Два дні таму дырэктару Гомельскага маладзёжнага тэатра Алене Маставенка ўручылі паведамленне аб непрацягненні кантракта. Пра новы факт рэпрэсій у тэатры паведаміла сёння тэатральны крытык Настасся Панкратава.
Кантракт у Алены Маставенка заканчваўся 25 студзеня. Але яго прапанавалі скасаваць да заканчэння тэрміну. Прычыны звальнення пакуль агучаны не былі.
Са слоў Настассі Панкратавай, акцёры, даведаўшыся пра звальненне, пішуць лісты ў абарону свайго кіраўніка. Але шанцаў змяніць сітуацыю мала.
Алена Маставенка прыйшла ў гомельскую тэатральную ўстанову ў 2017 годзе. За час яе кіравання ў Маладзёжным з’явілася шмат небанальных аўтараў і яскравых пастаноўшчыкаў. На сцэне рэгіянальнага тэатра ставілі такія рэжысёры, як Дзяніс Паршын, Юрый Дзівакоў, Віталь Краўчанка. Для сцэнічнага ўвасаблення браліся п’есы сучасных беларускіх драматургаў, а таксама замежных — у прыватнасці, культавага брытана-ірландскага аўтара Марціна Макдонаха.
Прарыў Маладзёжнага быў настолькі відавочным, што яго запрасілі з міні-гастролямі на Нацыянальную тэатральную прэмію.
«Мясцовыя ўлады называлі Маладзёжку самым лампавым тэатрам у горадзе, — адзначае Настасся Панкратава. — Ну а цяпер атмасферны тэатр імкліва адкаціўся да безааблічнага калектыва, якіх сёння досыць (на жаль) у Беларусі».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram