Ва Украіне пад патранажам Міністэрства культуры і інфармацыйнай палітыкі запрацавала платформа «Захавайце ўкраінскую культуру», на ёй будуць збіраць грошы на аднаўленне культурнай спадчыны.
Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання расіяне разбурылі і пашкодзілі 469 аб’ектаў культурнай спадчыны. Страты дасягнулі сотні мільёнаў грыўняў.
На платформе ёсць апісанне разбуранага культурнага помніка, маштабы пашкоджанняў і сума сродкаў, неабходная для аднаўлення.
«Далучыцца можа кожны, важны любы ўклад. Гэтак жа, як мы збіраем на дроны для войска, мы можам збіраць на захаванне і аднаўленне нашай культурнай спадчыны», – паведамляе міністр культуры Аляксандр Ткачэнка.
Усе сродкі збіраюць на спецыяльным рахунку, адкрытым Міністэрствам культуры і інфармацыйнай палітыкі Украіны ў Нацыянальным банку. Іх накіруюць на ахову, эвакуацыю, абарону і захаванне культурных каштоўнасцей, падтрымку дзейнасці ўстаноў культуры і мастацтва, якія пацярпелі ў выніку баявых дзеянняў.
Падтрымаць аднаўленне культурнай спадчыны можна тут.
Сведчанні злачынстваў супраць украінскай культуры размяшчаюцца на адмысловым сайце.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram