У інтэрв‘ю DW нобелеўскі лаўрэат і былы палітзняволены Алесь Бяляцкі паведаміў, што ў дзень вызвалення ў яго адабралі ўсе рукапісы і тыя нешматлікія лісты, якія даходзілі да яго за гэты час. Сярод адабранага — рукапісы дзвюх кніг успамінаў.
«Такія рэчы нагадваюць 1930-я гады, калі, як мне распавядалі, палілі рукапісы, запісы, кніжкі беларускіх пісьменнікаў у 1937 годзе. Гэта ўсё адбывалася ў двары КДБ ці ў двары «Валадаркі». Знішчалася памяць людзей, іх перапіскі, іх эмоцыі», — сказаў Алесь Бяляцкі.
Пра тое, што ў турмах канфіскуюцца рукапісы, паведамлялі былыя палітзняволеныя Уладзімір Мацкевіч, Генадзь Фядыніч і іншыя.
У Ігара Карнея пазабіралі ўсе запісы, дзённікі і сшыткі: «Даглядалі паўтары гадзіны: кожны шоў, кожны ліст, усе запісы (тады забралі мой нататнік, астатнія былі знішчаны яшчэ ў Шклове)».
У Рыгора Кастусёва забралі чарнавік кнігі.
«Гэта знішчае частку беларускай культуры. Мы страчваем кнігі, ідэі, словы, якія застануцца ў турмах і, магчыма, ніколі не трапяць да сваіх чытачоў. Гэта парушае права на свабоду слова і свабоду выказвання для людзей за кратамі. На волю павінны выйсці ўсе палітзняволеныя людзі і кнігі», — адзначаў Беларускі ПЭН.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram