17 верасня – «свята народнага адзінства»? Як Гітлер і Сталін «аб’ядноўвалі Беларусь»

Главное
Перад парадам вермахта і Чырвонай арміі ў Брэсце. 22 верасня 1939 года.

У Беларусі быццам бы зʼявілася новае дзяржаўнае свята – «Дзень народнага адзінства». «Свята» адзначаецца 17 верасня – у дзень, калі СССР разарваў дамову пра ненапад з Польшчай і ўвёў у гэтую краіну свае войскі. Адбылося гэта ў 1939 годзе, як раз тады, калі Польшча абаранялася ад нападу Гітлера.

Згодна з афіцыйнай версіяй, новае свята нагадвае пра «адноўленае адзінства Беларусі» і «падкрэслівае самадастатковасць беларускай нацыі і дзяржаўнасці».

А што адбывалася ў верасні 1939 года на самой справе?

Перад вайной

Падзел Беларусі (і Украіны) на Заходнюю і Ўсходнюю стаў вынікам заключанага паміж Варшавай і Масквой (СССР яшчэ не было, ніякую беларускую дэлегацыю на перамовы не пусцілі, дамову падпісвалі дэлегацыі РСФСР і Польшчы) Рыжскага міру 1921 года, які закончыў савецка-польскую вайну 1919-1920 гадоў.

Пры гэтым Масква адмовілася ад любых прэтэнзіяў на Заходнюю Беларусь, што дадаткова было замацавана польска-савецкай дамовай 1932 года.

17 верасня – «свята народнага адзінства»? Як Гітлер і Сталін «аб'ядноўвалі Беларусь»
Карыкатура беларускіх нацыяналістаў пра Рыжскі мір. Крыніца wikimedia.org

У Ўсходняй Беларусі пасля кароткага перыяду беларусізацыі ў 1930-я аднавіўся чырвоны тэрор з масавым зняволеннем людзей у турмах і канцлагерах, масавымі дэпартацыямі і забойствамі.

Толькі афіцыйна было камуністы растралялі больш за 28.000 чалавек. Большасць забітых былі простымі беларускімі сялянамі і працоўнымі, аднак у адносінах да агульнай колькасці насельніцтва найбольш пацярпелі інтэлектуалы. У 1937-1938 гады было расстраляна больш за 100 вучоных Акадэміі навук БССР. Да 1940 года былі рэпрэсаваныя больш за 60% сябраў Саюзу пісьменнікаў БССР – 238 чалавек, з іх выжылі толькі 20 чалавек.

Калектывізацыя абрабавала і паставіла на калені ў палітычным і эканамічным сэнсе сялянства. Адначасова адбывалася барацьба з рэлігіяй – забойствы святароў і вернікаў, знішчэнне помнікаў архітэктуры. Гэтак, калі ў 1941 годзе ў Заходняй Беларусі, нягледзячы на арышты чэкістамі дзясяткаў святароў, яшчэ дзейнічала каля 800 праваслаўных цэркваў і 5 манастыроў, то ва Ўсходняй Беларусі Праваслаўная Царква была практычна вынішчаная – апошняя царква была зачыненая летам 1939 года.

У Заходняй Беларусі масавага тэрору не было, аднак польскія ўлады чым далей, тым болей дыскрымінавалі беларускае насельніцтва, пераследавалі нацыянальных актывістаў, імкнуліся да ягонай асіміляцыі, максімальна абмяжоўваючы адукацыю на беларускай мове.

Зразумела, што ані Масква, ані Варшава свабоды беларусам даваць не збіраліся – у гэтым сэнсе як заходняя, гэтак і ўсходняя часткі абвешчанай патрыётамі ў 1918 годзе Беларускай Народнай Рэспублікі з 1921 па 1939 год знаходзіліся пад чужацкай акупацыяй рознай ступені жорсткасці.

Сталінска-гітлераўскае сяброўства – на крыві

У жніўні 1939 года Сталін і Гітлер заключылі тое, што фармальна называлася дамовай пра ненападзенне, аднак у сакрэтным пратаколе да дамовы фактычна падзялілі паміж сабою тэрыторыі Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы.

Нямеччына атрымала амаль два гады спакою на сваёй усходняй мяжы, што Гітлер выкарыстаў, каб зрабіць галоўнае – ліквідаваць магчымы заходні фронт у Францыі. Сталін атрымліваў, між іншым, тэрыторыі Заходняй Беларусі, Заходняй Украіны і краін Балтыі. Аднак спачатку абодвум трэба было знішчыць Польшчу.

17 верасня – «свята народнага адзінства»? Як Гітлер і Сталін «аб'ядноўвалі Беларусь»
Нямецкія жаўнеры здымаюць шлакбаўм на польскай мяжы, 1939 год. Крыніца – Bundesarchiv

Больш за тое, 17 верасня, калі савецкія войскі ўвайшлі ў Заходнюю Беларусь, стала вынікам не проста дамовы з Гітлерам, але непасрэдных заклікаў з Берліна хутчэй біць палякаў у спіну. Вось як гэта было.

Нямеччына атакавала на Польшчу 1 верасня 1939 году, у выніку чаго і пачалася Другая сусветная вайна – Францыя і Вялікабрытанія абвесцілі вайну Гітлеру. Ужо з першых дзён нямецка-польскай вайны Сталін стаў Гітлеру дапамагаць – быў арганізаваны радыёмаяк для нямецкіх самалётаў, нямецкія караблі хаваліся ў савецкія парты, транзітам праз СССР у абыход брытанскай марской блакады ішлі ў Нямеччыну стратэгічныя грузы. Сам СССР актыўна гандляваў з нацыстамі аж да 22 чэрвеня 1941 года.

17 верасня – «свята народнага адзінства»? Як Гітлер і Сталін «аб'ядноўвалі Беларусь»
Французская карыкатура 1940 г. Ілюстраваны савецкі слоўнік: «Працоўны энтузіязм», «Антынацызм», «Радаснае жыццё».

У польскім войску супраць нацыстаў тады ваявалі дзясяткі тысячаў беларусаў.

Ужо 3 верасня, падчас жорсткіх баёў супраць польскай арміі, Берлін спытаўся ў Масквы, калі тая атакуе Польшчу з усходу. Бальшавікі адказалі нацыстам, што яшчэ ранавата.

8 верасня 1939 года немцы заўчасна паведамілі пра захоп Варшавы, пасля чаго атрымалі віншаванне з Масквы ад кіраўніка знешнепалітычнага ведамства СССР Молатава: «Я атрымаў вашае паведамленне пра ўступленне нямецкіх войскаў у Варшаву. Прашу перадаць мае віншаванні і вітанні нямецкаму ўраду». 9-га верасня камуністы паведамілі нацыстам, што «савецкія ваенныя дзеянні пачнуцца на працягу бліжэйшых дзён».

У 2 гадзіны ночы 17 верасня Сталін прыняў амбасадара Нямеччыны і сказаў яму, што Чырвоная Армія нападзе на Польшчу ў 6 раніцы гэтага ж дня.

17 верасня – «свята народнага адзінства»? Як Гітлер і Сталін «аб'ядноўвалі Беларусь»

«Сяброўства народаў Нямеччыны і Савецкага Саюзу, якое было замацаванае крывёй, мае ўсе прычыны быць доўгім і трывалым», – напіша пазней у лісце да нацысцкага кіраўніцтва Сталін. Ліст будзе афіцыйна надрукаваны ў савецкай прэсе.

 

Такім чынам, 17 верасня – гэта дзень, калі Чырвоная Армія дапамагала нацыстам біць людзей, якія супраць нацыстаў ваявалі.

«Абʼяднанне»… і разʼяднанне

БССР была толькі вонкавай абалонкай акупацыі Беларусі – пра гэта сведчыць хаця б тое, як змяняліся межы БССР ужо пасля 17.09.1939.

Дарэчы, фактычна кіравалі БССР у 1939 годзе прызначаныя Масквой абсалютна чужыя для Беларусі людзі – партыйны кіраўнік Панцеляймон Панамарэнка і кіраўнік мясцовых структур НКВД Лаўрэнці Цанава. Ані паходжаннем, ані гісторыяй жыцця, ані культурай яны ніяк не былі звязаныя з нашай краінай.

17 верасня – «свята народнага адзінства»? Як Гітлер і Сталін «аб'ядноўвалі Беларусь»
Тэрыторыя БССР у 1939 годзе. Крыніца wikimedia.org

Ужо ў 1940 годзе ў Маскве падумалі, што трохі беларускай тэрыторыі трэба аддаць новай рэспубліцы – Летуве. Без ніякіх рэферэндумаў БССР страціла 3 раёны – Гадуцішкоўскі, Свенцянскі і Парэчскі.

Што самае цікавае, ужо ў 1941 годзе Масква проста вырашыла вярнуць усю Заходнюю Беларусь назад палякам! Пэўна ніколі не чулі? А беларусаў і тады ніхто не пытаўся.

Пасля катастрафічнага пачатку нямецка-савецкай вайны СССР шукаў дапамогі ад раней ненавісных капіталістаў Брытаніі і ЗША. Каб памірыцца з палякамі, саюзнікамі Брытаніі, 30 ліпеня 1941 года была падпісаная польска-савецкая дамова, згодна з якой… СССР вызнаваў савецка-нямецкія дамовы 1939 года пра падзел тэрыторыі Польшчы нядзейнымі. Гэта азначала, што Заходняя Беларусь і Ўкраіна вяртаюцца ў склад Польшчы!

Палажыў канец гэтаму паразуменню толькі савецка-польскі канфлікт у сувязі са знаходкай забітых саветамі польскіх афіцэраў у Катыні.

17 верасня – «свята народнага адзінства»? Як Гітлер і Сталін «аб'ядноўвалі Беларусь»
Тэрыторыя БССР пасля 1944 года. Крыніца wikimedia.org

Аднак Сталін ужо планаваў новую – камуністычную – Польшчу, якой у 1944 годзе і на самой справе аддаў частку Заходняй Беларусі – Беластоцкую вобласць і частку Брэсцкай. Меньш буйныя кавалкі беларускай тэрыторыі ў 1946-1955 гадах Масква адрэзала яшчэ чатыры разы. І калі ў 1940 годзе тэрыторыя БССР складала 223 тысячы кв.км., то ў 1959-м – 207 тысяч.

Атрымаўся заканамерны парадокс – БССР называюць зараз «рэспублікай-пераможцай у Вялікай Айчыннай вайне». Аднак, дзе вы бачылі, каб пераможца ў вайне страціў столькі тэрыторыі?

Крывавае «свята»

Заходнебеларускае насельніцтва хутка адчула ўсе «выгоды» камуністычнай эканомікі – дэфіцыт ежы, вопраткі, рабаванне ўласнасці. У той жа час, згодна з савецкай прымаўкай, пачаў дзейнічаць вядомы прынцып «народ и партия едины, раздельны только магазины». Піравалі новыя гаспадары жыцця – прысланыя з СССР чыноўнікі, чэкісты, афіцэры.

17 верасня – «свята народнага адзінства»? Як Гітлер і Сталін «аб'ядноўвалі Беларусь»
Савецкія жаўнеры каля польскага памежнага слупа, 1939 г. Крыніца -rg.ru

«Узімку 1939-1940 гг. у Лідзе не хапала хлеба, солі, цукру, паліва, тлушчаў і нават бульбы. Немагчыма было купіць ніякую вопратку ці абутак. Нешта яшчэ можна было купіць патаемна – з-пад палы. Аднак для афіцэраў (камандзіраў і начальнікаў Чырвонай арміі) меўся ахоўны і добра забяспечаны таварамі з нацыяналізаваных прадпрыемстваў такі сабе гандлёвы дом. Сюды нельга было заходзіць пабочным. Новыя паны рабілі прыёмы, балі і вечарыны, а іх дамы, якія прыехалі з усходу, былі ўбраны ў тутэйшыя начныя кашулі і ў свае родныя валёнкі, бо пантофляў для ўсіх іх не хапала – так і танцавалі на сваіх вечарынах», – згадвае сведка падзеяў Міхал Шымялевіч, былы сябра Таварыства беларускай школы.

Куды больш моцна паўплываў на настроі людзей савецкі тэрор, які распачаўся на тэрыторыі Заходняй Беларусі ўжо 17 верасня. Пакуль беларусы ў складзе польскага войска ваявалі з нацыстамі, саюзнікі нацыстаў – камуністы – пачалі арыштоўваць і забіваць усіх «непажаданых» – палітычных дзеячаў, святароў, каталіцкіх і праваслаўных, былых чыноўнікаў, афіцэраў, паліцэйскіх, ці проста тых, хто трапіўся пад руку. Аднак гэта быў толькі пачатак.

17 верасня – «свята народнага адзінства»? Як Гітлер і Сталін «аб'ядноўвалі Беларусь»
Савецкая масавая дэпартацыя ў Сібір. Крыніца radabnr.org

У лютым 1940 года пачаўся масавы вываз насельніцтва ў Сібір. За некалькі дзён з 10 па 13 лютага Беларусь страціла 50.732 чалавека. З-за жорсткіх маразоў і голаду з іх да траўня памерла больш за 11.500, у асноўным дзяцей і старых.

«Памятаю, стаяў моцны мароз. Разам з дарослымі вывозіліся малыя дзеці, яны і спарахнелыя старыя хутка паміралі. Не давалі нават хлеба. З таварных вагонаў на станцыі Ліда маці высоўвалі рукі і лямантавалі – дайце за грошы малака для хворага дзіцяці, дайце лекі. Каля вагонаў нельга было збірацца: вагоны атачала строгая ахова. З вагонаў вынеслі некалькі трупаў памерлых дзяцей. Гэта быў цягнік, які вывозіў людзей Ваўкавыска. Тое ж было і з іншымі цягнікамі», – пісаў Міхал Шымялевіч.

Да 22 чэрвеня 1941 году Заходняя Беларусь перажыла яшчэ тры такія чэкісцкія аперацыі. У красавіку 1940 года было рэпрэсавана 26.777 чалавек, у чэрвені 1940 – 22.897, у траўні-чэрвені 1941 года – 24.412. Дадаткова тысячы патрапілі ў турмы і ГУЛАГ, прымусова былі адпраўленыя на розныя прадпрыемствы і шахты ў іншых рэгіёнах СССР.

17 верасня – «свята народнага адзінства»? Як Гітлер і Сталін «аб'ядноўвалі Беларусь»
Целы забітых у савецкіх турмах. Крыніца wikipedia.org

Калі польская даваенная прапаганда жахаў камунізму слаба дзейнічала на беларусаў, то менш чым за два гады савецкая рэчаіснасць пасля 17 верасня цудоўна перавыхавала заходнебеларускае насельніцтва.

«Мы падышлі да хаты, пагрукалі ў дзверы і чакалі адказу. У дзвярах зʼявіўся спужаны чалавек і спытаўся, хто мы такія. Мы адказалі, што ёсць ваеннапалоннымі, уцяклі ад немцаў і толькі-толькі апынуліся на радзіме. Мы папрасілі яго расказаць нам пра тое, што чуваць у краіне. Селянін паглядзеў на нас і сказаў: «Ідыёты! Вяртайцеся да немцаў і прыходзьце разам з імі, каб вызваліць нас!» Я пачуваўся так, як быццам у мяне трапіла маланка. Мы адкрылі раты ад здзіўлення. Мы не разумелі, што ён кажа. Мы збеглі ад немцаў на радзіму, у нашую ўзʼяднаную краіну! Дык чаму ж ён загадвае нам пайсці і вяртацца з немцамі?»пісаў беларус-афіцэр польскага войска Барыс Рагуля.

Вось такі «святочны» дзень змены 2 акупацый на адну, шматразовага расчлянення Масквой беларускіх земляў, савецка-нацыстоўскага сяброўства на крыві і масавага тэрору – 17 верасня.

***

Меркаванні і ацэнкі аўтара матэрыялу могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Reform.by.

* * *

Спадабаўся матэрыял? Абмяркуй яго ў каментах супольнасці Reform.by ў Facebook!

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: