Заснавана новая прэмія «Голас пакалення свабоды» — для выбітных журналістаў, праваабаронцаў, літаратараў ва ўзросце 60+

Беларускі ПЭН у партнёрстве з Праваабарончым цэнтрам «Вясна», Беларускай асацыяцыяй журналістаў, Прэс-клубам Беларусь і Фондам «Свабодная прэса для Усходняй Еўропы» абвяшчае заснаванне новай прэміі «Голас пакалення свабоды».

Прэмія створана для ўшанавання жыццёвых дасягненняў і праваабарончай дзейнасці выдатных беларускіх літаратараў, праваабаронцаў і журналістаў ва ўзросце 60+, якія былі вымушаны эміграваць праз пераслед пасля 2020 года.

Мэта прэміі – выказаць глыбокую павагу і ўдзячнасць за ўнёсак лаўрэатаў у культуру і грамадства Беларусі, а таксама адзначыць іх нязменную пазіцыю перад абліччам рэпрэсій.

Рашэнне аб прысуджэнні прэміі будзе прымаць адмысловае журы, у склад якога ўваходзяць асобы ад усіх арганізацый-партнёраў: Святлана Алексіевіч (Беларускі ПЭН), Андрэй Бастунец (БАЖ), Павал Сапелка («Вясна»), Надзея Белахвосцік (Прэс-клуб Беларусь), Марыя Садоўская-Камлач («Свабодная прэса для Усходняй Еўропы»).

«Мы ўсведамляем, што людзей, якія заслугоўваюць гэтай прэміі, значна больш, чым магчымасцяў у нас сёлета, і спадзяёмся, што ў будучыні ў нас будзе магчымасць працягнуць гэтую справу», — распавяла пра новую ініцыятыву старшыня Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай.

«Таксама разумеем, што асобы, годныя ўганаравання, знаходзяцца і ўнутры Беларусі, — дадала яна. — Нашая мэта – не раздзяліць на «тут» і «там», а паспрабаваць праз такую прэмію даць магчымасць тым, хто мусіў пакінуць Беларусь, працягнуць сваю творчую, журналісцкую і/ці праваабарончую дзейнасць.

Я глыбока перакананая, што сёння людзі, якім давялося стаць уцекачамі і выжываць на чужыне, могуць зрабіць істотны ўнёсак у агульную справу, і спадзяюся, што прэмія, акрамя належнага прызнання, дасць ім магчымасць забяспечыць сваё існаванне хаця б на кароткі перыяд і зрэалізаваць літаратурны, журналісцкі ці праваабарончы праект».

Прэмія мае фінансавы характар (некалькі тысяч еўра). Акрамя таго, матэрыялы пра лаўрэатаў увойдуць у адмысловы зборнік пад назвай «Голас пакалення свабоды», які будзе апублікаваны Беларускім ПЭНам і партнёрамі ў электроннай форме. Матэрыял у зборніку з’яўляецца абавязковай умовай для атрымання прэміі.

Арганізатарамі былі агучаны і асноўныя крытэрыі, якім мусяць адпавядаць кандыдаты:

  • Мець значныя дасягненні ў галіне літаратуры, журналістыкі або абароны правоў чалавека ў Беларусі.
  • Не пазней як у 2025 годзе дасягнуць 60-гадовага ўзросту.
  • Быць вымушанымі эмігрантамі/эмігранткамі з Беларусі пасля 2020 года ў сувязі з пераследам і пражываць у Польшчы, Чэхіі або Літве.
  • Актыўна ўдзельнічаць у пабудове незалежнай грамадзянскай супольнасці.
  • Вылучацца грамадзянскай адвагай, непахіснасцю прынцыпаў і прыхільнасцю да дэмакратычных каштоўнасцяў і правоў чалавека.

Вылучыць кандыдатаў на прэмію можна праз зварот да арганізацый-партнёраў. Заяўкі будуць прымацца выключна праз анлайн-форму, якая будзе дадзена ахвочым пасля іх верыфікацыі. Кожнае вылучэнне мусіць мець падрабязнае апісанне дасягненняў кандыдата і абгрунтаванне.

Намінацыі прымаюцца да 20 верасня 2025 года ўключна.

Узнагарода лаўрэатаў і дыскусія адбудзецца 15 лістапада 2025 года як дадатковая падзея перад цырымоніяй уручэння прэміі імя Ежы Гедройця.

Азнаёміцца з рэгламентам прэміі «Голас пакалення свабоды» можна тут.

Кантактныя адрасы арганізатараў і партнёраў прэміі тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!