28 снежня 1913 года (паводле адной з версій) у віленскай друкарні Марціна Кухты выйшла першая і адзіная прыжыццёвая кніжка класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча «Вянок». Адна з галоўных кніг беларускай паэзіі ўтрымлівае 92 вершы і 2 паэмы.
Зборнік «Вянок» Максіма Багдановіча структурна і тэматычна прадуманы, а назва кнігі з’яўляецца неад’емным складнікам гэтай гарманічнай завершанасці. Багдановіч узбагаціў тэматыку беларускай літаратуры і паспрыяў засваенню ёй новых форм. З яго лёгкай рукі на беларускай мове арганічна загучалі трыялеты, тэрцыны, рандо, пентаметры, гекзаметры…
«Вянок» аўтар згадваў перад смерцю:
У белым доме, дзе я ўміраю,
Над сінім морам, ля самай бухты,
Я не самотны: я кнігу маю
З друкарні пана Марціна Кухты…
Сёння дакладна невядома, колькі захавалася экзэмпляраў кнігі. У полі зроку даследчыкаў знаходзяцца 42 экзэмпляры з 2000 «Вянкоў», выдадзеных у Вільні ў 1913 годзе, што зберагаюцца ў дзяржаўных і прыватных бібліятэках Беларусі і замежных краін.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram