«У Беларусі вялікая праблема з камунікацыяй дызайнераў і спажыўцоў», — кажа Маша Мароз, дызайнерка і куратарка незвычайнай падзеі, што адбудзецца напрыканцы тыдня ў Мінску. 27-28 лютага ў прасторы салона інтэр’еру Concetto Di Casa (Янкі Купалы, 19) пройдзе поп-ап «Бывай, сезон!» з удзелам беларускіх дызайнераў і фатографаў, чые працы ўяўляюць сімбіёз мастацтва ды моды.
— Поп-ап — гэта крама, якая ўзнікае ў нейкай незвычайнай і нечаканай лакацыі, — тлумачыць значэнне слова аглядальніку Reform.by куратарка падзеі. — Гэты фармат у свеце з’явіўся дастаткова даўно, але на постсавецкай прасторы існуе прыкладна гадоў пяць. Поп-ап дазваляе рабіць праекты ў больш свабоднай форме, не прывязвацца да канкрэтнага месца і кожны раз знаходзіць нешта новае, зыходзячы з пастаўленай мэты.
Ідэя зрабіць такое мерапрыемства ў Машы Мароз нарадзілася не выпадкова. Адсутнасць прыстойных незалежных галерэй, пляцовак падштурхнула дызайнерку і даследчыцу беларускай этнікі да аб’яднання з аднадумцамі і выхаду на новыя месцы. Так з’явіўся салон Concetto Di Casa і фармат поп-апа як жывой размовы, месца сустрэчы і кантакту творцы і пакупніка.
— Калі мы хочам, каб спажывец зразумеў ідэю, мэсэдж створаных рэчаў, мы мусім яе правільна данесці, — раскрывае свой падыход куратарка імпрэзы. — Мода ў Беларусі паняцце вельмі своеасаблівае, амаль местачковае. Але мне хочацца сказаць, што ў нас ёсць аўтары, якія сумленна ставяцца да свай справы, і намагаюцца зрушыць з месца гэту сітуацыю. Тое, што яны робяць — гэты сапраўды аўтэнтычныя рэчы.
Прадстаўляючы сваіх калег і іх брэнды вопраткі, Маша Мароз падкрэслівае, што ўсё, што будзе паказана на поп-ап у Concetto Di Casa не сорамна адвезці і на прыстойную выставу ў Нью-Ёрк ці Лондан.
— Пачну з Вольгі Самошчанка (Samoschenko). Адна з самых яскравых нашых дызайнераў, на маю думку, ключавая фігура ў свеце моды Беларусі. Тое, як яна ўмее спалучаць колер, фактуры, сілуэт, захапляе неймаверна, — распавядае куратарка пра ўдзельнікаў падзеі.
Аня Харленка (Hanna Harlenka) стварыла свой брэнд некалькі гадоў таму. Усё, што яна робіць, мяжуе з архітэктурнымі формамі, манументальнасцю. Яе вопратка больш падобная да скульптур, але пры гэтым дызайнерка ўмее падкрэсліваць жаноцкасць. Яе мадэлі надзвычай элегантныя.
Брэнд Sol’voda стварыла Леся Лазарава некалькі гадоў таму. Гэта брэнд пра жаночyю прыроду, пра яе пяшчотнасць і моц адначасова. Пераважна гэта рэчы з шоўку, натуральных тканін, лятучых, тактыльна прыемных — і яны сапраўды упрыгожваюць жанчыну і дазваляюць адчуць нейкую лёгкасць.
Суполка маладых мастакоў-мадэльераў Werhal уключае 15 чалавек. Гэта аб’яднанне выпускнікоў Акадэміі мастацтваў, якое намагаецца знайсці свой шлях у модзе. Яны — прадстаўнікі школы іншай скіраванасці, напаўнення, і ўдзел маладых людзей у падзеі — вялікая для іх падтрымка.
Не абміну ўвагай і сваю творчасць (Masha Maroz). Я выступаю арганізатаркай дзеі, але таксама выстаўляюся на поп-ап з нізкай упрыгожванняў. Завушніцы, што я раблю, хутчэй адношу да малых форм дэкаратыўнай пластыкі. У плане іх формы я адштурхоўваюся ад перапрацоўкі этнічных матываў — як беларускіх, так і сусветнай этнікі.
Таксама на мерыпрыемстве будуць прадстаўленыя і работы дзвюх фатографак. Кацярына Шумак цяпер больш працуе з даследаваннем цялеснасці, сексуальнасці — на падзеі яна пакажа свае творы ў гэтым рэчышчы. Таня Кежа — класічны ў самым лепшым сэнсе, модны фатограф — гэта вельмі якасная фатаграфія, без перабольшванняў. Фотаздымкі Таццяны выстаўляліся ў Мілане, яна неаднаразова друкавалася ў італьянскім Vogue.
Падсумоўваючы, Маша Мароз адзначае эмацыйны і кансалідуючы складнік дзеі.
— Мы вырашылі, што калі ёсць у нас яшчэ рэсурсы, трэба кансалідавацца і рабіць. Асяроддзе, у якім мы ўсе цяпер знаходзімся, вельмі варожае, усё робіцца дзеля таго, каб паралізаваць волю людзей. Але мы вырашылі, што трэба бачыць адзін аднаго, адзін аднаго падбадзёрваць. Самае горшае, што можа адбыцца, калі мы ўсе апусцім рукі, і ўся творчасць стане на вялікую паузу.
Нагадаю, што пройдзе поп-ап у Concetto Di Casa ў апошнія выходныя лютага.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: