Прэмія Рэспублікі Свядомасці (Republic of Consciousness Prize), якая штогод узнагароджвае мастацкую літаратуру, выдадзеную невялікімі выдавецтвамі Вялікабрытаніі і Ірландыі, абвясціла кароткі спіс 2024. У пяцёрку найлепшых увайшоў дакументальны раман палітвязня Максіма Знака, заўважыў bellit.info.
У перакладзе Джыма і Элы Дзінглі «Зэкамерон» выйшаў у выдавецтве Scotland Street Press.
Анатацыя на сайце прэміі паведамляе: «100 апавяданняў у «Зэкамероне» заснаваныя на «Дэкамероне» XIV стагоддзя, але Максім Знак бліжэйшы да Бэкета, чым да Бакача. Банальнасць і жорсткасць супернічаюць са здольнасцю чалавека трываць прыгнёт. Рознагалосыя гісторыі Знака складаюць 100 дзён зняволення ў беларускай турме. Лаканічна, іранічна; сухі гумар. Гэтыя гісторыі сведчаць пра супраціў і самасцвярджэнне, а таксама пра шчырую цеплыню і ўдзячнасць таварышам-вязням. Гэтыя апавяданні Знак пісаў у зняволенні, але потым яны змаглі трапіць за сцены турмы».
«Падманліва лёгкія, але моцныя гісторыі зняволенага беларускага юрыста і актывіста. Сапраўды важная кніга», — рэзюмуе журы прэміі.
Прэмія Рэспублікі Свядомасці (Republic of Consciousness Prize) для малых выдавецтваў — штогадовая Брытанская літаратурная прэмія, заснаваная пісьменнікам Нілам Грыфітсам. Яна прысуджаецца за мастацкую літаратуру, якая выдаецца малымі выдавецтвамі Вялікабрытаніі і Ірландыі (у якіх працуе менш за пяць штатных супрацоўнікаў). Прызавы фонд, першапачаткова сабраны з дапамогай краўдфандынгу, а пазней павялічаны за кошт спонсарства, дзеліцца паміж выдавецтвам і аўтарам.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: