«Мова была маім магнітам, які прыцягваў людзей»: Андрэй Саўчанка — пра сваё заключэнне і веру ў людзей ды Беларусь

Главное
Андрэй Саўчанка. Фрагмент фота Максіма Шуміліна.

Здольнасць захоўваць спакой, гумар і годнасць у любой сітуацыі — адразу вылучае нашага суразмоўцу. Ці ён выступае на сцэне, ці ладзіць курсы па акцёрскім майстэрстве ў турме, ці прымае навіну аб уласным звальненні з працы.

Андрэй Саўчанка — акцёр, рэжысёр, вядомы беларускай публіцы па яго разнастайных працах у тэатры і кіно, а гэтаксама па куратарству тэатра «На балконе», зараз знаходзіцца ў «вольным плаванні». Гісторыю яго затрымання пэўны час таму апісвалі СМІ: «затрыманы на ганку тэатра». Потым было нечаканае вызваленне, а затым — чаканае «звальненне» — акцёра папрасілі сысці з тэатру пры БДУ па ўласным жаданні.

Андрэй пагадзіўся на гэта інтэрв’ю з адной умовай — каб яно выйшла ў той час, калі яго сям’я і ён будуць у бяспецы. Reform.by выканаў абяцанне.

«Затрымалі не на ганку»

Андрэй, атрымоўваецца, ты зараз без працы?

— Так ды не зусім (усміхаецца) . Вядома, што мяне «сышлі» з тэатру «На балконе», але засталіся праекты ў працы. Тая ж лабараторыя «Хто я?» , у межах якой зараз пяць спектакляў у рэпетыцыях. Варта іх давесці. Праект «Тутэйшы тэатр» гэтаксама застанецца. Ён працягвае жыццё: з сакавіка па травень мы паставілі шэсць спектакляў.

"Мова была маім магнітам, які прыцягваў людзей": Андрэй Саўчанка - пра сваё заключэнне і веру ў людзей ды Беларусь
Андрэй Саўчанка ў монаспектаклі «Страта». Крыніца фота: facebook.com/SavaAaaaa.

Згодны, пэўныя рэчы змяніліся, але я не хацеў бы спыняцца. Успрымаю звальненне як у пэўнай ступені творчы выклік.

Для цябе яно не стала нечаканасцю?

— Скажам так: спадзяванняў на тое, што маё затрыманне застанецца незаўважаным, у мяне не было. І так мы даволі доўга працягвалі працаваць, няглядзячы на сённяшнія варункі. Нават трошкі дух захоплівала: і сцэна ёсць, і людзі ёсць, і рабі, што хочаш — нават неяк дзіўнавата для беларуса. Надта «цяплічныя ўмовы» (смяецца). Таму нечаканасцяў у гэтым сэнсе не было. Маё звальненне — гэта нармальна — у дадзеным становішчы.

Цікавая дэталь. Калі цябе затрымалі, усе СМІ не абмінулі падзяліцца такой дэталлю: Андрэй Саўчанка быў затрыманы на ганку тэатра. Вось увесь час цікавіла: ці праўда гэта?

— Гэта не зусім так — мяне затрымалі ўнутры тэатра (смяецца). Я быў у тэатры, адпачываў ранкам перад рэпетыцыяй. Пагрукалі ў дзверы — я адчыніў. І адбылося такое, я бы сказаў, інтэнсіўнае ўварванне. Гэта быў ГУБАЗіК. Паставілі да сцяны. Прымусілі аддаць тэлефон. Зрабілі агляд памяшкання і ўсё, павезлі да сябе.

«Ухвалілі за міліцыянераў»

Што табе запомнілася больш за ўсё па дарозе?

— Пакуль мы ехалі, мне далі зразумець, што мая асоба ўжо добра вывучана, меня «прапясочылі», так сказаць. Яны ведалі пра маю сям’ю, машыну, дзе і калі я здымаўся. І што цікава — ухвалілі, што я здымаўся ў ролі міліцыянтаў (усміхаецца). А я сапраўды у час вучобы ў Акадэміі мастацтваў бегаў па студыях і здымаўся ў розных фільмах, і іграў у тым ліку міліцыянтаў. Як бачыш, аказалася ў плюс.

"Мова была маім магнітам, які прыцягваў людзей": Андрэй Саўчанка - пра сваё заключэнне і веру ў людзей ды Беларусь
Андрэй Саўчанка ў серыяле «Закон», 2002 год. Крыніца фота: kino-teatr.ru.

За што цябе затрымалі?

— За падпіску на канал «План перамога». У ГУБАЗіКу быў такі невялікі допыт — сітуацыя была трошкі абсурднай, бо на ўсю катушку запрацавала радыё МУС. Рабіць допыт было вельмі нязручна.

А потым мяне павезлі ў Следчы камітэт. Вось там ужо быў цікавы момант з мовай. Мне прапанавалі перакладчыка з беларускай. (Андрэй — беларускамоўны — Reform.by). Я адмовіўся. Следчы па папярэдняй згодзе размаўляў са мной па-руску. Але потым высветлілася, што і мае паказанні былі запісаныя па-руску. Выпраўляць я іх не стаў, бо прыйшлося бы гэта рабіць усю ноч. Словам, на Акрэціна я трапіў ужо позна ўвечары.

«Лёг на шконку і заснуў»

Сёння многія вызваленыя беларусы, асабліва тыя, хто быў затрыманы ў час мірных дэманстрацый супраць вайны, кажуць пра Акрэсціна як пра канцлагер. Якім быў твой досвед прыбывання там?

— Магу зазначыць, што мне пашчасціла. Я рыхтаваўся да горшага.

Першы вечар — гэта была камера на пяць чалавек. Там было некалькі затрыманых. Я бы сказаў — вальготна. Сустрэлі сукамернікі даволі прыязна, пакармілі і сказалі: «Ты высыпайся сегодня, а завтра пойдешь до своих» (усміхаецца). Фраза — запомнілася. Ды я і не абмінуў скарыстацца парадай — лёг на шконку і заснуў.

На заўтра ўжо, сапраўды, мяне перавялі да сваіх — «палітычных». Тут ужо было восем чалавек у аднамясцовай камеры. Ніводнага ложка. Бетонная падлога. Святло, якое гарыць 24 гадзіны. Хто замарудзіцца, калі трэба выконваць каманды — таму «прылятала». Але дадам, што асабіста мяне ў заключэнні фізічны гвалт абмінуў.

Выратоўваюць у тых умовах — вядома, людзі. Усе, хто ў камеры, падтрымліваюць адзін аднаго. Я таксама далучыўся, так бы мовіць, да агульнай справы — і прапанаваў хлопцам акцёрскія трэнінгі, каб трошкі «разгрузіцца» ў цяжкіх абставінах.

"Мова была маім магнітам, які прыцягваў людзей": Андрэй Саўчанка - пра сваё заключэнне і веру ў людзей ды Беларусь
У кастрычніку 2021 года Андрэй Саўчанка рабіў набор на курсы па акцёрскім майстэрстве «King`s Speech. Эфектыўны публічны выступ». Крыніца фота: facebook.com/SavaAaaaa.

Як успрынялі тваю інцыятыву?

— Добра. Я прапанаваў практыкаванні, якія выходзяць на маналогі — пра сябе, сям’ю, дзяцінства… І хлопцы падключыліся. Я бачыў, як праз гэта ім становіцца трошкі лягчэй. У рэшце рэшт, я правёў у той камеры толькі пару содняў, а некаторыя былі ўжо больш за дзесяць дзён. А ў аднаго хлопца ўвогуле была зламаная нага. Гіпс запатрабавалі зняць да тэрміну, і ён скокаў па камеры на адной назе — яму прыйшлося цяжка.

«Гэта сусветны піпец!»

Андрэй, вы абмяркоўвалі там вайну? Ты ж трапіў за краты літаральна напярэдадні ўварвання.

— Так. Але ўдакладніць што ды як не было ў каго.

Прызнацца, у мяне тады ўзнікла думка, што нам лягчэй, чым людзям на свабодзе. Бо мы абмежаваны ў дзеяннях.

Ці чуў ты рэакцыю на ваенныя дзеянні з боку ахоўнікаў?

— Не чуў. Толькі калі мяне ўжо перавялі ў СІЗО на Валадарскага, адзін доктар, што там быў, сказаў: «Гэта сусветны піпец!». У ШІЗА ўжо быў тэлевізар, мы там глядзелі яго з хлопцамі і разважалі: што праўда, а што — не.

«Спадзяюся, што хлопцы ацэняць Грахоўскага і Барадуліна»

Як ты ўспрыняў свой перавод у ШІЗА?

— З насцярожанасцю, але ў мяне ўжо да таго часу з’явілася адвакатка.

Потым умовы былі там значна лепш, чым на Акрэсціна. Сукамернікі сустрэлі як свайго: адразу апранулі, далі ўсе неабходныя прылады — пасту, тапкі… Увогуле, я здзівіўся таму, як там у камеры было ўсё арганізавана. Хлопцамі. Ёсць пэўны распарадак дня. Час, калі карыстаюцца прыбіральняй, час, калі ёй не карыстаюцца. Ёсць час прыняцця ежы, час адпачынку. Ёсць група дзяжурных, якая гатуе, калі гэта трэба. Ёсць бібліятэкар, які вядзе ўлік кніг з бібліятэкі ШІЗА. Хочаш перакусіць: ёсць агульная шафа, дзе, калі ласка, ляжаць асобна садавіна, асобна — гародніна. Усё было вельмі прадумана, усё абмяркоўваецца, калі ёсць праблемы — яны вырашаюцца.

І таксама хлопцы з цікавасцю ўспрынялі маю прапанову па акцёрскіх трэнінгах. (Я таксама там узяўся за сваё). Ды нават настроіўся сур’ёзна: заказаў у мясцовай бібліятэцы кнігі па сцэнмове, акцёрскім майстэрстве, публічным выступе. Але не дачакаўся (смяецца), мяне адпусцілі да таго, як яны прыйшлі.

А што народ чытаў у камеры?

— Чамусьці быў вельмі папулярны Тэадор Драйзер. Усе ім вельмі зачытваліся. Яшчэ ў аднога хлопца бачыў Фрома. Мне ў першы дзень далі асобнічак часопіса «Наша гісторыя» — з задавальненнем прачытаў. Паспеў яшчэ пачытаць Каэльё, Ахматаву.

Дарэчы, разам са спецыяльнай літаратурай я таксама паспеў заказаць вершы Сяргея Грахоўскага і Рыгора Барадуліна. Спадзяюся, што хлопцы іх ацанілі.

«Это вы на беларусском со мной разговариваете?»

Андрэй, як ты адчуваў — мова цябе дапамагала? Ці — наадварот — яна раздражняла кагосьці?

— Раздражняльнай рэакцыі за час заключэння я не ўбачыў. Наадварот — мова была магнітам, які працягваў да мяне людзей. Шмат хто з хлапцоў у камеры пераходзілі на беларускую, спрабавалі на ёй размаўляць. Ды нават тыя, хто не размаўляў, пачалі ўстаўляць беларускія слоўцы: хтосьці — іранічна, хтосьці — каб запомніць. Я нават адчуваў, як прастора мовы навокал паступова пашыраецца.

Што да ахоўнікаў, шмат у каго з іх «мягчэлі» вочы. Хтосьці ставіўся абыякава. Памятаю, быў адзін ахоўнік, які вадзіў мяне на допыт. Так недзе на трэці раз, калі мы ішлі па калідоры, ён мяне раптам спытаў: «Это вы на беларусском со мной разговариваете?». «Ну, так, — адказваю, — мы ж з вамі ў Беларусі». «А, просто я не сразу понял», — адказаў ён.

"Мова была маім магнітам, які прыцягваў людзей": Андрэй Саўчанка - пра сваё заключэнне і веру ў людзей ды Беларусь
Афіша Вольгі Савіч да спектакля «Баладына» Юльюша Славацкага. Рэжысёр — Андрэй Саўчанка. Тэатр «На балконе».

Адзін раз толькі я пачуў нейкі дзіўны адказ на мае словы. Гэта было ў ГУБАЗіКу. Адзін начальнік сказаў такую фразу: «Мы беларусский язык знаем лучше вас. Потому что мы выросли в правильных семьях». Я тады нічога не адказаў. І на гэтым усё і скончылася.

«Аль Капонэ сярэдняга веку»

Ты распавядаеш, і заўважна, што твой досвед — акцёра, рэжысёра — выяўляецца ў пэўных назіраннях.

— Мяркую, што ў кожнага з тых, хто там знаходзіўся і знаходзіцца, ёсць свае назіранні. Я, напэўна, аўтаматычна заўважаў структуры, спосабы камунікацыі паміж людзьмі. І пэўныя такія забаўныя выпадкі.

Напрыклад, з маімі валасамі была смешная гісторыя. У ШІЗА дбаюць пра тое, каб валасы былі коратка пастрыжаныя. А ў мяне, як сказаў адзін службоўца падчас праверкі, «на голове какой-то одуванчик». «Приведите его в порядок». Я ўспрыняў тое апісанне «одуванчик» як камплімент (смяецца).

У камеры ў нас быў цырульнік, але хлопцы параілі мне прыбраць толькі ніз, верх — пакінуць. І вось падчас праверак метода ў мяне была такая: я намочваў валасы, і іх так акуратна расчосваў. Атрымоўваўся такі Аль Капонэ сярэдняга веку.

А аднойчы, пакуль мы чакалі праверкі, валасы высахлі. «У вас есть парикмахер?» — падышлі да мяне два канваіры. На што я хлопцам шчыра адказаў: «Я — акцёр, магчыма, мяне заўтра выпусцяць. У мяне ролі, спектаклі, я не магу стрыгчы валасы». Хлопцы трошкі пачухалі пыталіцу і кажуць: «Видите там умывальничек? Идите сейчас и пригладьте ваши волосы». Я так і зрабіў. І, карацей, выйшаў на волю разам са сваім «дзьмухаўцом».

"Мова была маім магнітам, які прыцягваў людзей": Андрэй Саўчанка - пра сваё заключэнне і веру ў людзей ды Беларусь
Сцэна са спектакля «Страта». Аўтар, актор і рэжысёр — Андрэй Саўчанка. Фота: Аліса Ахрамовіч.

«Мяне трымала братэрства»

Андрэй, я так разумею, што і твая мова, і ўраўнаважанасць, і гумар сыгралі тут сваю ролю. І ты зусім не кажаш пра страх.

— Бо страху ў мяне не было ні кроплі. Таму што за гэтыя два гады я зразумеў, што ў Беларусі да цябе ў любы момант могуць прыйсці. Па любой падставе. Ды проста так. Таму баяцца — гэта значыць сабе шкодзіць. І тое, што вакол мяне ў заключэнні па выніку былі нармалёвыя, звычайныя людзі, а не нейкія злачынцы, толькі пацвердзіла мае думкі. Па сутнасці, братэрства, свойскасць паміж людзьмі — яна і трымала мяне там. Ды нават, прызнаюся, калі мяне адпусцілі праз дзесяць дзён, мне было трошкі сорамна перад хлопцамі, што я так хутка сыходжу (смяецца). Вера ў людзей — вось тое, што я вынес з заключэння.

Цікава, лісты да цябе даходзілі?

— Дайшоў толькі адзін ліст. Але я адчуваў падтрымку нашай тэатральнай супольнасці нейкімі фібрамі. Ведаю, што на волі шукалі магчымасці мне дапамагчы — нават прасілі даць працадаўцаў характарыстыкі на маю асобу. Калегі і мае настаўнікі з Акадэміі мастацтваў склалі станоўчыя характарыстыкі на мяне. Але ні кіраўніцтва БДУ, ні Акадэміі мастацтваў не далі ім ход.

Вельмі кранула мяне сустрэча на волі. Калі выйшаў, сустрэў мяне адзін акцёр, да якога потым далучыўся яшчэ адзін. А потым раптам прыйшло пятнаццаць маіх калегаў — і мы з Валадаркі пайшлі ў «Лакомку» піць каву і есці эклеры (смяецца).

Ты зараз знаходзішся пад следствам?

— Не, але я ведаю, што следства па справе, да якой мяне прыцягвалі, яшчэ ідзе. На экспертызе ў органаў застаўся мой тэлефон.

«Гонару і годнасці»

Як ты зараз успрымаеш сітуацыю, у якой знаходзяцца беларусы? Я маю на ўвазе ваенныя дзеянні Расіі ва Украіне, ваенныя злачынствы.

— Я думаю, што апошнія падзеі шмат у чым расстаўляюць рэчы па сваіх месцах. Людзі вызначаюцца, пачынаюць прымаць рашэнні, удасканальваць сваю пазіцыю, што нам як нацыі слаба ўласціва. У нас адзінкі, звычайна, трымаюцца пазіцыі, а зараз гэтыя адзінкі пераўтварыліся ў зусім іншыя лічбы.

Вядома, свету зараз прыходзіцца «разляпляць» беларусаў і ўладу Беларусі. Не ва ўсіх гэта атрымоўваецца, але ёсць людзі, якія ў кантэксце, якія разумеюць, што беларусы рабілі і робяць, колькі трываюць на шляху да свабоды.

Я сам веру ў тое, што на гэтай зямлі будзе тое, што яна заслугоўвае.

"Мова была маім магнітам, які прыцягваў людзей": Андрэй Саўчанка - пра сваё заключэнне і веру ў людзей ды Беларусь
Андрэй Саўчанка ў монаперформансе «Сад» паводле п’есы Антона Чэхава «Вішнёвы сад». Крыніца фота: facebook.com/SavaAaaaa.

І чаго яна заслугоўвае, Андрэй?

— Гонару і годнасці.

Гэта нацыя выжыла пры неверагодных умовах. Яе знішчалі, забівалі, забаранялі яе мову, а яна — жыве. Я лічу, што беларусы — годныя таго, каб мець нармальную працу, нармальныя заробкі. Я ведаю беларускі інтэлект, які цэніцца ва ўсім свеце. Ведаю беларусаў, якім у іншых землях стаяць помнікі. Беларусы, якія распрацоўваюць неверагодныя праекты. Беларусы, якія кіруюць краінамі. Робяць адкрыцці. Гэта парадокс для мяне, што беларус можа дасягнуць шмат чаго на іншай зямлі, а не на радзіме. Я вельмі спадзяюся, што ў будучыні гэта зменіцца, што Беларусь пачне цаніць сваіх людзей, клапаціцца пра іх, ды ствараць для іх умовы.

Я ведаю ў Беларусі шмат людзей, якім бы даверыўся.

Што, на тваю думку, сёння можа мастацтва? Не з’явілася ў цябе ідэя паставіць нейкі новы твор, заснаваны на сучасных падзеях?

— Па гарачых падзеях яшчэ рана ставіць, на мой погляд. Нам трэба яшчэ спачатку асэнсаваць тое, што з намі адбылося, адбываецца. Так, у мяне ёсць нейкія напрацоўкі, нататкі, вобразы — я ўсё занатоўваю, але пакуль рана казаць пра вынік. З рэальнага — мяркую зараз перарабіць адукацыйныя праграмы для акцёраў. Варта ўлічваць тыя змены, якія з намі адбываюцца.

-А што сёння можа мастацтва?

На маю думку, па-ранейшаму шмат. Мяркую, што мастацтва зараз мусіць накопліваць. Мусіць рыхтавацца да таго, што будзе ў заўтрашнім дні. Яно мусіць верыць у сябе і браць адказнасць.

Так, браць адказанасць і трымаць яе. Як і ўсе мы.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: