У мінскай мастацкай галерэі «Цэнтр» адкрылася выстава рухаўскіх дываноў, традыцыя вырабу якіх унесена ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей

У мінскай мастацкай галерэі «Цэнтр» цэнтра народнай творчасці адкрылася выстава «Рухаўскія дываны».

Рухаўскія дываны — гэта насценныя пано буйнога памеру, дэкараваныя аплікацыяй з саломкі яскравых колераў па чорнай тканіне, якая нацягнута на драўляны падрамнік. Выраб дываноў у такой тэхніцы распаўсюджаны ў вёсцы Рухава (Старадарожскі раён Мінскай вобласці). Пачынальніцай мясцовай традыцыі стала Кацярына Русаковіч (1925-1997), якая стала развіваць распаўсюджаны ў пасляваенны час спосаб дэкаравання жылых памяшканняў. Майстрыха натхніла сваякоў і аднавяскоўцаў, яна не толькі сама вырабляла дываны, але і выгадавала маладых пераемнікаў рамяства, якія захоўваюць традыцыю па сённяшні дзень.

Фота: сацсеткі

У рухаўскіх дыванах спалучыліся як дасягненні ўласна аплікацыі саломкай, так і іншых відаў народнага мастацтва: маляваных дываноў, тканых посцілак, вышыўкі. Па сведчанню доктара мастацтвазнаўства Яўгена Сахуты менавіта рухаўскія майстрыхі давялі мастацтва аплікацыі саломай па тканіне да гранічнай дасканаласці.

Фота: сацсеткі

Традыцыйныя рухаўскія дываны ўяўляюць сабой насценныя пано буйнога памеру, дэкараваныя аплікацыяй з саломкі яскравых колераў па чорнай тканіне, нацягнутай на драўляны падрамнік. Сіметрычнае размяшчэнне саламяных узораў па ўсёй паверхні пачынаецца з галоўнага, цэнтральнага матыву, якім могуць быць пышны букет кветак, дрэва з птушкамі, пара аленяў, зайцоў або галубоў, выкананыя ў наіўна-рэалістычнай манеры і абрамленыя раслінным вянком. Па краях дыван мае акаймоўку з разетак, кветак і раслінных парасткаў.

Выраб дываноў у тэхніцы аплікацыі саломкай па тканіне, які распаўсюджаны ў вёсках Рухава, Палажэвічы, горадзе Старыя Дарогі Старадарожскага раёна Мінскай вобласці, унесены ў 2020 годзе ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Выстава працуе па 28 чэрвеня па адрасе вуліца Гікалы, 4.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!