У гонар беларускіх палітвязняў мастачка Караліна Палякова ў супрацоўніцтве з праектам Politzek.me стварыла складаны, насычаны персанажамі і сімваламі калаж, у якім перапрацавала вобразы з вядомых мазаік Аляксандра Кішчанкі «Мінск — горад мастацтва» і «Мінск — горад навукі».
Атрымаўся вельмі цікавы твор, дзе мінулае знаходзіць шлях у будучыню, а ідэі, што здаваліся звязанымі з аджылай ідэалогіяй, атрымліваюць магчымасць развіцця. Пра парадаксальнасць гэтых спалучэнняў і крыніцы натхнення ў вырашэнні балючай тэмы Reform.by пагаварыў з аўтаркай – фатографам і візуальнай мастачкай Каралінай Паляковай.
— Вы – маладая аўтарка, і ў сваім творы звяртаецеся да савецкай спадчыны? Чаму менавіта гэтыя вобразы вас кранулі, чаму яны падаліся адпаведнымі тэме палітвязняў?
– У размове з актывісткамі politzek.me мы разважалі пра тое, як можна ўзгадаць 2020 год і нагадаць аб тых, хто за кратамі.
І я ўспомніла, што ў маім архіве ёсць фотаздымкі з мазаікамі на сценах горада. Мне ўвогуле падабаюцца мазаікі, я шмат іх фатаграфавала ў Мінску і перажывала, калі бачыла, што яны асыпаюцца ці знікаюць. (Дарэчы, калі я рабіла свой калаж, я пакінула патрэсканыя сцены з арыгінальных здымкаў дамоў, што таксама з’яўляецца красамоўным вобразам стаўлення да спадчыны мінулага).
Савецкія мазаікі – знаёмы вобраз для таго, хто бываў у Мінску, і як бы хто ў гэтым не сумняваўся — гэта наша спадчына.
Для сваёй працы я выбрала мазаікі Аляксандра Кішчанкі каля станцыі метро «Усход». Там шмат сюжэтаў: навукоўцы прэзентуюць працы, людзі навучаюцца і танчаць у нацыянальных касцюмах, гісторыкі распавядаюць пра мінулае, матулі абдымаюць дзяцей.
Гэты від сацыяльнага мастацтва актыўна працуе з часам, таму высновы, якія гледачы робяць пры праглядзе, спрыяюць аналізу і пошуку метафар. У гэтых творах бачыш шмат былых надзей і мар пра, напрыклад, дасягальны космас, высокі розум, адкрыцці навукі і пра сяброўства паміж краінамі. На ўсё гэта мы сёння глядзім іншымі вачыма.
— Вось у гэтым і пытанне: тыя персанажы савецкіх твораў такія аптымістычныя, натхнёныя, а нашы справы не надта каб добра ідуць…
– Гэта мая рэфлексія і ўяўленне пра тое, у які стан трапіла грамадства. У працэсе працы ідэя ўскладнілася: у арыгіналах адлюстраваныя вобразы выбітных і неабходных грамадству людзей, а сёння у турмах такая вялікая колькасць прафесіяналаў і ўвогуле цудоўных людзей, што нават ім не хапае месца: дактароў, філосафаў, гісторыкаў, будаўнікоў і гэтак далей. І дарэчы, я не бачу, каб людзі на Кішчанкавых мазаіках выглядалі шчаслівымі – хутчэй адданымі сваёй справе…
Аднак я маю надзею і веру ў важныя сёння рэчы – пажывём і пабачым. Чула і чытала, што людзі ў турмах больш аптымістычна настроеныя, чым мы, і выкарыстоўваюць абставіны для самаразвіцця і цешацца новымі знаёмствамі.
— Ваш калаж выглядае так пераканальна, што ў СМІ назвалі яго мазаікай. Не ўзнікала жаданне яго матэрыялізаваць?
– Падчас працы я здзівілася, як лёгка можна перабудаваць мазаіку ў турэмныя сюжэты, бо ў самой тэхніцы мазаікі можна адчуць глыбіню метафары і маштаб. Так, цяпер я маю жаданне паглядзець на гэтую працу не ў лічбавым фармаце і разважаю, дзе твор можна рэалізаваць і з якімі матэрыяламі папрацаваць.
Разумею, што варыянтаў шмат, розных і па коштах, і па дакладнасці працы. Працэс складання калажу ў камп’ютары патрабаваў клапатлівасці, а калі выкласці мазаікай, то гэтаму трэба прысвяціць шмат часу і сілаў.
Аднак гэтыя падзеі вартыя нашай памяці і нашых высілкаў.
— Пры праглядзе вашага твора ўзнікае адчуванне парадоксу – ад змяшчэння часавых пластоў. Калі будучы мастак звернецца да нашага часу, што ён убачыць? Якія сёння беларусы, як яны змяніліся пасля 2020 года? Якія колеры, якія настроі будуць адпавядаць нашаму часу?
— Мне не падабаецца згадваць жнівеньскія падзеі, трымацца за мінулае, калі ёсць тое, што мы можам рабіць проста зараз. Кожны і кожная самі для сябе зразумелі, як яны змяніліся пасля выбараў 2020 года. Што трэба рабіць сёння: працягваць працаваць над сабой і не моцна факусавацца на чаканнях, быць тут і цяпер. Мо, замест жалю пра тое, што не адбылося, лепш напісаць ліст незнаёмаму герою, іх адрасы сабраныя на старонцы politzek.me.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: