Сёння прэзідэнт Азербайждана Ільхам Аліеў абвясціў аб узяцці аднаго з ключавых гарадоў Нагорнага Карабаха — Шушы. Узяцце пад кантроль стратэгічнага населенага пункта і кантроль над Лачынскім калідорам можа азначаць крах абароны армянскіх войск на ўсход ад Лачына і стратэгічную перамогу Баку. Аляксандр Гелагаеў спецыяльна для чытачоў Reform.by тлумачыць, як такое стала магчыма і ў чым галоўная прычына паразы Арменіі.
Баі ў Нагорным Карабаху пачаліся яшчэ месяц таму, і для многіх назіральнікаў сталі сюрпрызам даволі паспяховыя дзеянні азербайджанскіх войск.
Актыўную вайсковую дапамогу Баку аказала Турцыя. А вось Расея, якая гадамі прадавала зброю і Арменіі, і Азербайджану, ад адкрытай, як мінімум, дапамогі для свайго афіцыйнага хаўрусніка па АДКБ Арменіі адмовілася.
Якія высновы нам, беларусам, варта зрабіць з чарговага вайсковага канфлікта на пост-савецкай прасторы?
Армяне і азербайджанцы аспрэчваюць гістарычную прыналежнасць Карабаха/Арцаха, але вядома, што ў пачатку 20 стагоддзя армяне складалі тут большасць, ужо тады гэтая тэрыторыя неаднаразова рабілася арэнай узброеных канфліктаў паміж 2 народамі.
Этнічныя супярэчнасці рэзка абвастрыліся ў апошні перыяд існавання СССР, адначасова голасна сталі гучаць прапановы перадачы Нагорна-карабахскай аўтаномнай вобласці (НКАВ) у склад Арменіі. Адбыліся сутыкненні ў Карабахе, а потым і жорсткія антыармянскія пагромы у некаторых гарадах Азербайджана ў 1988-1990 гадах.
У 1991 годзе пачаліся баі паміж неафіцыйнымі азербайджанскімі і армянскімі ўзброенымі фармаваннямі. Пасля таго, як Арменія і Азербайджан абвесцілі незалежнасць і атрымалі запасы зброі войскаў СССР, гэтыя баі перараслі ў сапраўдную адкрытую вайну.
Афіцыйна Арменія не ўдзельнічала ў вайне – фармальна супраць азербайджанскай арміі ваявалі сілы Нагорна-карабахскай Рэспублікі (НКР). І «на паперы» Азербайджан, маючы больш тэрыторыі, эканамічных рэсурсаў, насельніцтва, дый проста зброі, меў яўную вайсковую перавагу.
Але армянам атрымалася больш эфектыўна выкарыстаць для стварэння сваёй арміі армян-афіцэраў і генералаў Савецкай арміі, арганізаваць падрыхтоўку новых кадраў. Было даволі добра наладжана ўзаемадзеянне паміж рэгулярнымі войскамі і мясцовымі атрадамі самаабароны, адзначае азербайджанскі ваенны гісторык Мамед Велімамедаў. Адпаведна армяне, маючы лепшую арганізацыю і лепш падрыхтаваныя кадры, са значна большым эфектам выкарыстоўвалі складаную ваенную тэхніку — танкі, артылерыю, авіяцыю, сувязь.
У траўні 1994 года бакі падпісалі пагадненне пра спыненне агню. НКР засталася непрызнанай дзяржавай пад фактычным пратэктаратам Арменіі — блізкага хаўрусніка Расеі (і Беларусі) па Арганізацыі дамовы пра калектыўную бяспеку (АДКБ).
Характэрнай рысай геаграфіі канфлікту з’яўляецца тое, што сам Карабах не мае агульнай мяжы з Арменіяй, таму армяне занялі вялікую частку чыста азербайджанскай тэрыторыі, каб «прабіць» калідор да тэрыторыі Арменіі. У той жа час паміж Арменіяй і Іранам заціснутая Нахічэванская аўтаномная рэспубліка Азербайджана, якая не мае наземнага кантакту з асноўнай тэрыторыяй дзяржавы.
У выніку з 1994 года канфлікт аказаўся «замарожаным» — Арменія і НКР былі відавочнымі пераможцамі, а Азербайджан не мог больш працягваць вайну. Аднак усе гэтыя 26 год Баку, карыстаючыся паступовым ростам коштаў на нафту, не спаў у шапку, а рэфарміраваў сваё войска, шукаў новыя міжнародныя кантакты і хаўруснікаў.
Перш за ўсё вадаспад грошаў ад продажу «чорнага золата» дазволіў Азербайджану радыкальна пераўзброіць сваё войска, рэарганізаваць яго на заходні манер, перападрыхтаваць ужо не адно пакаленне афіцэраў у замежных вайсковых навучальных установах. Важнейшым хаўруснікам Азербайджана стала не Расея, а Турцыя, краіна НАТО. Шмат тэхнікі, перш за ўсё беспілотнікі — куплялі ў Ізраіля (і ў той жа Турцыі).
Новыя «Паланэзы». Відэа Мінабароны Азербайджана
Азербайджан далучыўся да адукацыйных праграмаў НАТО, з 1997 году стаў ужываць ваенныя стандарты НАТО у арганізацыйнай структуры, падрыхтоўцы аператыўных планаў, вядзенні дакументазвароту, тэрміналогіі і арганізацыі вайсковых вучэнняў. З дапамогай НАТО былі распрацаваныя такія галоўныя дакументы як Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі, Вайсковая дактрына, Стратэгічны абаронны агляд.
Ваенны бюджэт краіны вырас у разы, што дало магчымасць падвысіць прэстыж службы ў войску, мадэрнізаваць рыштунак і ўніформу жаўнераў, рэзка павялічыць баявую моц — былі набытыя новыя артылерыйскія сістэмы, супрацьтанкавыя комплексы, стралковая зброя, танкі, сістэмы сувязі. Сярод іншых былі набытыя магутныя беларускія дальнабойныя сістэмы залпавага агню «Паланэз».
Арменія, куды больш бедная, не магла так шмат рабіць для сваёй (і НКР) абароны. Акрамя таго, як выглядае, «сіндром пераможцы ў мінулай вайне» шмат у чым тармазіў актыўнасць у сферы рэформаў і мадэрнізацыі.
Таксама адмоўным фактарам стала надзея на падтрымку Расеі і залежнасць Арменіі ад ваенна-тэхнічнай дапамогі з Расеі. Армянскія вайскоўцы асабліва не мелі магчымасці выбіраць — якую і дзе зброю купляць. І былі вымушаныя «браць, што даюць» у Маскве. Тое ж датычылася і агулам сітуацыі са стаўленнем да новых канцэпцый вядзення вайны. Выглядае, што мысленне армянскага генералітэту, залежнае ад састарэлых савецкіх і расейскіх канцэпцый, засталося ў 1990-х гадах.
27 верасня 2020 году ў Карабахе зноў зямля затрэслася ад выбухаў — і чым далей, тым болей стала відавочнай перавага азербайджанскіх сіл у баях.
Аказалася, што азербайджанцы змаглі арганізаваць складаную сістэму баявога і інфармацыйнага ўзаемадзеяння паміж пяхотай, бранятэхнікай, артылерыяй, авіяцыяй (разведвальнымі і ўдарнымі беспілотнікамі).
Зараз гэта выглядае так — пяхотны камандзір можа замовіць разведвальны палёт беспілотніка, адначасова той мае сувязь з суседнымі артылерыйкімі падраздзяленнямі, пры выяўленні цэлі яна можа быць вельмі хутка знішчаная ракетным ці артылерыйскім ударам. Усе яны звязаныя праз спецыяльныя камп’ютары і рэагуюць на падзеі на полі бою амаль у рэальным часе.
Відэа Міністэрства абароны Азербайджана — знішчэнне зенітна-ракетнага комплекса С-300.
Акрамя таго дзейнічаюць групы разведвальна-ўдарных і чыста ўдарных беспілотнікаў, аператары якіх самі шукаюць, выяўляюць і знішчаюць варожую тэхніку, фартыфікацыі і пяхоту.
У той жа час вайскоўцы НКР і Арменіі не змаглі выпрацаваць эфектыўную сістэму супрацьдзеяння тэхналагічна больш прасунутаму праціўніку. Выглядае на тое, што старыя савецкія і новыя расейскія сродкі супрацьпаветранай абароны аказаліся недастаткова эфектыўнымі ў барацьбе з беспілотнай пагрозай.
Толькі па афіцыйна апублікаваных відэа бачна, што Арменія ад беспілотнікаў страціла дзясяткі танкаў і ракетна-артылерыйскіх сістэм, шмат аўтамашын, зенітна-ракетныя комплексы, радыёлакацыйныя станцыі. У выніку атрымліваецца, напрыклад, што нават калі на фронце армянскія часткі яшчэ трымаюцца, то з тылу па дарогах да іх амаль не могуць патрапіць падмацаванні, ежа, банальныя патроны і снарады. Праз нейкі час армянскім жаўнерам прыходзіцца проста адступаць.
Для Арменіі вяртанне Нагорнага Карабаха пад кантроль Баку можа стаць нацыянальнай трагедыяй, улічваючы варожасць паміж 2 этнасамі. Аднак надзеі Еревана на дапамогу АДКБ (ці, дакладней, Расеі) ў ваенным канфлікце былі марнымі — Крэмль захоўвае маўчанне ці кажа нешта агульнае пра «рабяты, давайце жыць па-сяброўску».
У той жа час Турцыя актыўна дапамагае Азербайджану, войскі якога наступаюць, і, відавочна, выціскае Маскву з месца галоўнага гульца ў Закаўказскім рэгіёне.
Зараз расейскія вайсковыя эксперты схапіліся за галаву — магутнасць беспілотнікаў на полі боя нават у складанай горнай мясцовасці відавочная, а Расея адстала ў распрацоўцы такой тэхнікі не толькі ад ЗША і Ізраілю, але і нават і ад Турцыі.
Турэцкія баявыя беспілотнікі Bayraktar TB2 ваююць ужо з 2014 года, выкарыстоўваюцца і аднаразовыя лётаючыя баепрыпасы-смяротнікі, якія могуць доўга трымацца ў паветры, пакуль аператар не знойдзе момант і цэль для ўдару. Іх стала купляць і Украіна.
У той жа час праекты ўдарных беспілотнікаў РФ застаюцца праектамі, у серыйную вытворчасць пакуль не пайшоў аніводны. Толькі на ўзроўні праектаў засталіся і беларускія ўдарныя беспілотнікі.
Тая ж самая праблема ў Масквы і тых краін, якія на яе арыентуюцца, з фарміраваннем інфармацыйна-кампутарнай вайсковай сеткі, якая робіць магчымым настолькі глубокае і складанае ўзаемадзеянне розных падраздзяленняў на полі бою.
Арыентацыя на РФ у спалучэнні з тэхналагічнай адсталасцю Масквы у новых ваенных тэхналогіях прывяла да адсталасці ваенных хаўруснікаў РФ — і Арменіі, і Беларусі. Мы працягваем купляць літаральна адзінкавыя звычайныя самалёты і БТР у Расеі, мадэрнізаваць танкі за сумы, якія паранаўльныя з гадавымі абароннымі бюджэтамі Беларусі.
Гэтак, напрыклад, 12 знішчальнікаў Су-30М, ваенную і эканамічную эфектыўнасць набыцця якіх для Беларусі эксперты ставяць пад сумніў, будуць каштаваць нашай краіне каля $600 мільёнаў.
Але ніякі канкрэтны тып танку ці самалёту не вырашае вынік канфлікту, тым больш, калі набываюцца гэтыя танкі і самалёты адзінкамі, а галоўны чыннік набыцця — не столькі ваенная, сколькі палітычная і іміджавая мэтазгоднасць.
Беларускі Су-30СМ. Відэа Мінабароны Беларусі
Атрымліваецца, што мы праз сваю залежнасць ад Масквы (што ў свой бок абумоўлена існаваннем дыктатуры Аляксандра Лукашэнкі) выдаткоўваем агромныя для нашай краіны сродкі на непатрэбных «белых сланоў», замест таго, каб рабіць адэкватныя ваенныя рэформы, падвышаць прэстыж і ўзровень падрыхтоўкі афіцэраў, мадэрнізаваць сістэму кіравання войскам, купляць менавіта тое, што трэба для перамогі ў сучасных умовах.
***
Меркаванне і ацэнкі аўтара могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
***
Спадабаўся матэрыял? Паспей абмеркаваць яго ў каментах пабліка Reform.by на Facebook, пакуль усе нашы там. Далучайся да самай актыўнай суполкі рэфарматараў у Беларусі і запрашай сяброў!