Кураж, творчасць і крыху хаосу. Так можна ахарактарызаваць атмасферу пляцоўкі Zolak, якая адкрылася ўчора ў Вільні. У камандзе яе заснавальнікаў — актывіст Пятро Маркелаў, праваабаронца Аліна Нагорная і фатограф Сяргей Гудзілін. У наяўнасці — 150 кв. метраў плошчаў былых завадскіх памяшканняў, пераўтвораных у шматфункцыянальны space. Усё гэта па руху нагадвае стары-добры ЦЭХ, але ў віленскай версіі — больш кампактны ды з рознымі закуточкамі.
Карэспандэнт Reform.news правёў у «Золку», які месціцца па адрасе Vytenio g. 50D, больш за шэсць гадзін і можа засведчыць, што адчуў вайбы Мінска канца 2010-х.
На гадзінніку — толькі 12.30, а ў «Золку» ў гэты час ў галоўнай зале ладзіцца разагравальны дыска-сэт ад Viki P. Людзей няшмат, але нікога гэта не засмучае.
Нашу невялікую групу наведвальнікаў вітае фатограф і відэамастак Сяргей Гудзілін.
— Тут у нас — вялікая зала, тут — бар, — праводзіць ён экскурсію па прасторы, — а ў гэтым памяшканні зараз будзе адбывацца майстар-клас Андрэя Бусла, заснавальніка Hutka Smachnaa.


Нягледзячы на кампактнасць, пляцоўка ўтрымлівае розныя міні-прасторы: акрамя вышэйназваных, праходзім міма крамкі і так званай лаўнж-зоны, дзе можна паглядзець архіўныя відэа легендаў беларускай музыкі. Першы раз трапляем на кліп Аляксея Шадзько, а потым на запіс выступлення «Ты кінула» «Ляпіса Трубяцкога», напэўна, года так 1998-га.

Гэта архіўны «вінтаж» аказвае заварожваючае ўздзеянне.
— Як гэта ўсё можна назваць? Умоўна, студыя. Але лепш публічнымі майстэрнямі, — акарэслівае канцэпцыю пляцоўкі Сяргей. — Для каго? Для сябе, сяброў, людзей, якіх я ведаю ў Вільні. Для ўсіх, каму цікава, — фатограф як іртуць перамяшчаецца з пакоя ў пакой, ці то наладжваючы апаратуру, ці то фатографуючы наведвальнікаў на палароід. Пакуль галерэя адбіткаў невялікая, але відавочна, што яна будзе расці.
Прастора «Золак» у цэлым аформлена аскетычна-эклектычна, з пэўнымі адсылкамі да ідэй лібертарыянства, але тут адчуваецца энергія пачатку новай справы, якая акумулюецца з кожнай хвілінай.

— Мы не з’яўляемся пляцоўкай грантавай мадэлі, — удакладняе ўжо эканамічны канцэпт Сяргей. — Не з’яўляемся месцам, дзе ўсё зразумела, дзе стаіць мэбля з IKEA, і гэтак далей — у нас трошкі левы погляд на дзейнасць. Мы вітаем усіх — літоўцаў, беларусаў, рокераў, электроншчыкаў, рэйвераў, праграмістаў, а таксама і асацыяльных элементаў беларускай эміграцыі. Мы зацікаўлены ў тым, каб гуртаваць кам’юніці, і пры гэтым вынаходзіць уласную мадэль існавання.
Паўсюль на вокнах і сценах вісяць знакі біткоіна, і яны яшчэ дадуцца ў знакі, калі Пятро Маркелаў, галоўны заснавальнік «Золку», пачне запрашаць усіх на лекцыю пра крыптавалюту.

Але частка публікі шчыльна засядзе ў іншай зале — у майстэрні Андрэя Бусла. Тут на стале ляжаць часткі слынных аб’ектаў-свяцільняў мастака — вагоны цягнікоў без вокнаў, домікі з Асмолаўкі без дахаў, і вільнюскія шматпавярховікі без аздаблення. Упершыню ўдаецца ўбачыць тыя аб’екты ў разабраным выглядзе. Акурат сабраць іх, склеіць і расфарбаваць і прапануе на майстар-класе творца. І для кагосьці той занятак выглядае больш прывабным за лекцыю пра крыпту.
— Аказваецца, мастаком быць так складана, — кажа адна дзяўчына, размалёўваючы кіёск «Хутка Смачна» ў мініяцюры.
— А гэтыя кіёскі яшчэ засталіся ў Беларусі? — пытаецца нехта.
— Кажуць, што яшчэ ў Віцебску ёсць, — адказвае Андрэй Бусел, і ўсе ўдзельнікі майстар-класа настальгічна ўздыхаюць.
Найбольшым попытам у беларускай кліентуры па-ранейшаму карыстаюцца вагоны цягніка мінскага метро. Але ёсць у майстэрні і «мадэлі» з парыжскага метро, з транспарту іншых гарадоў.
Пасля абеду ў «Золак» «падцягваецца» больш моладзі; яны выбірае розныя напоі ў бары і «завісае» ў куточках. На канапе сядзіць музыка Вячаслаў Кміт, які мусіць выступіць увечары.
Шчыра кажучы, кураж стваральнікаў пляцоўкі і збянтэжвае, і падкупае. У той час, калі ў актуальных варунках трампаўскай палітыкі культурніцкія і медыяпраекты ўсё больш звяртаюцца па дапамогу, адкрыццё «Золку» выглядае як маленькая ўтопія.

Пятро Маркелаў, сузаснавальнік «Золку», пацвярджае, што іх ініцыятыва ў пэўным сэнсе такой і ёсць.
— Як усё далей атрымаецца — не вядома, — распавядае актывіст, які літаральна дзень і ноч праводзіць у прасторы. — Я проста ўбачыў, што падобнага месца ў горадзе няма. Такой пляцоўкі, якая падтрымлівае контркультуру, культуру контркультуры (усміхаецца). Шчыра кажучы, на стварэнне «Золку» мяне натхніў «Моладзевы блок» у Познані. Гэта месца, дзе збіраюцца цікавыя людзі, ладзяць спевы, робяць татухі, туды можна прыйсці пабачыць сяброў, беларусаў — вельмі класны праект. І я падумаў, што штосьці падобнае варта стварыць тут.

Пятро доўгі час жыў у Чэхіі, дзе яму не ўдавалася знайсці падобнага культурніцкага асяродку для беларусаў. «Моладзевы блок» у Познані аказаўся ў гэтым плане месцам выратавальным.
— Мне падаецца, што такога месца, якое паказвае, што дзіваком быць класна, у Вільні яшчэ няма, — разважае ён.
На конт далейшай камерцыялізацыі і развіцця праекта Пятро мае аптымістычныя планы.
— У нас шматфункцыянальная пляцоўка: тут ёсць і каворкінг, і кіназала, канцэртная зала, крыпта-бар, лазня. Тут можна зладзіць невялікую вечарыну, дзень народзінаў, невялікі карпаратыў. Мне падаецца, што попыт будзе — праз нейкі час пляцоўку можна будзе здаваць пад івэнты, і такім чынам акупаць.
Каманда «Золку» разлічвае таксама і на праграму рэзідэнцтва, якая мае на ўвазе штомесячную аплату па прынцыпе падпіскі. Праграма дае магчымасць наведваць прастору па-за імпрэзамі, бясплатна браніраваць пакоі для мерапрыемстваў, а таксама дае доступ да каворкінгу і лазні. Рэзідэнтам можна стаць і праз пра-бона ўнёскі «справай» – арганізатары вітаюць любыя навыкі ды ідэі.

— Мне падаецца, што ключавым фактарам у развіцці кожнай справы з’яўляецца ўключэнне саміх людзей, — кажа Пятро. — Калі беларусы пачнуць адчуваць прыналежнасць да праекта, адказнасць за яго, гэта не можа закончыцца хутка. Тады ўсё гэта вырасце ў доўгатэрміновую гісторыю. Я вось уклаўся ў «Золак» і не шкадую.
Пятро сыходзіць сустракаць новую публіку, а ў лаунж-зоне з’яўляецца Аліна Нагорная, моўная праваабронца, аўтарка кнігі «Мова 404», а таксама дзіцячага твору «У Слуцку на машыне часу».
У Аліны выдатны настрой, і яна падзяляе аптымізм партнёра ў дачыненні да будучыні.
— Пагаджуся, што шмат пляцовак зараз у крызісе, але гэта не падстава нічога не рабіць, -— дзеліцца яна сваім меркаваннем. -— На прыкладзе «Золку» мы проста хочам даць людзям магчымасць пачуваць сябе добра. Прадаставіць месца, дзе можна ствараць, тусавацца, рабіць свае імпрэзы. Мы проста шукаем людзей, якія падзяляюць нашы каштоўнасці творчасці, свабоды, актывізіму, і падобны запыт, падаецца, шмат у каго ёсць. Каб у нас тут нараджаліся новыя сувязі, калабарацыі паміж людзьмі. Быць можа, гэта і ўтопія разлічваць на дапамогу камьюніці, але мы ў яго верым.
Вячаслаў Кміт, зорка фільма «Лебядзіная песня Фёдара Озерава», увечары сустракае ў зале ўжо вялікую аўдыторыю.



— Я і не думаў, што прыйдзе столькі людзей, — здзіўлена кажа songwriter і пачынае спяваць. Фонам да выступлення музыкі паказваюцца на экране кадры савецкага Мінска.
Мінскі вайб «акумулюецца» тут праз відэа і спевы, мастацкія аб’екты і мову, праз людзей, якія ствараюць прастору ўласнага паразумення, стасункаў і творчасці.
У «Золку» ў дзень адкрыцця зазірнулі музыка Света Бень, адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна, літаратуразнаўца Ціхан Чарнякевіч, культуролаг Максім Жбанкоў, актывіст Ілья Міронаў, амаль увесь склад гурта Syndrom Samazvanca на чале з Уладзем Лянкевічам, і шмат хто яшчэ.
Невядома, як далей складзецца будучыня пляцоўкі, але для золку «Золку» ўсё выглядае вельмі нядрэнна.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram