Ілона Карпюк. Фота: Яўген Атцецкі.
Падляшша – унікальны памежны рэгіён Польшчы, дзе сустракаюцца заходняя і ўсходняя хрысціянскія традыцыі, а беларуская мова і культура з’яўляюцца арганічнай часткай мясцовага ландшафту. Але ў выніку складанага гістарычнага кантэксту для некаторых пакаленняў уласная нацыянальная ідэнтычнасць стала адкрыццём, якое сфарміравала іх далейшы шлях.
У новым праекце мы распавядаем гісторыі знакавых беларусаў Падляшша і Беласточчыны, для якіх нацыянальная ідэнтычнасць стала вынікам свядомага выбару.
Маё знаёмства з сённяшняй гераіняй пачалося яшчэ дзесяць гадоў таму, калі аднойчы ў сеціве натрапіла на фантастычную песню на верш Алеся Разанава «На гэтай зямлі» ў выкананні беластоцкага гурта Ilo&Friends. Уразіла адметная манера спеваў салісткі — Ілоны Карпюк, прачытанне твору беларускага паэта. І вось праз дзесяць год я ў эміграцыі наноў знаёмлюся з Ілонай — па-ранейшаму музыкай Ilo&Friend, але таксама культурніцкім менеджарам з вялікім досведам. Ілона сёння працуе намесніцай дырэктара Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку (Centrum Kultury Białoruskiej w Białymstoku) — адной з маладзейшых інстытуцый у Польшчы з фокусам на беларускую культуру.
Калі мы прыязджаем у Беласток, у горадзе ідзе невялікі дожджык. Ілона сустракае нас у будынку на вуліцы Варшаўскай 1а у асобным кабінеце. Тут на другім паверсе размешчаны часткі памяшканняў новай установы.
— Падаецца, што Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку быў заўжды, улічваючы гістарычны кантэкст, — каментую ўбачанае, — але я так разумею, што вы толькі нядаўна займелі новае памяшканне?
— Гэта праўда. Але заўважу, што Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку быў створаны толькі ў 2024 годзе, — адказвае менеджарка. — Гэта адна з маладзейшых устаноў, якая займаецца беларускай культурай у Польшчы. Прычым Цэнтр — самаўрадавая ўстанова, арганізатарам якой з’яўляецца Падляшскае ваяводства. І гэта адзіная ўстанова ў Польшчы для меншасцей, у дадзеным выпадку, беларускай. Мы зарэгістраваны як структура, якая працуе на аснове польскага заканадаўства па арганізацыі культурнай дзейнасці і публічных фінансаў.
Статус арганізацыі прыемна здзіўляе, бо гэта значыць, што цяпер Цэнтр мае доўгатэрміновую падтрымку з боку дзяржавы.
Ілона распавядае, як удалося гэтага дамагчыся:
— Можна сказаць, што адбыўся рэзананс асяроддзя. Дзякуючы ўдаламу збегу абставінаў, а таксама і таму, што шмат гадоў на Беласточчыне дзейнічалі розныя пазаўрадавыя арганізацыі, якія падтрымлівалі беларускую культуру.
Гаворка — і пра Беларускае грамадскае культурнае таварыства, Тыднёвік «Ніва», якія працавалі з 1950-х, Беларускае аб’яднанне студэнтаў, якое ўтварылася ў 1980-я, Беларускае гістарычнае таварыства, Беларускае дэмакратычнае аб’яднанне, добрая вядомы сёння Фонд «Камунікат», і шмат іншых ініцыятыў — усё разам стварала сетку, якая падтрымлівала беларушчыну. А ў 2023 годзе «падулі спрыяльныя вятры», якія і дазволілі паўстаць ужо новай арганізацыі.
— Яшчэ раней мы ўтварылі пазаўрадавую ініцыятыву «Цэнтр беларускай культуры» — з такой самай назвай, каб паказаць, што нашы арганізацыі гатовыя да таго, каб узнікла такая ўстанова. І гэты «Цэнтр» выступіў перад уладамі ваяводства як “цела”, якое гаворыць пра вагу, прызначэнне, неабходнасць такой структуры, — даводзіць Ілона Карпюк. — І на аснове гэтага праекта тагачасны маршалак схіліўся да прапановы вылучыць нашу заўку ў сойм. І яна набрала дастатковую колькасць галасоў, — абмалёўвае працэдуру паўставання Цэнтра наша суразмоўца.
Як бы там не было, але цуд здарыўся — Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку адкрыўся, і сёння ў ім працуе адзінаццаць чалавек. Раней арганізацыя размяшчалася ў будынку Маршалкоўскай управы, чакаючы рамонту памяшкання па вуліцы Міцкевіча. Але нядаўна адміністрацыя вырашыла арандаваць будынак па вуліцы Варшаўскай 1а, каб паўнавартасна дзейнічаць і развівацца.
Зараз Цэнтр развівае некалькі напрамкаў: ад збора архіву — да арганізацыі канцэртаў класічнай беларускай музыкі.
Першы прыпынак у адным з “аддзелаў” Цэнтра — гэта архіў. Менавіта так — архіўны збор у працэсе камплектацыі, але нават гэты невялікі пакой з шафамі, на паліцах якіх стаяць скрыні з артэфактамі, захоплівае імгненна нашу ўвагу.
— Збор на гэты момант налічвае больш за тры тысячы адзінак, — паказвае на стэлажы Ілона. — Збіраем дакументы, фотаздымкі, кніжкі, лістоўкі, афішы — усё, што датычыцца беларускай культуры.
Культурніцкая менеджарка паказвае адну з першых калекцый установы — больш за дзве сотні касет запісаў музыколага, фалькларыста, даследчыка з Падляшша Сцяпана Копы.
— У 1980-1990-я гады Сцяпан Копа ездзіў па вёсках, і запісваў песні, казкі, расказы пра абрады. А таксама вёў народныя калектывы на Беласточчыне і працаваў з гуртамі ў розных вёсках, — дзеліцца інфармацыяй пра вядомую ў рэгіёне постаць візаві.
Намесніца дырэктара Цэнтра адзначае, што нядаўна ўстанова выйграла грант Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны на алічбоўку збору, у які ўваходзяць як запісы, дакументы, так і распрацоўкі творцы.
— Плануем апрацаваць гэты матэрыял і выкласці яго на сайт, каб кожны мог паслухаць спевы, якія гучалі на розных гаворках, — дадае менеджарка. — Адкуль гэтыя песні, хто іх запісваў, спяваў у свой час?
З цікавасцю заўважаем на паліцах нумары газет для беларускіх дзяцей у Польшчы “Зорка”. На вокладцы стаіць дата — 1957-ы год. Тут жа — іншыя кнігі, дапаможнікі, у прыватнасці, падручнік “Беларуская мова” — 1940-га году.
Адкрываем кніжку, каб азнаёміцца са зместам, і трапляем на загадкі: “Што бяжыць без повада? Што гарыць без полымя? Што сіне не сінёна? Што ўецца каля дрэўца?”. (Адказы можна дазнацца ў відэа).
— Здагадаліся? — пытаецца Ілона Карпюк.
Яна зазначае, што яшчэ ў 1960-х на Беласточчыне можна было знайсці школы, у якіх навучанне вялося як на польскай, так і беларускай мова.
— Унікальная была сітуацыя, — каментуе кіраўнічка. — Зараз у нашых школах маем беларускую мову толькі як дадатковую — як прадмет нацыянальнай меншасці.
Гэта праблема ўжо неаднаразова абмяркоўвалася ў медыя, і Ілона пацвярджае, што ўсё больш дзяцей з сем’яў падляшскіх беларусаў размаўляюць па-польску.
— А гэта адкуль? — заўважаем на паліцах “Сымона-музыку” Якуба Коласа.
— А гэта кніжка яшчэ не ў калекцыі, — адказвае наша візаві. — Звычайна працэс набыцця рэчаў у архіў адбываецца наступным чынам. Збіраецца камісія з гісторыкаў, даследчыкаў, архівістаў і яны ацэньваюць артэфакт, які мы пасля далучаем ці не да нашага збору, — удакладняе яна.
Прадметы паступаюць у архіў Цэнтра рознымі шляхамі: часта гэта набыткі ў калекцыянераў, але таксама і ў мясцовых жыхароў. З цікавостак, што ўжо ў архіве, намесніца дырэктара дэманструе альбомы са старымі фотаздымкамі.
— Гэты, напрыклад, з сям’і праваслаўных духоўнікаў, якія служылі на Падляшшы, — звяртае яна нашу ўвагу. — Што цікава, удалося займець і альбом, які самі вернікі стваралі свайму настаяцелю. Гэта, лічы, гісторыя прыхадскога жыцця.
Наша вока спыняецца таксама на незвычайным адбітку, створаным у фотаатэлье. На тле з геаметрычным малюнкам пазіруе сям’я.
— Мы пакуль не можам вызначыць якога году гэты фотаздымак, але гэта фотакартка сям’і эмігрантаў з Падляшша, — заўважае Ілона. — Яны прыехалі ў Беласток з ЗША.
Судовыя дакументы пачатку ХХ стагоддзя, плытка “Песняроў”, штотыднёвік Przyjazn, прысвечаны дням беларускай культуры (1955), альбомы з фатаграфіяміі беларускіх гарадоў і мястэчак, зробленыя нямецкімі салдатамі і афіцэрамі падчас Першай сусветнай вайны, і гэтак далей — у архіве ўжо зараз ёсць што паглядзець і абмеркаваць.
— Цяпер нярэдка здараецца, што дакументы і фотаздымкі продкаў цікавяць далёка не ўсіх, — Ілона разважае пра змены ў вясковай прасторы, калі ранейшыя хаты набываюць прыезджыя гаспадары. — Хтосьці можа засяліцца ў хату з гісторыяй і выкінуць такія рэчы на сметнік. Дзеля гэтага мы і ствараем гэты архіў, — падкрэслівае яна, заўважаючы, што Цэнтр будзе рады атрымаць у калекцыю рэчы, звязаныя як з гісторыяй Беласточчыны, так і ўсяго беларуска-польскага памежжа.
У мэтах захавання памяці пра мінулае Цэнтр таксама ладзіць адмысловыя майстар-класы па напісанні ўспамінаў. Іх робіць для мясцовых жыхароў рэпарцёрка і пісьменніца Анэта Прымак-Онікш, аўтарка нашумелай кнігі “Камяні мусілі паляцець. Зацёртая мінуўшчына Падляшша”.
— Часам у дзяцей і ўнукаў няма часу, каб запісаць за сваімі бацькамі, дзядамі, таму мы заахвочваем людзей, каб яны сама пісалі ўспаміны, да гэтай магчымасці адкрыліся, — распавядае пра гэтую актыўнасць установы спадарыня Ілона. — Анэта, чыя кніга вырастае з сямейнай гісторыі, дапамагае людзям сярэдняга і сталага веку працаваць з родавай памяццю.
У гэтым кантэксце наша суразмоўца згадвае і кнігу “Руіны Беларусі”, якая рэпрэзентуе выдавецкі кірунак дзейнасці Цэнтра. Гэты праект установа рэалізавала ў мінулым годзе разам з архівам VEHA і галерэяй “Арсенал”.
Цікава, што галерэя звярнулася да інстытуцыі з мэтай выдання амбітнага арт-праекта, але аказалася, што тэма кнігі супадае з інтарэсамі Цэнтра.
— У нашым архіве мы маем шмат фотаздымкаў ваеннага і пасляваеннага часу, на якіх зафіксаваныя беларускія гарады ў зруйнаваным выглядзе, што супадае з тэмай выдання. І так фатаграфіі са збораў Цэнтра ўвайшлі ў гэты альбом, які пасля быў прызнаны адной з найпрыгажэйшых кніг Польшчы, — распавядае яна.
Літаральна ў траўні гэтага года “Руіны Беларусі” атрымала ганаровае адзначэнне (Wyróżnienie) на прэстыжным 66-м конкурсе «Najpiękniejsze Polskie Książki 2025», які ладзіць Польскае таварыства выдаўцоў кніг (PTWK).
Адукацыйны напрамак, выдавецтва, бібліятэка, майстар-класы, а таксама канцэртныя мерапрыемствы — Ілона пазначае кожны з кірункаў працы Цэнтра, раскрываючы на прыкладзе ўстановы стан беларускай культуры і мовы на Падляшшы.
І я чапляюся за тое, што Цэнтр імкнецца выдаваць кнігі беларускіх аўтараў як на беларускай, так і польскай мове. Чаму?
— Колькасць чытачоў на беларускай мове, асабліва ў беларускай меншасці, сёння змяншаецца радыкальна, — акрэслівае яна нярадасныя працэсы, — таму для нас важна ўвесці беларускую кніжку ў польскую перспектыву, — тлумачыць яна.
Так, да 80-годдзя Уладзіміра Някляева Цэнтр выдаў зборнік твораў паэта “Святая вада” на польскай і беларускай мовах. Таксама супольна з фондам “Камунікат” у мінулым годзе ўстанова надрукавала ўспаміны Ларысы Геніюш «Птушкі бяз гнёздаў», далучыўшы да іх дакументы чэшскіх урадаў, якія сведчаць пра вяртанне беларускай паэтцы грамадзянства Чэхіі.
Разважаючы пра адметнасць беларускай меншасці на Падляшшчы, Ілона занураецца ў гісторыю краю.
— У гэтай гісторыі ёсць вельмі траўматычныя падзеі, — распавядае яна. — Для беларусаў Беласточчыны — гэта, па-першае, бежанства падчас Першай сусветнай вайны; потым перасяленне пасля Другой сусветнай; польскае ўзброенае падполле…
У выпадку апошняга, гэта памяць вельмі цяжкая, калі былі забітыя мірныя жыхары беларускага паходжання, праваслаўныя беларусы, якія жылі тут. Гэта памяць, якая ідзе праз пакаленні, памяць, якая хавалася. Менавіта таму мы зараз маем тую сітуацыю, якую маем.
Ілона згадвае пра нядаўна выдадзеную кніжку Сяргея Чыгрына «Перасяленцы ці ўцекачы» (Przesiedleńcy czy uchodźcy), якая расказвае пра беларусаў, пераселеных у 1944-1948 гадах з Беласточчыны ў СССР. Большасць ведае пра перасяленне палякаў з Беларусі ў пасляваенны час, але ў вышэйназваныя чатыры гады з Беласточчыны ў БССР былі пераселеныя трыццаць тысяч чалавек.
— Гэта значыць, што беларусы краю страцілі тысячы людзей — сваю інтэлігенцыю — мастакоў, творцаў, якія б маглі будаваць свядомасць і грамадства, — канстатуе яна.
Намесніца дырэктара таксама звяртае ўвагу на міжваенны перыяд. У гэты час многія беларусы, якія пакінулі свае дамы падчас бежанства 1915-года, вярталіся на Падляшша. Але яны былі занятыя аднаўленнем сваіх хат, пытаннямі выжывання, ім проста не хапала часу на рэфлексію аб культурнай свядомасці.
— Людзі адбудоўвалі свае хаты, — кажа яна. — Думалі, што будзе яшчэ час на культуру, але прыйшла Другая сусветная вайна, якая зноў забрала ўпэўненасць у заўтрашнім дні.
А потым настаў час Польскай народнай рэспублікі, палітыка якой ставіла ў прыярытэт тытульную нацыю. І працэс прысутнасці ў публічным полі нацыянальных меншасцяў ішоў даволі павольна. Пераважна беларуская культура была прадстаўлена як сялянская культура.
— Адкуль нам было ведаць, што ёсць нешта іншае? — дзеліцца наша суразмоўца. — Толькі 1980-я гады прынеслі беларусам Беласточчыны знаёмства з жывымі прадстаўнікамі беларускай культуры — пісьменнікамі, мастакамі, музыкамі. Вядома, калі мы вучыліся беларускай мове ў школе, то ведалі Коласа, Купалу, самыя значныя імёны беларускай літаратуры, але сучаснікаў — не.
Сапраўды “адраджэнскі” выбух здарыўся па словах Ілоны ўжо ў 1990-я гады. Беларускае аб’яднанне студэнтаў заснавала легендарны фестываль музыкі “Басовішча”, які стаў платформай для знаёмства і абмену.
— Аказалася, што ёсць месца, якое можна аб’яднаць, — узнаўляе гэты гістарычны момант Ілона. — Што беларуская ідэя можа быць блізкай людзям па абодва бакі мяжы, мы мыслім падобна».
Гэтая гісторыя, праз якую прайшлі пакаленні беларусаў ХХ стагоддзя на Падляшшы, сфарміравала іх вельмі адметную ідэнтычнасць. Для кагосьці з беларусаў краю хваля новай беларускай эміграцыі — гэта магчымасць сумесных праектаў і ўзаемадзеяння, аднак іншыя могуць не бачыць у гэтым патрэбы ці цікавасці.
Гісторыя самой нашай гераіні — гэта прыклад таго, як выбар ідэнтычнасці паўплываў на лёс чалавека.
Мы выходзім з Ілонай на вуліцу, каб прайсціся яе працоўнымі сцежкамі.
Як кажа наша суразмоўца, яна пачала ўсведамляць сваю беларускую тоеснасць яшчэ ў дзяцінстве. Нягледзячы на тое, што Ілона вырасла і выхоўвалася ў Гайнаўцы, на яе моцна паўплывала вёска, дзе жылі яе бабулі і дзядулі — яны размаўлялі па-беларуску.
— Гэта быў той час, калі пакаленне маіх бацькоў пераязджала ў гарады за працай. І я выхоўвалася на польскай мове. Але дзякуючы сувязі з вёскай, у мяне атрымоўвалася жыць у дзвюх мовах. Бо мае бабулі і дзядулі размаўлялі па-беларуску, а ўсе выходныя і канікулы я бавіла час у іх.
У школе Ілона пачала вывучаць беларускую толькі з сёмага класа — “чамусьці не было беларускай мовы ў школе пачатковай”. А потым паступіла ў беларускі ліцэй у Гайнаўцы, і апынулася ў асяродку дзяцей, якія таксама разумелі сваю адметнасць.
— Я шмат чытала беларускай паэзіі ў ліцэі, а потым свае этнаграфічныя летнікі стаў ладзіць Дарафей Фіёнік, — згадвае знанага падзвіжніка беларускай культуры і заснавальніка Музея малой бацькаўшчыны ў Студзіводах Ілона Карпюк. — Мы ездзілі ў вёскі, дзе яшчэ жылі сведкі бежанства і запісвалі размовы з гэтымі людзьмі, якія ўсё перажылі і памяталі.
Праз гэту аматарскую этнаграфічную дзейнасць і адбываўся ўваход маладых людзей у беларускую лакальную гісторыю.
— У той час майго дзеда ўжо не было, — успамінае культурніцкая менеджарка, — і заставалася пытацца ў іншых людзей з Падляшша пра мінулае. Потым з сябрамі мы сталі прасіцца і ў “зімнікі”, ездзілі зімой з настаўнікам ліцэя запісаваць успаміны.
— Гэта быў час, калі ладзіліся турніры для беларускай моладзі, — дадае спадарыня Ілона. — У іх сустракаліся вучні беларускіх ліцэяў з Гайнаўкі, Бельску-Падляшскага, прыязджалі “басаўцы” з Беларускага аб’яднання студэнтаў. Памятую, як у спаборніцтвах бралі ўдзел і маладыя людзі з Брацтва праваслаўнай моладзі.
Калі паступаючы ў ліцэй Ілона Карпюк планавала стаць лекарам, то беларускі рух зкарэктаваў яе планы — у выніку яна схілілася да гуманітарных студыяў.
І паралельна ўвесь гэты час творца займалася спевамі. Спявала народныя і эстрадныя песні ў Доме культуры; далучылася ў школе да дзявочага калектыву “Знічка”. А потым ўвайшла ў… рок-гурт “Гоман”, які прайшоў адбор на “Басовішча” і паехаў туды выступаць.
Ілона дзеліцца, што яна марыла трапіць на “Басовішча” яшчэ з часоў малалецтва.
— Мая дзядзькі, браты мамы, былі беларускаарыентаваныя, і ездзілі на фэст. Ды потым распавядалі, як там была весела, як гулялі, хто што згубіў, — згадвае яна. — І я заўжды хацелася туды трапіць, але бацькі не пускалі. І ў 18 гадоў я паехала туды ўжо ў складзе рок-гурта. Ды на сваёй машыне! Што і казаць… Гэта не забудзеш!, — усміхаецца яна.
На фестывалі Ілона Карпюк раззнаёмілася з процьмай беларусаў і пераехала ў Варшаву. Там таксама трапіла ў асяродак варшаўскіх беларускіх актывістаў, далучыўшыся да каманды “Басовішча”, і стала ладзіць розныя падзеі ў сталіцы.
— На Дзень Волі ва ўніверсітэце рабілі акцыі, іншыя рэчы, — дзеліцца яна.
А потым нечакана для ўсіх яна вярнулася ў Беласток. Як? Па праграме студэнцкіх абменаў “Мост”, якая дазваляла студэнтам выбраць любую польскую адукацыйную ўстанову. Але Ілона выбрала Беласток.
— Людзі з мяне смяяліся, — прызнаецца яна. — Але я ўжо запланавала пісаць акадэмічную працу пра нашу інтэлігенцыю беларускай меншасці, і гэта даследаванне было заснавана на інтэрв’ю з беларускімі дзеячамі. Плюс яшчэ трэба было арганізоўваць чарговае “Басовішча”, — смяецца творца.
На той час Ілона Карпюк ужо ўзначальвала Беларускае аб’яднання студэнтаў.
У выніку атрымаўшы дзве спецыяльнасці — сацыёлаг і кінарэжысёр, яна пайшла працаваць у… штотыднёвік “Ніва”, у які яе запрасіў галоўны рэдактар Яўген Вапа. Паралельна была заснаваная яе аўтарская музычная праграма на радыё “Рацыя” — гэты праект можна паслухаць і сёння.
Што да дзейнасці ў музыцы, то тут творца паспела запісаць альбом з металёвым гуртом 5set5, які выпусціў, на жаль, толькі адзін альбом. А ў 2005 годзе былі заснаваныя Ilo& Friends.
— Проста сустрэліся з музыкамі на мерапрыемстве ў памяць беластоцкай кінадакументалісткі Тамары Саланевіч, — згадвае момант нараджэння гурта наша гераіня. — Сыгралі на імпрэзе некалькі песен, і вырашылі, што нам прыемна прыдумваць нешта разам, так і закруцілася.
Сёлета гэтаму калектыву, які злучае ў сваёй музыцы рокавае, акустычнае і прагрэсіўнае гучанне, ужо 21 год.
Музыка і арганізацыйная дзейнасць аб’ядналіся нібыта па замове ў наступнай працы Ілоны — яе запрасілі ў каманду Падляшскага опернага тэатра.
— Пэўны час працавалі ў будынку Падляшскай філармоніі, а потым пераехалі ўжо ў будынак Опернага тэатра. Шэсць гадоў правяла там, шмат да чаго была ангажаваная, — згадвае Ілона той перыяд.
У прыватнасці, наша суразмоўца стала сузаснавальніцай гучнай гарадской падзеі — Halfway Festival — форуму аўтарскай і альтэрнатыўнай музыкі, на якім выступалі выканаўцы з усяго свету. І варта адзначыць, што Ілона запрашала туды і беларускія гурты — Shuma, Navi, Ludzi Na Bałocie, .K, Intelligency.
— Яшчэ да 2020-га году нам удалося зладзіць канцэрт аркестра Мінскай філармоніі ў Беластоку. А наша опера “Кармен” паехала на Мінскі оперны форум. Гэта было для нас сапраўдным выклікам, — згадвае прарыў на ніве супрацоўніцтва з Беларуссю кіраўніца Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку.
Пасля Опернага тэатра Ілона некалькі гадоў аддала прыватнай інстытуцыі «Нетэатр» (NieTeatr), якая была адзначана летась Прэміяй мастацтва Прэзідэнта горада Беластока (Nagroda Artystyczna Prezydenta Miasta Białegostoku) — як інстытуцыя, якая фарміруе культурны ландшафт гораду.
А пасля Ілону як культурніцкую менджарку запрасілі ўжо ў Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку.
— З маёй біяграфіі вынікае, што беларускасць была прысутная ў маім жыцці ўвесь час, — разважае яна. — Праз мову, праз бабулю з дзядулям, праз “Ніву”, якую чытаў мой дзед, праз беларускі ліцэй у Гайнаўцы, праз “Басовішча”, міф якога «падагравалі» дзядзькі, праз беларускую тусоўку ў Варшаве, праз культурніцкія падзеі, які мы ладзілі… Мне карцела ў гэтым быць.
Творца лічыць, што яе адметная ідэнтычнасць толькі дадала ёй пераваг.
— Калі ты разбіраешся ў культурніцкіх тэмах, гісторыі, ведаеш мову, — ці ж гэта дрэнна? Калі б гэтага не было, я б ніколі не пісала артыкулы па-беларуску ў «Ніву», не трапіла б у Оперны тэатр, мяне не запрасілі ні ў «Нетэатр», ні ў Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку, — упэўнена наша суразмоўца.
Ілона кажа, што ёй было камфортна быць у гэтай прасторы — на шляху беларушчыны.
— У маім выпадку мая меншасць была маёй большасцю, — канстатуе яна.
Напрыканцы пытаю Ілону пра тую самую песню на верш Алеся Разанава “На гэтай зямлі”, у якім паэт апісвае дзіўны стан беларусаў «паміж захадам і ўсходам».
І Ілона адказвае, што ў выбару верша няма нічога дзіўнага.
— Гэта і мае светаадчуванне, — падсумоўвае яна.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram