Двор, які не скарыўся: у сеціве пачаў працу мультымедыйны сайт пра Плошчу Перамен

Культура

«Мы дадалі яшчэ адну цаглінку памяці ў падмурак нашай супольнай гісторыі», — напісаў у сваіх сацсетках аўтар канцэпцыі праекта пра Плошчу Перамен фатограф Яўген Атцецкі. Учора ў інтэрнэце пачаў працу сайт пра «паўсталы двор», рыхтуюцца да прэзентацыі кніга і выставы.

Відэа моманту, калі зарадзілася Плошча Перамен, фатаграфіі жыцця дваровай супольнасці, якая аб’ядналася ў шчырым жаданні свабоды і павагі, успаміны жыхароў ПП, асобныя главы, прысвечаныя Раману Бандарэнку і Сцяпану Латыпаву… Мультымедыйны сайт распавядае гісторыю «неверагоднага двара» ясна, пераканаўча, моцна ды візуальна вынаходліва. Каманда выкарыстоўвае розныя сродкі, каб стварыць «аб’ёмную» гісторыю, і трэба аддаць належнае — перад намі медыяпрадукт міжнароднага ўзроўню, высокай якасці і густу.

Ды ўсё ж, пішучы пра праект, складана не сысці ў пафас і эмоцыі, зазначыўшы, у тым ліку, што гэта — наша неацэнная візуальная спадчына беларускай рэвалюцыі, яе яскравы доказ. Сёння, праз два гады, гледзячы на фотаздымкі Яўгена Атцецкага ды іншых аўтараў, немагчыма стрымліваць слёзы. Ды і ў той жа час радавацца, што гэтыя сведчанні ў нас ёсць, і з учора — даступныя ўсяму свету.

Двор, які не скарыўся: у сеціве пачаў працу мультымедыйны сайт пра Плошчу Перамен
Скрын з сайта.

«На прыкладзе барацьбы аднаго мінскага двара супраць несправядлівасці мы гаворым аб салідарнасці і аб недапушчальнасці канцэнтрацыі ўлады ў адных руках, як гэта адбылося ў Беларусі. Гэта ўніверсальная гісторыя пра напамінанне аб важнасці закону, павагі да чалавечага жыцця, дэмакратыі і правоў чалавека», — піша аўтар фотопраекта Яўген Атцецкі, які сам з’яўляецца жыхаром Плошчы Перамен. Яўген здымаў гісторыю двара, будучы ўнутры пратэснага руху, на працягу многіх месяцаў. Толькі ў 2021 годзе ён быў вымушаны з’ехаць з Беларусі.

Важна пералічыць таксама іншых аўтараў праекта. За тэксты, размешчаныя на сайце, адказвала Алеся Песенка, візуальная рэдактура — Маня Хмель, дызайн — Zorka. Сайт даступны на чатырох мовах: расейскай, беларускай, ангельскай і польскай, і ажыццявіцца гэтаму дапамаглі Валерыя Хоціна, Крысціна Бандурына, Вольга Бубіч, Наталля Русецкая.

Стварэнне сайту стала магчымым і праз удзел Free Belarus Center, IMS (International Media Support), Instytut Pileckiego.

Каманда адзначае, што ўсё ж цалкам праект пра Плошчу Перамен складаецца з трох частак: сайта, фотакнігі і выстаў. «Кожны складнік — праз розныя сродкі выразнасці — распавядае і паказвае хроніку жыцця дваровай супольнасці і салідарнасці на фоне гвалту з боку дзяржавы пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі», — дадаюць стваральнікі.

«Сайт — гэта ў першую чэргу аўтарскі голас, спроба сістэматызаваць і апісаць падзеі. Фотакніга — гэта асабістыя ўспаміны і храналогія. Праект пабудаваны такім чынам, каб сайт і фотакніга дапаўнялі адно аднаго», — тлумачыць адметнасці кожнай часткі Яўген Атцецкі.

На старонцы ёсць магчымасць замовіць кнігу «Плошча Перамен» — яе можна заказаць на платформе Кікстартэр да 16 жніўня.

Мяркуем, што інфармацыя пра бліжэйшыя выставы з’явіцца ўжо неўзабаве.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: