год Скарыны, і мы пайшлі гэтым шляхам. Падаліся на грант праз музей.

Падаліся ў мінулым годзе, у лістападзе, атрымалі фінансаванне ў пачатку снежня 2021-га. Таму мы станок зрабілі вельмі хутка – за тры тыдні…

Тры тыдні, каб узнавіць станок Скарыны! Гучыць фантастычна…

– У нас не было варыянтаў, таму што калі атрымліваеш дзяржаўны грант, то павінен да канца года даць справаздачу.

Падчас майстар-класу Святланы Петушковай і Андрэя Шапорава ў літоўскім Музеі энергетыкі і тэхнікі (Energetikos ir technikos muziejus). Фота: facebook.com/emuziejus.

І вы праводзіце там майстар-класы?

– Не, мы навучылі дзвюх супрацоўніц музея, і яны па выходных бясплатна праводзяць майстар-класы па друкаванні на гэтым станку.

«Усе вядомыя нам выданні «Малой падарожнай кніжкі» няпоўныя»

Як літоўцы ўспрымаюць беларускую кнігу, кірылічны шрыфт?

– Гэта таксама іх першая кніга, не важна, на якой мове, гэта першая кніга ў ВКЛ. Да таго ж у музеі няма кірылічнага шрыфту, здаецца, толькі лацінскія і літоўскія літары.

Таму літоўцы набіраюць з наборных літар якую-небудзь фразу і друкуюць. Але я давала майстар-клас для дзяцей-першакласнікаў з Украіны, яны набіралі і друкавалі першую літару свайго імя.

І ваш праект на гэтым завершаны: правялі прэзентацыю, майстар-клас і навучылі супрацоўнікаў?

– Я спадзяюся, што не. Спадзяюся, што мы надрукуем «Малую падарожную кніжку»… Мы планавалі ўжо распачаць гэту працу, але тут пачалася вайна, і ўсё адклалася.

Падчас майстар-класу Святланы Петушковай і Андрэя Шапорава ў літоўскім Музеі энергетыкі і тэхнікі (Energetikos ir technikos muziejus). Фота: facebook.com/emuziejus.
Фота: facebook.com/emuziejus.

А якое практычнае значэнне друкаваць гэтую кнігу? Гэта ж не факсімільнае выданне?

– Не, гэта не будзе афсетны друк. Наша задача – гістарычная рэканструкцыя. Мы робім даследаванне тэхналогій старога друку. Дакладней, першай тэхналогіі.

То-бок паралельна вы напішаце навуковае даследаванне.

– Так, безумоўна, любая такая рэканструкцыя павінна суправаджацца навуковым даследаваннем.
Усе вядомыя нам выданні «Малой падарожнай кніжкі» няпоўныя. Першапачаткова кніга складалася з 22 частак.

Наколькі мне вядома, поўных выданняў не захавалася. У калекцыі галерэі «Арт-Беларусі» ў Мінску гэта кніга, набытая Віктарам Бабарыкам, мае толькі 18 частак.

Таму гэта будзе вялікая праца – ездзіць па музеях, шукаць астатнія часткі, расшыфроўваць тэкст, каб узнавіць першапачатковы выгляд.

І такую кнігу можна будзе глядзець, лістаць. Бо мы плануем надрукаваць некалькі штук.

Падчас майстар-класу Святланы Петушковай і Андрэя Шапорава ў літоўскім Музеі энергетыкі і тэхнікі (Energetikos ir technikos muziejus). Фота: facebook.com/emuziejus.

Але гэта ўсе атрымаецца, калі будзе фінансаванне. Бо гэта дарагі праект, не думаю, што мы ўкладаемся ў год. Для пачатку трэба будзе ствараць наборныя шрыфты. Для гэтага патрэбна расшыфроўваць шрыфты ў кнізе, шукаць часткі, якіх не хапае.

А кожная літара ўнутры кнігі 2 мм у вышыню і 1 мм у шырыню. Гэта складаная праца па наборы.

«Першая выстава ў Вільні была ў Лукішскай турме»

Як мастакі, вы так і працуеце ў вузкай сферы, з музеем? Ці вы далучыліся да мясцовага арт-асяродка і маеце іншыя праекты?

– Мы адразу, як толькі прыехалі, з усімі знаёміліся, я нават уступіла ў Саюз мастакоў Літвы. Мы мэтанакіравана інтэграваліся ў літоўскі мастацкі асяродак.

Тут вельмі актыўнае і разнастайнае культурнае жыццё, шмат падзей і прыватных галерэй. Таму і высокая канкурэнцыя.

Экспазіцыя беларускіх мастакоў у Лукішскай турме.

Ці вы ўжо знайшлі галерэю, з якой супрацоўнічаеце?

– Працую з рознымі. У нас тут было дзве выставы, першая ў Лукішскай турме, маім праектам адкрываўся гэты комплекс.

Так, можна з гэтага месца падрабязней?..

– Лукішскую турму дзяржава расфарміравала некалькі гадоў таму і перадала яе пад культурны цэнтр. Там зрабілі канцэртную пляцоўку і бар, планаваўся хостэл. То-бок цяпер комплекс развіваюць як культурны хаб. Таксама там здаваліся памяшканні ў арэнду, я зняла майстэрню, дзе працавала над праектам, які там і выставіла – у вялікай зале.

Разам з адкрыццём комплексу адкрылася наша з мужам выстава «27» – столькі гадоў быў Лукашэнка ва ўладзе на той час.

Другая выстава адбылася ў галерэі GODÒ ў Ужупісе. Назва яе «Make love», пра вайну ва Украіне з адсылкамі да хіпі 1960-х.

Творы з выставы «Make love» у галерэі GODÒ ва Ужупісе.

Вы даволі імкліва ўпісаліся ў віленскае жыццё…

– Я вельмі прадуктыўна працавала, таму што мне было вельмі страшна.

Ну так, шмат хто сёння шмат працуе, каб адсунуць страх перад рэальнасцю…

– Страх з’явіўся таму, што мы не дома, мы раптоўна і незапланавана апынуліся ў іншай краіне. Я нікуды не збіралася пераязджаць, гэта не маё рашэнне. Мы страцілі ўсё, і трэба напрацоўваць новыя кантакты.

«Чым больш усё будзе зацягвацца, тым менш шанцаў, што людзі паедуць назад»

Ці ёсць заўважная беларуская арт-супольнасць у Літве?

– Мы прыехалі першымі, бо наш кейс з крымінальнай справай за мастацтва быў адзін з першых. А пасля ўсе мастакі чамусьці пераязджалі ў Польшчу. Таму ў Польшчы ёсць вялікая мастацкая беларуская суполка, а ў Літве няма.

Андрэй Шапораў. «Да лепшага часу». 2021.

Вы так актыўна інтэграваліся ў віленскі асяродак, што, магчыма, і не вернецеся ў Беларусь?

– Рэч у тым, што я страціла надзею. Калі магчымасць вярнуцца з’явіцца праз дзесяць год, то тады не, не вернемся. Калі хутчэй, — то вяртаемся, пачынаем адбудоўваць краіну наноў. І тады пра ўласнае развіццё размовы ісці не будзе, трэба будзе ўзнаўляць тое, што захавалася.

Я б не хацела заставацца тут, у мяне сям’я ў Мінску, там наш «Дом графікі». Аднак чым больш усё будзе зацягвацца, тым менш шанцаў, што людзі паедуць назад.

І я разумею, што калі змірыцца з тым, што ты з’ехаў назаўсёды, становіцца нашмат прасцей жыць.

***

«Майстэрня друку Скарыны» ў літоўскім Музеі энергетыкі і тэхнікі працуе па выходных з 11.00, паведамляецца на сайце ўстановы. Заняткі — бясплатныя. На іх вы можаце даведацца аб Францыску Скарыне на літоўскай, англійскай, польскай, рускай і ўкраінскай мовах.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!

Последние новости

  • Black&White
  • Survivors
  • Авто
  • Армия
  • Без рубрики
  • Беларускі Моладзевы Хаб
  • В мире
  • Выжившие
  • Интервью
  • Комментарий
  • Культура
  • Ликвидация
  • Мнение
  • Наука
  • Новости
  • Новости Германии
  • Плебисцит
  • Подкасты
  • Политика
  • Происшествия
  • Пятая республика
  • Разное
  • Расследование
  • Саша, что ты несешь?!
  • Спорт
  • Статьи
  • Сэнс
  • Тесты
  • Технологии
  • Фейсбук

Ковалевский, Хомич и Горбунова обсудили в ООН новые подходы в освобождении политзаключенных

21.11.2024
  • Black&White
  • Survivors
  • Авто
  • Армия
  • Без рубрики
  • Беларускі Моладзевы Хаб
  • В мире
  • Выжившие
  • Интервью
  • Комментарий
  • Культура
  • Ликвидация
  • Мнение
  • Наука
  • Новости
  • Новости Германии
  • Плебисцит
  • Подкасты
  • Политика
  • Происшествия
  • Пятая республика
  • Разное
  • Расследование
  • Саша, что ты несешь?!
  • Спорт
  • Статьи
  • Сэнс
  • Тесты
  • Технологии
  • Фейсбук

Путин подтвердил удары ATACMS и Storm Shadow по РФ и наличие погибших

21.11.2024