PRADMOVA — у Варшаве: фестываль інтэлектуальнай кнігі працягвае падарожжа

В мире
Старшыня Беларускага ПЭНа вітае публіку на фестывалі PRADMOVA ў Варшаве. Скрын з прамой трансляцыі.

Сёння распачалася адна з самых насычаных эдыцый інтэлектуальнага фэсту — пасля Тбілісі і Кракава, форум завітаў у Варшаву. 18 і 19 чэрвеня PRADMOVA збірае гасцей і публіку на шматлікія імпрэзы ў Беларускім Моладзевым Хабе (plac Konstytucji, 6). Нагадаем, што ў кожным горадзе — свая, адметная праграма фестывалю.

У прыватнасці, у варшаўскай эдыцыі  — шмат дыскусій на актуальныя тэмы. Сярод удзельнікаў і ўдзельніц — інтэлектуалы Беларусі і Польшчы: Святлана Алексіевіч, Уладзімір Арлоў, Таццяна Заміроўская, Адам Міхнік, Славамір Серакоўскі, Саша Філіпенка. Яшчэ адна асаблівасць праграмы ў Варшаве – вялікая колькасць перфарматыўных і тэатральных імпрэз. Спектаклі, чыткі, перформансы — арганізатары парупіліся пра самыя розныя фарматы публічных выступаў.

Спынімся на тых івэнтах, якія, на нашу думку, нельга прапусціць.

Так, сёння а 14.00 Беларусі ПЭН запрашае на прэзентацыю кнігі ўспамінаў Карласа Шэрмана «Блуканец». Кніга выйшла напрыканцы 2020 года і ўяўляе сабой перадсмяротныя мемуары паэта, перакладчыка і грамадскага дзеяча Карласа  Шэрмана, які дванаццаць гадоў працаваў на пасадзе віцэ-прэзідэнта Беларускага ПЭН-цэнтру ў знакавыя для Беларусі часы — з 1989 па 2001 год.

PRADMOVA - у Варшаве: фестываль інтэлектуальнай кнігі працягвае падарожжа

Дыскусія «Нацыянальны герой: гісторыя і/ці міф. Па матывах гістарычных асоб 16-17 ст.» з удзелам Міколы Волкава, Андрэя Радамана, Віктара Якубава  — падзея з тых, што інтрыгуе. У яе межах таксама адбудзецца прэзентацыя кнігі Міколы Волкава «Абрысы розныя: малюнкi i чарцяжы гетмана Януша Радзiвiла».

Сёння ж і час для надзённай і доўгачаканай дыскусіі «Культурны імперыялізм і вайна культур: ці магчымае супраціўленне?». Яе ўдзельнікі: Святлана Алексіевіч, Уладзімір Арлоў, Таццяна Заміроўская, Таццяна Нядбай, Андрэй Хадановіч.

Таксама 18 чэрвеня адбудзецца прэзентацыя кнігі Уладзіміра Мацкевіча «Отвечая за себя. Записки философа с вредным характером» і «Белай Кнігі Правасуддзя» ад Прэс-клубу з удзелам прадстаўнікоў беларускіх медыя.

PRADMOVA - у Варшаве: фестываль інтэлектуальнай кнігі працягвае падарожжа

Першы дзень варшаўскай PRADMOVA завершыць паэтычны марафон – Ноч паэзіі. Свае і чужыя творы прачытаюць Уладзімір Лобач, Марыя Мартысевіч, Таццяна Нядбай, Дмитрий Строцев, Анхела Эспіноса.

Сярод цікавостак другога фестывальнага дня — круглы стол «Лісты да Сабак» з прадстаўнікамі незалежных беларускіх выдавецтваў і медыя  — Алесем Аркушам, Надзеяй Белахвосцік, Яраславам Іванюком, Марыяй Мартысевіч, ды дыскусія «Літаратары і вайна»  — у якой прымуць удзел Святлана Алексіевіч, Уладзімер Арлоў, Марэк Радзівон, Саша Філіпенка.

Заўтра гэтаксама адбудзецца цырымонія ўручэння Прэміі імя Алеся Адамовіча – 2021. Нагадаем, што штогадовая літаратурная прэмія Беларускага ПЭНа ўручаецца за найлепшую публіцыстычную кнігу года.

Скончыцца другі дзень і ўвогуле фестываль у Варшаве вялікім гала-канцэртам беларускіх гуртоў і музыкаў. На закрыцці PRADMOVA выступяць Nizkiz, Tyapin CREW, DZIECIUKI, Юры Стыльскі («Дай дарогу!»), BOTANIC PROJECT, Аляксандр Памідораў, Дзяніс Тарасенка («Разбітае сэрца пацана»), Rahis.

Нагадаем, што сачыць за падзеямі фестывалю можна ў найпроставым эфіры. Арганізатары зладзілі прамую трансляцыю ў cваім фейсбуку.

Уваход на ўсе мерапрыемствы PRADMOVA вольны.

Падрабязней дазнацца пра праграму фэсту можна тут.

Наступны прыпынак падарожнага фестывалю інтэлектуальнай кнігі — Вільня — 25-26 чэрвеня.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: