Сёння, 8 сакавіка, жаночая выдавецкая ініцыятыва «Пфляўмбаўм» падзялілася вынікам шматгадовай працы. Тры кнігі беларускіх паэтак, якія пачыналі ў 1920-х, прадстаўлены публіцы — гэта «Сонца», уласна, Яўгеніі Пфляўмбаўм, імя якой носіць выдавецтва, «Да новага заўтра» Зінаіды Бандарынай і «Неба мнагавокае» Наталлі Вішнеўскай.
«Збор выбраных твораў трох беларускіх паэтак, паплечніц, якія дэбютавалі ў 1926 годзе сумеснай кнігай “Вершы” — вынік шматгадовай руплівай працы нашых даследчыкаў літаратуры, — падкрэслівае ініцыятыва. — Над укладаннем кніг працавалі кандыдаты філалагічных навук Аксана Данільчык (Бандарына, Пфляўмбаўм) і Віктар Жыбуль (Вішнеўская)».
Адзначаецца, што ў выданнях Зінаіды Бандарынай і Яўгеніі Пфляўмбаўм чытачы знойдуць выбраную паэзію аўтарак.
«Аснову кнігі Наталлі Вішнеўскай склаў яе багаты эпісталярый, а таксама пададзеная паэтычная і іншая спадчына паэткі», — прадстаўляе трэцяе выданне «Пфляўмбаўм».
У кожнай з кніг ёсць уступнае слова з біяграфічнымі звесткамі, каментары і дадатак з фотаздымкамі і некаторымі дакументамі.
«Многія з іх ніколі не друкаваліся і да сённяшняга дня не былі знаёмыя шырокаму чытацкаму колу», — звяртаюць увагу стваральнікі серыі.
Над афамленнем кніг працаў беларускі мастак Сяргей Шабохін.
«Партрэты аўтарак, шрыфты назваў, натхнёныя беларускім кніжным і часопісным дызайнам 1920-х», — адзначаецца ў паведамленні.
Вёрстка — Юліі Глоба. Карэктура — Святланы Богуш.
Ужо ад заўтра кнігі можна набыць у кнігарнях: «Кніжная шафа» (Дзяржынскага, 9); Marks (вул. Маркса, 11); «Параграф45» (вул. Леаніда Бяды, 45); Раман Цымбераў, гандлёвы цэнтр «Купалаўскі”, крама 41-42 (ст. м. Кастрычніцкая).
Нагадаем, што менавіта выдавецтва «Пфляўмбаўм» два гады таму надрукавала выбітныя кнігі такіх беларускіх аўтарак як Таня Скарынкіна — «Райцэнтр», Ева Вежнавец — «Па што ідзеш, воўча?». Гэтыя творы таленавітых пісьменніц сталі лаўрэатамі галоўнай літаратурнай прэміі Беларусі — прэміі Ежы Гедройця — у 2021 годзе.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: