«Мы так спадзяваліся, што яе выпусцяць»: Ала Шарко — пра Кацярыну Андрэеву

Праграмны дырэктар Прэс-клуба Ала Шарко ў падтрымку журналісткі Кацярыны Адрэевай, над якой зараз ідзе суд, падзялілася сваімі ўспамінамі пра калегу.

Кацярына Андрэева напярэдадні і падчас першага суда ў лютым 2021 года за стрым з Плошчы Перамен была размеркавана ў тую ж камеру, дзе знаходзілася Ала Шарко — у СІЗА на Валадарскага.

«З Жодзіна на суды прывезлі “спецкантынгент” (так нас звалі), і ўвечары ў нашу камеру закінулі Кацю Бахвалаву (Андрэеву). Пасля начных этапаў людзі вельмі стомленыя: без сну, холад, сабакі, цяжкія сумкі, не хачу жаргону, але менавіта кешэры, бо слова «сумка» з нармальнага жыцця, дзе не хочацца турэмных асацыяцый.

Самыя цяжкія кешэры ў палітзэкаў – з лістамі. Бо нейкі час лісты аддавалі, а Каце яны ішлі сотнямі. Мы паказвалі адна адной малюначкі ад незнаемых, дзіцячыя лісты, паштоўкі, наш скарб. Некалькі паштовак Каця падарыла мне, каб я магла маляваць “з натуры”.

Мы стаялі першыя хвіліны, абдымаліся, радаваліся знаёмым тварам, смяяліся як малыя. Мы з Кацяй раней бачыліся ўсяго пару разоў.

Так яна пасялілася на шконцы нада мной, мы грэлі ногі адна адной, было холадна. Я заплятала яе валасы раніцай, і прыгожыя волны на яе першы суд мы зрабілі коскамі на нач.

У Каці былі свае кнігі – паэзія Срэбнага веку, яна прыгожа дэклямавала вершы на памяць, яе любімы Салжэніцын, якога яна перачытвала некалькі разоў… На Валадарцы напісала вельмі пранізлівы верш і яшчэ сумнявалася, ці варта дасылаць у лісце […]».

«Добры занятак – піць каву-гарбату. Каб не апячы губы, Каця піла сваю любімую зялёную гарбатку з пластыкавай банкі ад жодзінскаго салата з “атаваркі”, а мы з вядомага алюмініевага кубка, граючы ў гульню “паспець піць гарачую каву і не апячыся”. У камеры мы з дзяўчынамі часта прыдурняліся, гумар нас ратаваў. Давалі імёны прарошчанай цыбулечнай сямейцы, назіралі мышак, что пад’ядалі нашы грушы-яблыкі, гуляліся ў “мафію”.

На прагулках мы танчылі, было страшна марозна, а танцы сагравалі і давалі настрой. Нейкія з парных танцаў танчыла разам з Кацяй, яна хутка навучылася і стала часткай нашага “камернага ансамблю”. Голасна пелі прыпеўкі пра Сямёнаўну, перайначваючы словы пад нашу рэчаіснасць. На Валадарцы троху інакш, чым у Жодзіна, і Каця радавалася і нашай кампаніі, і аднаразовай брытве, і масачкам-крэмам.

На суд апранулася ў белае. Яна прачытала нам сваё апошняе слова. Яе голас і інтанацыю магу лёгка дастаць з памяці. Каця разумее сваю ролю і місію, думаю, гэта ей дапамагае цяпер. Калі яна вярнулася з прысуду ў камеру, нібыта наша агульная надзея на хуткую норму памерла.

Мы так спадзяваліся, што яе выпусцяць. Пелі ей песні «Домой», «Демобилизация», калі яе выводзілі з камеры на пасяджэнні, але цуду не здарылася. Потым мы доўгі час не пелі ўвогуле, настрою не было.

Вельмі чакаю Кацю. Бо ў нас былі планы – піць гарбату і віно з прыгожага посуду ва ўтульнай бібліятэцы. Размаўляць. Каця расказвала пра дзядулю і бабулю, пра бацькоў, пра каханага мужа Игорь Ильяш. У любой перадачы і лісце лавіла лучыкі кахання з дому, як і кожная з нас. Доля блізкіх вязняў, хто іх чакае кожную хвіліну кожнага дня і ночы, якая яна цяжкая. Думкамі і сэрцам з вамі».

Чытаць успаміны цалкам можна тут.

Нагадаем, што новы судовы працэс над Кацярынай Андрэевай пачаўся ўчора, 4 ліпеня, у Гомельскім абласным судзе ў закрытым рэжыме. Журналістке пагражае ад 7 да 15 гадоў пазбаўлення волі — ёй прад’яўлена новае абвінавачанне ч. 1 арт. 356 (“Здрада дзяржаве»).

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!