Літаральна некалькі дзён таму беларуская мастачка Руфіна Базлова выступіла з ініцыятывай міжнароднай акцыі-перформанса «Вольная тканіна». Аўтарка знакамітых Выжыванак/Вышыванак прапаноўвала кожнаму беларусу вышыць ці намаляваць на белым палатне два чырвоныя крыжыкі як праяву нязгоды з незаконным рэферэндумам. Дасланыя «сцягі» з крыжыкамі ў цэнтры Руфіна па выніках хацела злучыць у вялікае палатно «народнай нязгоды». Але сёння сітуацыя моцна змянілася — і мастачка на варкшопах на Вільнюскім міжнародным кніжным кірмашы, дзе зараз ладзіцца яе выстава, прапаноўвае людзям падтрымаць не толькі Беларусь, а ў першую чаргу Украіну, дзе зараз ідзе вайна. Два чырвоныя крыжыкі ў графе выбарчага ліста пераўтварыліся ў два крыжы нязгоды супраць «двух узурпатараў».
Reform.by звязаўся з вядомай беларускай мастачкай, каб распытаць яе пра адчуванне часу, «Сагу аб пратэстах» і пра тое, як беларусы могуць перажыць новую траўму.
— Руфіна, як я разумею, вы былі вымушаны змяніць пасыл вашай акцыі-перформанса?
— Так, бо сёння трэба глядзець на тое, што зараз важней за ўсё. Акцыю «Вольная тканіна» я задумвала, каб утрымаць павестку вакол Беларусі і згуртаваць людзей тым ці іншым шляхам. Але сёння рэферэндум, які і так увогуле анічога не вырашаў, цалкам сышоў на другі план. Зараз я лічу важным выказаць салідарнасць з украінцамі. Першая акцыя, да якой цяпер заклікаю — гэта дапамога Украіне. Беларусы, надышоў той самы дзень «Х» і трэба штосьці рабіць. Не ідзіце на здзелку з сумленнем! Калі вы можаце выйсці — ідзіце, калі можаце паслаць грошы Украіне — рабіце гэта. А далей, калі ў вас застаюцца сілы і патрэба — можаце паставіць два крыжыкі супраць двух вядомых узурпатараў.
— Што ўвогуле зараз адбываецца на кірмашы? Якая там пануе атмасфера?
— Усе навокал размаўляюць пра ўварваннне Расіі ва Украіну. Паўсюль на стэндах вывешваюцца ўкраінскія сцягі, па ходзе змяняецца праграма, людзі робяць розныя акцыі, выказваюць словы падтрымкі. Адчуваецца вялікая салідарнасць.
Я прапаную людзям на сваіх варкшопах зрабіць вышыўку чалавечка з украінскім сцягам. Зараз многія знаходзяцца ў фрустрацыі, і нават такі маленькі крок дапамагае трошкі разабрацца з унутранай сітуацыяй. «Нібыта мы робім маленькае, але значнае штосьці, тое, што дазваляе рухацца далей», — не ведаю, але ўдзельнікі варкшопаў так мне кажуць пра свой унутраны стан.
У чацвер прыходзіла шмат беларусаў. Людзі сачылі за тым, што адбываецца ў навінах, і вышывалі паралельна. Учора ладзіла акцыю з двума крыжыкамі. Для многіх людзей гэта дзеянне становіцца свайго кшталту рэфлексіяй. Зараз усе перажываюць, і такая, здавалася б, манатонная праца дазваляе трошкі адпусціць гэта напружанне, і, паўтаруся, зразумець, што можна зрабіць далей.
— Руфіна, як вы асабіста перажылі гэтыя звесткі — навіны пра ўварванне?
— Прызнацца, пазаўчора ў мяне здарыўся эмацыйны зрыў. Мне падалося, што ўсё не мае сэнсу, што ўсё, што рабіла, ніяк не дапамагае. І, напэўна, няма сэнсу рабіць штосьці яшчэ.
Мяне падтрымалі мае блізкія. Мы пагутарылі, і літаральна цягам гадзіны я зноў сабралася. Я заўжды кажу пра энергію гневу, якую трэба скіроўваць у правільным рэчышчы. Мяркую, што гэтыя адчай і злосць, якія зараз нас напаткалі, мы мусім пераўтварыць у новую энергію і зрабіць тое, што можам.
— На выставе прадстаўлены, ведаю, ваш вядомы твор-выжыванка «Сага аб пратэстах». На жаль, у Беларусі яго немагчыма ўбачыць. Распавядзіце, калі ласка, якія сюжэты на ім выяўлены. І я так разумею, што гэта палатно, якое яшчэ не скончана?
— Скажам так, што палатно заканчваецца пакуль уяўным сюжэтам. Але ўсе астатнія — гэтыя сапраўдныя падзеі, якія адбыліся ў Беларусі цягам апошніх двух гадоў.
«Сага аб пратэстах» уяўляе сабой палатно даўжынёю сем метраў. Што на ім вышыта? Нават і не пералічыць. Разгон дэманстрацыі ля Стэлы. Ніна Багінская. Дыджэі перамен. Раман Бандарэнка. Святлана Ціханоўская, Вераніка Цапкала, Марыя Калеснікава са сваімі выбаршчыкамі. Там выяўлены гвалт у турмах. Там комплекс «Каскад» з яго сцягамі і бела-чырвона-белымі трусамі. Там ланцугі салідарнасці. Там загінулыя героі. Там вайна сцягоў. Там жанчыны з кветкамі, якія выйшлі да Дома ўрада. Словам, уся наша гісторыя пратэстаў, якая працягваецца да гэтай пары.
Нагадаю, што гэты твор быў зроблены для выставы беларускага сучаснага мастацтва «Кожны дзень», якая прайшла ў Кіеве ў 2021 годзе. Ідэя вышыванкі была ў тым, што гэта свайго кшталту палатно пратэснага жыцця, якое яшчэ не скончана. І так яно і ёсць. Але для таго, каб паказваць гэты твор, прыходзіцца абмяжоўвацца пэўным адрэзкам. Паўтаруся, што зараз «Сага» «развярнулся» на сем метраў тканіны.
— Уражвае. Але ў кантэксце апошніх падзей атрымоўваецца, што беларусы выглядаюць у зусім іншым свеце, чым гэта было раней. Беларусы, якія змагаліся за сваю свабоду, зараз апынуліся ў адной лодцы з краінай агрэсарам — Расіяй. Як вы да гэтага ставіцеся? І ці падзяляеце гэту пазіцыю?
— На маю думку, трэба падзяляць беларускую ўладу і тых людзей, якія выйшлі супраць яе на апошніх пратэстах. Яны змагаліся з гвалтам, беззаконнем, маной.
Нагадаю, што ў Беларусі больш за тысячу палітвязняў. Тысячы людзей былі вымушаны пакінуць краіну з-за небяспекі пераследу. Гэта вельмі складанае пытанне.
На выставе, дарэчы, я прадстаўляю яшчэ адзін праект, які акурат прысвечаны палітвязням. Я раблю яго разам з сяброўкай, мастачкай з Малдовы. Сутнасць праекта ў тым, што я ствараю эскізы ў стылі беларускай вышыванкі, перапрацоўваючы гісторыю кожнага зняволенага. Потым мы запрашаем людзей далучыцца — зарэгістравацца праз нашу форму і праявіць салідарнасць. Мы высылаем эксіз вышыўкі, і ўдзельнік можа вышыць прапанаваную схему. А далей збіраем зробленыя людзьмі працы ў адно палатно, каб зафіксаваць гісторыю нашай краіны і прыцягнуць увагу да тых людзей, якія зараз у зняволенні.
Мне падаецца, што гэты праект, нягледзячы на ўсе падзеі, што адбыліся, не згубіў сваю сілу. Ён па-ранейшаму актуальны. А значыць, сітуацыя не такая адназначная.
Але я магу пагадзіцца з тым, што Беларусь зараз з мірнай краіны пераўтварылся ў штосьці іншае.
— Што, на вашу думку, беларусы могуць зрабіць зараз у сітуацыі, якая склалася?
— Вельмі шмат спрэчак, дыскусій па гэтым пытанні. Што рабіць з нашым пачуццём віны. У пэўным сэнсе, гэтыя дыскусіі могуць дапамагчы, але ў іншым — гэта балбатня і марнаванне часу. Бо кожны чалавек насамрэч ведае, што ён можа зрабіць.
Калі чалавек гатовы рызыкаваць, і яму ад гэтага ўнутрана спакойна, — няхай ён рызыкуе. Калі чалавек баіцца, — значыць, ён яшчэ не гатовы, але ён можа зрабіць маленькі крок, але не менш значны.
Трэба пачынаць з сябе. Упэўненасць у сабе — мне падаецца, гэтага беларусам моцна не хапае. Але для таго, каб упэўненасць з’явілася — трэба дзейнічаць. Нават малы крок можа дапамагчы. Няўпэўненасць будзе толькі павялічвацца, калі вы будзе хістацца і фрустрыраваць. Таму хай кожны робіць па максімуме тое, што можа сябе дазволіць.
— Руфіна, цікава, што ваша палатно пра беларусаў — гэта адначасова і мастацкая практыка, і ў пэўным сэнсе тэрапія, і гістарычны наратыў, ды нават кіно. Калі казаць пра «Сагу аб пратэстах» як пра пэўную гісторыю ў працэсе, у якой мы зараз кропцы, на ваш погляд?
— Я мяркую, што гэта яшчэ не кульмінацыя.
— А якім уяўным сюжэтам заканчваецца ваша «Сага»?
— Лукашэнка і яго світа ўзятыя пад варту.
— Тут і дадаць няма чаго. Але задам яшчэ адно пытанне: што, на вашу думку, можа мастацтва ў такія часы?
— Па-першае, яно можна прыцягваць увагу да праблемы, нават калі СМІ пераключыліся на штосьці іншае.
Па-другое, мастацтва можа натхняць і дапамагаць.
Ды па-трэцяе, мастацтва можа лекаваць. Гэта бачна на прыкладзе той вышыўкі. Здавалася, такая дробязь — а яна працуе.