У Варшаве ў Цэнтры беларускай салідарнасці адбылася прэзентацыя анталогіі новай беларускай драмы «Niekończący się sierpień» («Бясконцы жнівень»), выдадзенай на польскай мове. Кніга была надрукаваная дзякуючы Фонду «Za Wolność Waszą i Naszą» пры фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы пад рэдакцыяй Ірыны Лапо і Генрыха Мазуркевіча.
У анталогіі сабраныя творы пра падзеі 2020 года і наступствы гэтых падзей.
Ва ўступным слове выдавец адзначыў, што публікацыя анталогіі мае вялікае значэнне як для беларусаў, так для і палякаў. Для беларусаў – гэта дакументаванне драматычных падзей найноўшай гісторыі і мастацкае выказванне, якое дапамагае перапрацоўваць траўмы. Для польскай аўдыторыі – гэта шанец больш даведацца і глыбей зразумець сваіх беларускіх суседзяў.
Пацікавіліся ў рэдактаркі кнігі Ірыны Лапо пра змест анталогіі.
Тэатразнаўца расказала, што ў анталогію ўвайшлі шэсць сучасных беларускіх п’ес, якія сведчаць пра падзеі ў Беларусі за апошнія пяць гадоў. «Назва анталогіі інспіраваная п‘есай Sextilis («Дыялогі жніўня»), аўтар якой выступае пад псеўданімам, — расказала спадарыня Ірына. — У п’есе апісаныя жнівеньскія падзеі аж да эміграцыі галоўных герояў, падчас якіх сталая жанчына, якая іх праважае, разумее, што можа ніколі не ўбачыць унукаў. Адсюль бясконцы жнівень. Далей ідзе п‘еса «Паўгады», — дакументальная драма падзей жніўня. Яна падпісаная Вікторыяй Коваль, насамрэч гэта Кася Чэкатоўская, якая цяпер можа адкрыць сваё імя.
Наступная п‘еса адказвае на пытанні, якія бадай задавалі сабе ўсе беларусы: «А хто там па іншым баку? Пра што думаюць сілавікі? На гэтыя пытанні адказвае п‘еса Сяргея Гірыта «Мора Крысціна».
Наступны твор напісала паэтка Ганна Камар – з жаночай перспектывы і з перспектывы цела, якое рэагуе на гвалт — псіхічны і фізічны.
Дзеянне п‘есы ананімнага аўтара «Шашлыкі» разгортваецца ў Беларусі на дачы. Сямейны канфлікт адбываецца на фоне вайны ва Украіне. П‘еса цікавая для эмігрантаў, якія не ведаюць, як людзі ў Беларусі ставяцца да вайны ва Украіне. Яна апавядае пра ўнутраную эміграцыю, а таксама пра людзей, якія пагадзіліся з рэжымам, якія падтрымліваюць вайну.
Апошні твор — «Экстрэмісты» Юліі Цімафеевай, паэткі, якая напісала п‘есу на дакументальным матэрыяле, спалучыўшы ўласныя вершы з перапіскай з братам, які сядзеў у турме.
Некаторыя рэаліі, даволі сімвалічныя, паўтараюцца з п‘есы да п‘есы. Калісьці пра іх пісалі ў 2020 годзе ў Польшчы, але палякі ўжо не памятаюць, што такое Акрэсціна, Валадарка, «народны артыкул» і таму падобныя рэчы. І таму мы зрабілі «Слоўнічак Бясконцага жніўня», у якім сабралі ўсе гэтыя тэрміны і паспрабавалі іх патлумачыць. То-бок каб не рабіць спасылак у тэкстах, стварылі маленькую энцыклапедыю беларускага палітычнага жыцця», — расказала Ірына Лапо.
Польскі тэатразнаўца і філосаф Генрых Мазуркевіч напісаў уступ да анталогіі, у якім расказаў пра гісторыю пратэстаў. Ірына Лапо стварыла заключны тэкст пра тэатральную сцэну як інструмент памяці. Адмыслоўцы прысвяцілі падрыхтоўцы выдання два гады, каб «супрацьдзейнічаць забыццю і знішчэнню гісторыі», — падкрэслівае Ірына Лапо і дадае, што гэтыя шэсць п‘ес прапануюць рознабаковы погляд на тое, пра што мы і самі пачалі забываць, таму, магчыма, варта было б падумаць і пра беларускае выданне.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram