Збіраецца архіў і рыхтуецца альбом творчай спадчыны Алеся Пушкіна. Каманда праекта просіць дасылаць матэрыялы пра творцу

Культура
Фота: t.me/artpower_belarus

Восенню 2026 года плануецца выхад вялікага альбома Алеся Пушкіна.

Каманда ініцыятараў праекта апрацавала архіў матэрыялаў, звязаных з жыццём і творчасцю мастака і падрыхтавала выдавецкі макет мастацкага альбома.

Будучы альбом на больш як 250 вялікафарматных старонках прадставіць ключавыя аспекты мастацкай дзейнасці Алеся Пушкіна — ад жывапісу і перформансаў да сакральнага мастацтва і грамадскіх акцый.

Адным з важных вынікаў працы над выданнем стала развіццё і напаўненне старонкі-памяці alespushkin.com.

Сёння там прадстаўлена каля 300 твораў Алеся Пушкіна: жывапіс, графіка, перформансы, роспісы, іканапіс, кніжная ілюстрацыя і іншыя працы. У архіўным раздзеле сабраныя інтэрв’ю мастака, даследчыя тэксты, успаміны і матэрыялы пра ягоную творчасць.

Падчас працы значна павялічыўся аб’ём архіва. Удалося сабраць невядомыя або цяжкадаступныя матэрыялы: прыватныя фотаздымкі, перапіску, аўдыёзапісы, сведчанні сучаснікаў, творчыя справаздачы і дакументы. Частка з іх захоўвалася ў прыватных архівах людзей, якія працавалі з мастаком у розныя гады.

Аднак праца над архівам працягваецца, таму каманда праекта просіць дасылаць якасныя фотаздымкі прац, арыгінальныя матэрыялы, дакументы або іншыя сведчанні, звязаныя з жыццём і творчасцю Алеся Пушкіна, на пошту: [email protected]

Праект падтрыманы праграмай ArtPower Belarus і фінансуецца Еўрапейскім Саюзам.

Нагадаем, што 57-гадовы мастак Алесь Пушкін памёр у шпіталі хуткай дапамогі Гродна 11 ліпеня 2023 года. Мастака пахавалі на яго радзіме ў вёсцы Бобр Крупскага раёна.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!

REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.