На выставе пад назвай «Ніткі супраціву» пакажуць вышыўкі, створаныя ўдзельніцамі праекта #FramedinBelarus, і працы Руфіны Базловай 2020-2023 гадоў, прысвечаныя беларускаму супраціву.
129 вышывак рэпрэзентуюць 8 «народных артыкулаў», на выставе, такім чынам, пакажуць трэцюю частку ад усіх створаных прац.
Праект #FramedinBelarus – працяг серыі прац Руфіны Базловай пад назвай «Гісторыя беларускай выжыванкі».
Мэта праекта – стварыць партрэт кожнага з больш за 1500 незаконна асуджаных беларусаў і беларусак, выкарыстоўваючы традыцыйную беларускую тэхніку вышыўкі крыжам – чырвонай ніткай на белым фоне.
Схема для кожнай вышыўкі малюецца мастачкай, аднак самі вышыўкі ствараюцца ўдзельніцамі з розных краін.
Праз жэст творчай салідарнасці праект дазваляе людзям сімвалічна падтрымаць тых, хто пацярпеў ад рэжыму, і падзяліцца іх гісторыямі з дапамогай палітычнай пратэснай вышыўкі.
Ідэя праекта з’явілася ў мастачкі зімой 2021 года. Яна заключалася ў тым, каб стварыць узор кожнага палітвязня паводле канкрэтнай схемы. У цэнтры вышыўкі змяшчалася фігура палітвязня, імя, прозвішча і візуальны аповед пра тое, што адбылося, чаму чалавек знаходзіцца ў турме. Пасля арганізатаркі (сама Руфіна Базлова і куратарка з Малдовы Сафія Токар) запрасілі ўзяць удзел усіх жадаючых, каб вышыць адну або некалькі гісторый пра палітычных зняволеных. Усе працы плануюць сабраць разам у выглядзе вялікай лапікавай коўдры або мазаікі і выставіць у свабоднай Беларусі.
Адкрыццё выставы запланавана на 7 кастрычніка ў 17.00 у галерэі Сярэднечэшскага краю (горад Кутна-Гара).
Пра пачатак міжнароднай акцыі-перформанса можна пачытаць тут.
Сайт праекта тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram