Выстава Таццяны Кандраценкі і Яўгена Шадко «Межы прысутнасці» адкрылася ў доме Авенарыусаў, штаб-кватэры фонду Баровікаў, размешчанага ў самым сэрцы варшаўскай Саска Кемпы.
Куратар выставы Міхал Баровік сам падбіраў творы і выбудаваў экспазіцыю такім чынам, каб адлюстраваць «вопыт разрыву». «Таня Кандраценка і Яўген Шадко родам з Беларусі, краіны, якая для адных стала страчаным месцам, а для іншых — прасторай пастаяннай напружанасці… Іх жывапіс уяўляе сабой запіс спробаў знайсці сябе ў свеце, які стаў новым месцам укаранення», — піша ён у анатацыі.

Наўмыснае звужэнне рамак куратарам, магчыма, адна з формаў прэзентацыі беларускіх аўтараў польскаму гледачу. Стылістыка гэтых мастакоў выпрацоўвалася гадамі і сталася наступствам не эміграцыі, а хутчэй адчування «non place» (назва выставы, у якой яны ўдзельнічалі ў Мінску) — пачуцця адсутнасці ўласнага месца ў роднай краіне задоўга да эміграцыі, апошняя гэты стан, безумоўна, абвастрыла.
Такім чынам, канцэптуальная рамка, выбудаваная куратарам «Межаў прысутнасці», даволі ўмоўная, калі ж рассунуць яе шырэй, то можна ўбачыць тое, што яднае двух беларускіх аўтараў: у сваіх творах яны ствараюць лініі напружанасці праз сутыкненне ўнутранага свету сваіх герояў і вонкавага ціску. У кожным іх палатне на першым плане — чалавек ці група людзей. Формы іх целаў трансфармуюцца і мадэлююцца паводле ўласных мастакоўскіх законаў — і прынцыпова по-рознаму ў кожнага з аўтараў.
У Таццяны Кандраценкі на выставе можна прасачыць некалькі тэмаў. На адной з карцінаў паказана агрэсіўная сцэна, збудаваная з чорных постацей. Паводле аўтаркі, гэта пра сілы ўнутры нас, якія змагаюцца паміж сабою. Знешняе ўвасабленне гэтай барацьбы ўвасабляюць фрагментаваныя постаці, якія ўрэшце ўтвараюць з‘яднанае калектыўнае цела, прасякнутае жарсцю і імпэтам.

І другая тэма – хлопчык, сканцэнтраваны на ўнутраных перажываннях, які сутыкаецца з небяспечным светам. Тут вельмі характэрнае палатно «Агонь», дзе лакалізацыя агню няпэўная, ці то гэта вогнішча, да якога хлопчык набліжаецца, ці агонь распачынаецца ўнутры. І гэты метад – сутыкненне нечага небяспечнага і прыгнятальнага з чалавекам і трансфармацыя – колерам ці лініяй — яго фізічнай абалонкі адрозніваецца ад метаду Яўгена Шадко.
Творы Яўгена наўмысна разбалансаваны, унутраная няпэўнасць перадаецца метадам механістычнага спалучэння розных элементаў карціны – плямаў колеру, няпэўных ліній, прагалаў, правалаў, зацёртасцей, кантрасных фрагментаў рэальнага свету, каб стацца партрэтам асобы на скрыжаванні няпростых выбараў. Героі палотнаў ананімныя, разгубленыя і звычайна меланхалічныя. Жывапісны хаос, што раскрываецца вакол гэтых постацей, ізалюе іх ад свету гледачоў, нібы тэатральная сцэна.

Абодва аўтары даволі паспяхова супрацоўнічаюць з еўрапейскімі галерэямі, дзе іх працы выстаўляюцца часцей, чым у Польшчы, дзе яны зараз жывуць.
«Мне было вельмі важна, паказаць свае творы менавіта ў Польшчы, — расказвае Таццяна Кандраценка, — нягледзячы на тое, што я супрацоўнічаю з галерэямі ў іншых краінах. Бо мне здаецца, можа гэта амбіцыйна гучыць, што я магу такім чынам паўплываць на тутэйшае візуальнае асяроддзе. Мне б вельмі хацелася ўдзельнічаць у гэтым шматгалоссі».
Выстава будзе працаваць доме Авенарыусаў па вуліцы Katowicka 7 да 30 траўня па пятніцах і суботах з 12:00 да 18:00.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram