Будынак Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра падчас тэатральнага форуму «М.@rt.кантакт». Фота: t.me/minkultrb
Сёння, 20 сакавіка, у Магілёве адкрыўся XVIII Міжнародны маладзёжны тэатральны форум «М.@rt.кантакт». Ён праводзіцца ў 18 раз і заўсёды лічыўся надзвычай важнай тэатральнай падзеяй краіны. Аднак афіша гэтага мерапрыемства апошніх гадоў выклікае шмат пытанняў.
Найперш пытанні выклікае слова «міжнародны». Няхай колькасць беларускіх тэатраў магла не складаць большасці ў папярэдніх форумах, аднак і колькасць краін заўсёды была каля дзясятка. Цяпер падчас фестывалю, які будзе доўжыцца 8 дзён, пакажуць 23 спектаклі: дзевяць — з Беларусі (з Бабруйска, Брэста, Гомеля, Мінска і Магілёва) і 14 — з Расіі. Адзін тэатр прыехаў з Азербайджана.
Наступнае пытанне тычыцца месца правядзення фестывалю — гэта беларускі горад Магілёў. Звычайна такія міжнародныя імпрэзы ладзяцца з пэўнымі мэтамі. Калі адкінуць фінансавыя, то з найбольш важных — гэта наладжванне сувязяў, выхаванне і прамоцыя ўласных тэатральных кадраў – маладых сцэнарыстаў і рэжысёраў. Менавіта таму падчас форуму праводзяць тэатральныя лабараторыі, каб будучыя адмыслоўцы атрымалі імпульс для творчай кар’еры.
Калі пачнем шукаць беларускіх адмыслоўцаў у праграме форума, то атрымаем несуцяшальныя вынікі.
Адразу кідаецца ў вочы, што прозвішчы маладых сцэнарыстаў, рэжысёраў і тэатральных крытыкаў, якія станавіліся «зоркамі» папярэдніх імпрэзаў (да змены кіраўніцтва тэатральнага фестывалю), зніклі з усіх спісаў, што ўласна назіраецца і ва ўсіх іншых сферах культуры. Хто ж прыйшоў на іх месца? Адказ таксама навідавоку.
Сярод дзевяці беларускіх спектакляў частка пастаўлена расійскімі рэжысёрамі.
Спектакль «Гульцы» па Мікалаю Гогалю расійскага рэжысёра, выпускніка Расійскага інстытута сцэнічных мастацтваў Данііла Сухава быў пастаўлены Магілёўскім абласным драматычным тэатрам.
Расійская рэжысёрка Яўгенія Тодарава на сцэне Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы паставіла спектакль «Дастаеўскі. Ігрок».
Расійскі рэжысёр-пастаноўшчык Іван Чумачэнка стаў аўтарам інсцэніроўкі эксцэнтрычнай камедыі «Каханне. Каханне? Каханне!» па матывах апавяданняў ураджэнца Севастопаля Аркадзія Аверчанкі. Спектакль быў створаны ў выніку пагаднення паміж Гомельскім тэатрам і расійскім інстытутам тэатральнага мастацтва пры падтрымцы «Рускіх сезонаў» — міжнароднага праекта ўрада і Міністэрства культуры РФ, мэта якога — прамоцыя расійскай культуры за мяжой.
І атрымліваецца, што «Заручыны» Рэспублiканскага тэатра беларускай драматургii — адзін з двух беларускамоўных спектакляў на форуме, яшчэ і на такую рэдкую нацыянальную тэму.
Акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы прывёз «Двор майго дзяцінства» — спектакль пра дзіцячыя і юнацкія ўспаміны, Гомельскі гарадскі маладзёжны тэатр пакажа «Русалку» — пастаноўку ў жанры фантасмагорыі, якая закранае вечную тэму ўзаемаадносін. «Жаніцьбу Бальзамінава» па Астроўскаму прывёз навучальны тэатр Беларускага ўніверсітэта культуры. Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча пакажа спектакль-роздум «Нюрнберг. Лава падсудных».
У першы дзень форуму на магілёўскай сцэне можна будзе ўбачыць монаспектакль расійскай актрысы Алены Барзовай «Адкрыцці Бернандайн», а таксама пастаноўку «Перад кінасеансам // тры музыканты і мая Марусечка». Гэтая праца Маскоўскага тэатра «Каля дома Станіслаўскага» з’яўляецца «своеасаблівай машынай часу і пераносіць гледача ў савецкую эпоху, нараджаючы настальгію па далёкіх часах».
Народны артыст «Луганскай народнай рэспублікі» Аляксандр Рэдзя запрашае гледачоў Міжнароднага маладзёжнага тэатральнага форуму на свой монаспектакль «Выратаваць камер-юнкера Пушкіна». «Галоўны герой спектакля, — паведамляе анатацыя, — Міша Пітунін, звычайны хлопчык, які пастаянна трапляе ў калатнечы. Рос Міша ў савецкія гады, калі адукацыя шмат у чым будавалася на навязванні чаго-небудзь. У выніку Міша яшчэ ў дзіцячым садзе прасякнуўся глыбокай нянавісцю да «нашага ўсяго». Яму здавалася, што віной усім яго бедам — той самы Пушкін. Гледачы разам з Мішам пражывуць этапы яго сталення, убачаць, як паступова яго стаўленне да паэта мяняецца».
Нагадаем, што сумная трансфармацыя форума і ператварэнне яго ў расійскае рэгіянальнае мерапрыемства адбыліся пасля звальнення восенню 2020 года дырэктара тэатра Андрэя Новікава, які з 2006 года быў кіраўніком «М.@rt.контакт». Больш за паўтара дзесяцігоддзя форум заставаўся па сутнасці адзіным праектам па падтрымцы тэатральнай моладзі.
Да палітычных чыстак, у 2019 годзе, на «М.@rt.кантакт» прыехалі 23 тэатры і незалежныя тэатральныя калектывы з дзесяці краін.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram