Ініцыятыва «Прыпынак Адамовіча» стварыла аўдыяпадарожжа па Глушы, пасёлку, дзе прайшло дзіцінства Алеся Адамовіча. Тут можна пачуць рэальныя гісторыі, успаміны, радкі яго кніг, агучаныя прафесійным акторам Аляксандрам Ждановічам (Маляванычам).
Аўдыёгід уключае сем кропак маршруту і складаецца з рэальных гісторый, успамінаў і цытат з кніг. Цяпер яго можна паслухаць праз тэлеграм-бот, пазней стане дасяжным мабільны дадатак. Кожная кропка маршруту адкрывае новы пласт жыцця і спадчыны пісьменніка — праз месца, людзей і ідэі.
На дадзены момант гід даступны толькі на беларускай мове.
«Аўдыягід нарадзіўся з жадання зрабіць памяць пра Алеся Адамовіча ў Глушы жывой і даступнай. Мы збіралі матэрыялы, удакладнялі факты, працавалі з тэкстамі маршруту і даволі хутка знайшлі голас, які змог перадаць не толькі інфармацыю, але і атмасферу месца. Даўжэйшым быў шлях ад ідэі да рэалізацыі: трэба было знайсці падтрымку, захаваць задуму і дачакацца моманту, калі праект можна будзе зрабіць якасна.
Нам было важна, каб гэта была не сухая экскурсія, а спакойная і ўважлівая сустрэча з Глушай — з яе памяццю, дарогамі, людзьмі і слядамі жыцця пісьменніка», — пішуць стваральнікі.
Нагадаем, што ў пачатку жніўня беларуская грамадскасць адзначыла 100-годдзе пісьменніка, крытыка, навукоўца, кінасцэнарыста, публіцыста і грамадскага дзеяча Алеся Адамовіча.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram