Reform.news

«Забітыя, але не забытыя»: Галіна Казіміроўская – пра канцэрт «Я не вінаваты!» і непакараныя злачынствы

Reform.news · 29 октября 2026, 13:23

https://reform.news/zabityja-ale-ne-zabytyja-galina-kazimiro-skaja-pra-kancjert-ja-ne-vinavaty-i-nepakaranyja-zlachynstvy/

У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў Мінску НКУС расстраляў больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі — пісьменнікаў, паэтаў, навукоўцаў і грамадскіх дзеячаў. У гэтыя дні беларусы па ўсім свеце ўшаноўваюць памяць ахвяраў сталінскага тэрору.

«Вольны хор» выступіць у Варшаве з адмысловай праграмай, прысвечанай рэпрэсаваным творцам – Алесю Дудару, Анатолю Вольнаму, Цішку Гартнаму, Міхасю Чароту, Уладзіміру Тэраўскаму, а таксама аўтарам, якія прайшлі праз суды, турмы, лагеры і вымушаную эміграцыю – Міколу Куліковічу, Наталлі Арсенневай, Міколу Равенскаму, Міхасю Кавылю, Сержуку Новіку-Пяюну і іншым. Згадаюць і сучасныя рэпрэсіі: адбудуцца прэм’еры твораў беларускіх паэтаў і музыкаў, напісаныя ў турмах.

Канцэрт «Я не вінаваты!» пройдзе ў варшаўскім касцёле святой Ганны 30 кастрычніка. Паразмаўлялі напярэдадні з кіраўніцай хору Галінай Казіміроўскай пра неасэнсаванае мінулае, якое пастаянна вяртаецца.

Галіна Казіміроўская. Фота: Зміцер Лукашук

«Не зламаныя. Не забытыя!»

— «Вольны хор» не першы раз згадвае гэтую дату – Ноч паэтаў. Як выпрацоўваўся фармат вашых канцэртаў?

— Першы раз мы павінны былі выступаць на Начы расстраляных паэтаў у 2020 годзе ў Курапатах. Але акурат тады, калі я збіралася на гэтую імпрэзу, мяне затрымалі. Таму для мяне 29 кастрычніка ўжо назаўжды застанецца таксама і асабістай датай.

У нас не атрымалася тады выступіць, бо мы адразу выдалілі суполку і не змаглі скаардынавацца. Спатрэбіўся пэўны час, каб аднавіць камунікацыю.

Для нас гэтая дата важная таму, што амаль увесь наш рэпертуар складаецца з твораў ці расстраляных паэтаў, ці рэпрэсаваных і тых, якія здолелі выехаць і жылі за мяжой. Уся наша праграма пабудавана на вяртанні забітай, забытай беларускай спадчыны.

І таму, калі мы ўсе апынуліся ў эміграцыі, з 2021 года сталі ладзіць гэтыя канцэрты – з песнямі і чытаннямі вершаў.

А з 2022 года з дапамогай беларускай рэжысёркі Марыны Якубовіч больш грунтоўна распрацавалі фармат, і цяпер у канцэрт уплецены песні, аповеды пра творцаў і вершы, якія чытаюць беларускія акторы. То-бок мы спалучаем музыку і слова.

— Як збіраўся, папаўняўся ваш рэпертуар?

— У нейкі момант я зразумела, што на вершы расстраляных паэтаў няшмат напісана песняў. Фактычна, існаваў толькі адзін вялікі праект – ініцыяваны Сяргеем Будкіным музычны альбом з 12 песняў. Важна зразумець, што гэта шмат у чым небяспечны матэрыял для многіх кампазітараў, большасць якіх цяпер жыве ў Беларусі. І тады я сама, як кампазітарка, напісала першы твор на верш Міхася Чарота «Заціхла бура».

Так у нашым рэпертуары з’явілася песня на верш паэта, якога забілі 29 кастрычніка 1937 года.

Наступным годам я напісала музыку на словы Алеся Дудара, а яшчэ праз год – на верш Міхася Кавыля, які я знайшла ў лонданскай Скарынаўскай бібліятэцы. Ён так і называўся «Наша песня». Крануў мяне проста да глыбіні душы! На жаль, у гэтым годзе я нічога не напісала, бо цяпер падчас хваробы не ствараю музыкі, але паступова вяртаюся да творчасці.

Канцэрт «Вольнага хору» ў касцёле святога Аляксандра ў Варшаве. 2023 год. Фота: Белсат

«Белую пену на хвалях белая пена заменіць…»

— Ці зʼявілася нешта новае ў вашай сёлетняй праграме?

— Так, у гэтым годзе мы звярнуліся да вершаў, які былі напісаны ў турме ў наш час. Будзе некалькі такіх прэмʼер, бо я хачу пракласці масток ад сучаснасці да 1930-х.

На жаль, верш, напісаны ў турме, – гэта яшчэ не гісторыя Беларусі, гэта яе цяперашні дзень. Беларускае слова зноў ствараецца ў турме. Аднак нягледзячы ні на што, не памірае.

Як і ў трыццатыя гады мінулага стагоддзя, паэтаў не проста рэпрэсуюць, але і знішчаюць іх рукапісы. Напрыклад, мы выканаем вершы, якія напісаў Макс Знак, «Белая пена» і «Хваля». У яго не было магчымасці вынесці з турмы гэтыя творы на паперы, і ён вынес іх у сваёй памяці. У нас была з ім сустрэча адразу пасля яго прыезду, ён напеў мне адзін верш, для другога я зрабіла апрацоўку для хору. Для нас вельмі важна паказаць усяму свету, што нягледзячы на ўсе спробы нас знішчыць, мы робім усё магчымае, каб беларускае слова прарасло, жыло і мела працяг.

Другі масток з сённяшнім часам – гэта твор, які ў турме напісала Надзея Калач з гурта Irdorath. Гэтую кранальную гісторыю мы распавядзем на канцэрце.

Дзве ўдзельніцы «Вольнага хору» сядзелі ў той жа калоніі ў тыя ж часы, што і Надзея. І гэтую песню адна з з іх пачула непасрэдна ад Надзеі, яны спявалі яе разам у «жоўтым гуртку», які з’яднаў людзей з жоўтымі біркамі. Яны гэтую песню ведалі напамяць. І гэта быў першы твор, якую выканаў гурт Irdorath, калі сабраўся зноў. Калі мы ўжо вывучылі гэтую песню і спявалі хорам, толькі тады дазналіся, што ў нас ёсць дзяўчаты, якія маюць свае асабістыя стасункі з гэтай песняй.

Усё паўтараецца – турма, рэпрэсіі, але песня жыве, творчасць жыве.

На жаль, у нас ёсць гэтая амаль стогадовая гісторыя, якая завязваецца ў адзін вузел, і гэты вузел пакуль яшчэ зʼяўляецца нашай рэальнасцю.

Канцэрт «Вольнага хору» ў касцёле святога Аляксандра ў Варшаве. 2023 год. Фота: Белсат

«Прадажных здрайцаў ліхвяры мяне заціснулі за краты»

— І які мы ўсё яшчэ не можам развязаць. Сяргей Будкін падкрэслівае фармат ушанаванняў, сцвярджаючы, што гэта ноч менавіта (не)расстраляных паэтаў, бо вершы іх жывуць.

— Яны забітыя, але не забытыя. У гэтай гісторыі шмат незваротных рэчаў, бо мы разумеем, што іх расстралялі вельмі маладымі і ў сваім жыцці яны маглі зрабіць яшчэ вельмі шмат. Але светлы бок у тым, што мы пра іх памятаем.

Наша праграма мае назву «Я не вінаваты!». Мы назвалі канцэрт радкамі з верша Міхася Чарота, які ён пакінуў на турэмнай сцяне. Перад тым, як іх расстраляць, ім навязвалі віну. І не з усіх гэта віна была знятая. У нас не адбылося ў краіне поўнай рэабілітацыі. І цяпер жывем нібы з заплюшчанымі вачыма, бо не разабраліся з гісторыяй як нацыя, як народ. Мы павінны былі не толькі рэабілітаваць гэтых людзей, але і назваць вінаватых. Няважна, што няма ні тых, ні іншых. Але ўсё павінна стаць на свае месцы.

І на канцэрце мы пастаянна будзем паўтараць: «Не вінаваты, не забыты».

Ніводны палітзняволены, які сёння сядзіць у турме, таксама не мае ніякай віны. Гэта часовая перамога зла.

Усё павінна быць названае сваімі імёнамі – у падручніках, на шыльдах.

Аднак у тых, хто застаўся жывы і быў вымушаны зʼехаць, было адчуванне віны. А цяпер тыя людзі, якія ўсё жыццё стваралі беларускую спадчыну за межамі краіны, нашы героі таксама.

Я вельмі радая, што зʼехаў Мікола Равенскі, які ў 1944 годзе вырашыў, што яму небяспечна заставацца ў Беларусі, калі пасля нямецкай акупацыі прыйшла акупацыя чырвоная. Я таксама радая, што захаваў сваё жыццё Мікола Куліковіч, які вельмі шмат зрабіў для Беларусі. Які спадзяваўся, што некалі зможа вярнуцца. Сёння немагчыма напісаць доктарскую дысертацыю па Куліковічу, таму што гэта забароненае ў Беларусі імя. Столькі прайшло часу, а рэабілітацыя не адбылася.

Падзеі той трагічнай начы нібы кругамі разыходзяцца па нашай гісторыі – даваеннай, паваеннай і нашай сучаснай. З той кропкі гэтыя кругі яшчэ ідуць. Чаму знішчалі гэтых людзей? Таму што яны былі беларусы. Таму што нам не давалі беларусамі звацца, не давалі развівацца, каб мы не выйшлі з узроўню малодшай сястры Расеі.

Канцэрт «Вольнага хору» ў касцёле святога Аляксандра ў Варшаве. 2023 год. Фота: Белсат

— Вы ладзіце канцэрты ў сакральных будынках. Як знайшлі такі фармат?

— Была даволі вялікая праблема знайсці памяшканне з добрай акустыкай. Сакральныя будынкі сталі самым простым варыянтам. Да таго ж мы не камерцыйная арганізацыя і нас туды пускаюць бясплатна.

Аднак тое, што Ноч расстраляных паэтаў пройдзе ў касцёле, мне адгукаецца яшчэ і таму, што для кагосьці зʼявіцца магчымасць памаліцца за іх.

— Як успрымаюць гэтыя імпрэзы палякі?

— Я спадзяюся, што гэта тэма зразумелая і ім таксама. Усе песні мы падрадкоўнікам перакладаем на польскую мову і падчас канцэрта транслюем. Бо тое, пра што мы спяваем, важнейшае за музыку.

Канцэрт «Я не вінаваты!» пройдзе 30 кастрычніка ў 19:30 у касцёле святой Ганны (Krakowskie Przedmieście 68, Варшава). Уваход вольны

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Реклама

Добавить комментарий