25 чэрвеня ў Культурным цэнтры ў Любліне незалежная тэатральная група «Купалаўцы» а 23.00 гадзіне паводле беларускага часу (і 22.00 паводле польскага) дае новыя «Дзяды». Гэта будзе анлайн-прэм’ера спектакля паводле славутай паэмы Адама Міцкевіча ў межах фестывалю «Блізкі Усход» (Festiwal Bliski Wschód) — культурна-тэатральнага форуму, які ладзіцца ў горадзе на рацэ Быстрыцы з 19 па 26 чэрвеня.
Пастаноўка “Дзяды” паўстала як сумесны праект беларускай незалежнай трупы і польскага рэжысёра Паўла Пасіні. У 2015 годзе спадар Павел ужо працаваў з «Дзядамі» на беларускай сцэне — гэтым разам, праз сем гадоў, звяртаючыся да матэрыялу, артысты і вядомы польскі тэатральны дзеяч вырашылі адаптаваць твор да сучаснага кантэксту.
— Мы спалучылі містычную частку паэмы з эпізодамі ў турме, і ўжо падчас рэпетыцый стала зразумела: накладанне класічнага тэксту на актуальную беларускую сітуацыю, падзеі ў свеце і досвед пастановачнай каманды робіць спектакль максімальна сугучным рэальнасці, — распавядаюць пра свой новы даробак вольныя артысты. — Лёс зняволенага ў святаянскіх мурах Густава прарастае ў новай рэчаіснасці, а боль новых вязняў прамаўляе ягонымі словамі. І праз два стагоддзі пасля напісання паэма захавала сваю аб’яднаўчую моц – гэта яшчэ адзін напамін гледачам розных краін пра тое, як шмат нас злучае, якія мы блізкія духам, і наколькі важна не забываць падтрымліваць адзін аднаго – праз міцкевічаўскі абрад тэатра, праз слова, такое гулкае за высокімі мурамі турмаў і межаў.
На рэпетыцыях акцёры шмат разважалі, сведкам якога абрада быў Міцкевіч, і прыйшлі да высновы, што абрад адбываўся менавіта на беларускай мове.
— Беларускае аблічча тэксту “Дзядоў” надаў перакладчык Серж Мінскевіч, нядаўняя смерць якога стала для нас сапраўдным шокам, — падкрэсліваюць «Купалаўцы» . — Гэта невымоўная страта, якая будзе адгукацца ў кожным слове спектакля.
У пастаноўцы паэмы, пераклад якой, паўторым, зрабіў Серж Мінскевіч, такім чынам, задзейнічаны: Зоя Белахвосцік, Валянціна Гарцуева, Аляксандр Зелянко, Крысціна Дробыш, Алег Гарбуз, Андрэй Корзан, Андрэй Дробыш, Аляксандр Гарцуеў. Акцёры выконваюць у спектаклі некалькі роляў.
Сцэнаграфія і касцюмы – Аляксандра Канарска. Музыка – Эрык Арлоў-Шымкус.
Вольныя «Купалаўцы» звяртаюць увагу, што для падпісчыкаў іх Ютуб-каналу сёння разам з трансляцыяй новых «Дзядоў» у Любліне будзе зладжаны адмысловы анлайн-перадпаказ. Артысты прапануюць дадатковыя бонусы спонсарам іх платформы.
А ўжо заўтра — 26 чэрвеня а 19:00 — «Купалаўцы» запрашаюць усіх на афіцыйную Ютуб-прэм’еру.
Азначым, што ў межах першага фестывалю «Блізкі Усход», прысвечанага прэзентацыі сумеснай дзейнасці артыстаў з Беларусі, Украіны і Польшчы, адбыліся паказы і выступленні шматлікіх беларускіх артыстаў і аўтараў: Паліны Дабравольскай, Альгерда Бахарэвіча, Марыі Мартысевіч, Вольнага хору, Андрэя Хадановіча… Фестываль завяршаецца ўжо заўтра, 26 чэрвеня, вялікім канцэртам у Парку людовым, падчас якога адбудзецца ўручэнне дыпломаў валанцёрам, заангажаваным у дапамогу ўцекачам з Украіны.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: