На вялікай зум-сустрэчы Беларускай Рады Культуры з беларускімі культурнымі дзеячамі «Код прысутнасці: робім культуру сёння», якая адбылася ўчора, 20 студзеня, кіраўнік аб’яднання культурніцкіх сіл Сяргей Будкін прэзентаваў стратэгію дзейнасці арганізацыі на 2022 год і вынікі працы за мінулы год.
Так, згодна з прадстаўленай канцэпцыі, Рада Культуры ў будучым бачыцца значным грамадскім інстытутам, аб’ядноўваючым тры кірункі: рэсурсны цэнтр, сойм і інстытут прамоцыі беларускай культуры.
Як рэсурсны цэнтр Рада плануе акумуляваць магчымасці адукацыі, падтрымкі культурных дзеячаў ды экспертызы праектаў.
— Мы зацікаўлены надаваць кампетэнцыі тым людзям, якія хочуць працаваць у сферы арт-менеджменту, — падкрэсліў нястачу падобных спецыялістаў у культуры Сяргей Будкін. — Нам не цікава забіраць усё на сябе, наадварот — мы хочам раздаваць энергію і наладжваць тыя механізмы, якія далей запускалі б культурніцкія працэсы ў глабальнай сістэме. Цалкам канкрэтныя ідэі, з якімі мы працуем — гэта школа арт-менеджменту і самапрадзюсіравання. Падрыхтоўка фандрайзераў, якія могуць здабываць фінансы. Ды гэтаксама ў нашых мэтах — стварэнне экспертных групаў для кансультавання культурных праектаў.
Што датычыцца сойму, тут кіраўнік Рады бачыць мэтай аб’яднанне культурніцкай супольнасці ды вызначэнне далейшых рэформаў у культурнай палітыцы.
— Мы стаім на пазіцыі, што беларуская прастора не абмяжоўваецца геаграфічнымі межамі, і заклікаем ставіцца да гэтага такім жа чынам, — кажа спадар Сяргей.
Па яго словах, экспертная група сойму можа складаць і выносіць на абмеркаванне праекты культурных рэформаў, у якіх сфера мае патрэбу.
Трэці ўзровень — гэта інстытут прамоцыі культуры Беларусі як унутры краіны, так і за яе межамі. У якасці прыкладу арт-менеджар прыводзіць такія арганізацыі, як Польскі і Шведскі інстытуты, British Council.
— Па выніку дзейнасці трох кірункаў можа паўстаць моцны грамадскі інстытут, які будзе спрыяць таму, каб наша культура была жывая, каб з’явілася культурная інфраструктура, якая ёсць у іншых краінах. Каб творца разумеў, куды яму ісці, што ён робіць ды навошта. Каб культура не фінансавалася па астаткавым прынцыпе ці па прынцыпе лаяльнасці да дзейных уладаў. І таму Рада Культуры якраз і не ёсць мадэллю Мінкульта. І нават калі Мінкульт і захаваецца, то кантраляваць гэту сферу ў плане размеркавання фінансаў, уплыву на палітыку дзяражавы ўсё адно будзе незалежная самастойная інстытуцыя, — падсумаваў Сяргей Будкін.
Ідэю трансфармацыі стаўлення да сферы падтрымаў на сустрэчы і драматург, сцэнарыст і рэжысёр, кіраўнік Беларускага свабоднага тэатра, чалец борду Рады Культуры Мікалай Халезін.
— Тыя мадэлі культуры, які былі напрацаваны ў Беларусі, у свеце сёння мала хто разумее, — давёў ён сваю думку. — Таму сёння трэба ў сваёй сферы вывучаць усё, што магчыма: новыя культурныя коды, камунікацыйныя стратэгіі, прыдумваць тое, што ніхто да вас не рабіў, вучыцца самафінансаванню.
Расставіў кропкі над «і» ў гутарцы і культурны аналітык і чалец борду Рады Культуры Максім Жбанкоў:
— Сапраўдная культурнасць будуецца як новыя культурныя пошукі. Як новы слоўнік для новай рэчаіснасці, — прамовіў ён. — Хацелася б, каб культурныя дзеячы не ішлі гандляваць ахвярнасцю (і я кажу гэта не адмаўляючы культурнага тэрору ў нашай краіне), але стваралі новую культуру і сэнсы. Бо новая культура фарміруе і новае мысленне.
Дэтальна пра магчымасці бягучых праектаў Рады Культуры распавёў на сустрэчы выканаўчы дырэктар арганізацыі Аляксандр Чахоўскі.
Ганаровымі гасцямі абмеркавання сталі партнёры арганізацыі — Святлана Ціханоўская, лідарка дэмакратычных сіл, і Павел Латушка, кіраўнік НАК.
У сваёй прамове Святлана Ціханоўская адзначыла, што разам з Беларускай Радай Культуры прапануе абвесціць бягучы год — Годам Скарыны.
Ды напрыканцы трошкі лічбаў.
За мінулы год Беларуская Рада Культуры аказала фінансавую дапамогу 96 культурным дзеячам. Агульная колькасць кансультацый па пытаннях рэлакацыі, творчых праектаў, пошуку адвакатаў, атрымання падтрымкі, пошуку арт-рэзідэнцый дасягнула лічбы 292. Фінансавая падтрымка творчых праектаў — 82.
Вядомыя акцыі Рады ў 2021 годзе — Тыдзень беларускай культуры, Ноч расстраляных паэтаў, Дзень роднай мовы, аўкцыёны ў падтрымку рэпрэсаваных дзеячаў культуры.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: