З нагоды Міжнароднага дня абароны дзяцей, які штогод адзначаецца 1 чэрвеня, адукацыйны праект «Васьміног» афіцыйна адкрывае анлайн-курсы для дзяцей школьнага ўзросту. У аснове канцэпцыі курсаў — ідэя пра тое, што на сайце «Васьмінога» беларускія дзеці, якія апынуліся ў эміграцыі, а таксама іх аднагодкі ў самой Беларусі, могуць атрымаць веды, якіх ім не даюць у іх навучальных установах. Гаворка ідзе пра дысцыпліны з беларусацэнтрычным падыходам. «Пра гэта вам не раскажуць у школе» — такую творчую задачу ставілі перад сабой стваральнікі курсаў.
Сярод прадметаў, якія могуць зацікавіць маленькіх беларусаў, што толькі пачынаюць вывучаць літары і робяць першыя крокі ў засваенні беларускай мовы:
- Курс хуткачытання для дзетак праз забаўкі, квэсты, размалёўкі і творчае мысленне;
- Захапляльнае беларускамоўнае падарожжа анімаваных герояў Аленкі і Дзімкі па краіне галаваломак «А-Я Чытаю на роднай мове»;
- Курс «Чароўны карагод года» з сапраўднымі іншапланетнікамі, якія з захапленнем вывучаюць сусвет ды беларускую мову;
- Дзівосная вандроўка ў чароўны лес, дзе кожная жывёлка ўмее размаўляць і дапаможа дзеткам вывучыць алфавіт і нават чытаць (Курс «Вучымся чытаць» з інтэрактыўнымі заданнямі ды захапляльнымі пазламі, дзе кожная літара — гэта прыгода);
- Курс сцэнічнай прамовы і тэатра «Гавары-ка!», які ідэальна падыходзіць для малодшых школьнікаў, якія мараць выйсці на сцэну.
Для падлеткаў не менш цікавыя прапановы:
- курс па гісторыі Вялікага княства Літоўскага;
- курс «Беларусь праз стагоддзі»;
- курс па філасофіі «Святло з пячоры Платона»;
- курс «Эпоха небяспечнага натхнення. Мастацтва Беларусі 1920-х»;
- літаратурны курс «Знак бяды» пра твор Васіля Быкава, «Жанчыны ў гісторыі Беларусі» і іншае.
— Наша платформа простая ў карыстанні і даступная з дому або ў дарозе. Незалежна ад таго, пачатковец вы, філосаф ці будучы гісторык — тут кожны знойдзе што-небудзь для сябе. Далучайцеся да нас, каб не толькі вучыцца, але і кінуць выклік вашай творчасці і абудзіць вашу цікаўнасць, — запрашае да навучання на платформе «Васьмінога» кіраўнік адукацыйнага праекта Аляксей Канстанцінаў.
Усё курсы — бясплатныя. Задачы ў кожным курсе складзеныя з улікам узроставых і кагнітыўных асаблівасцей дзяцей, спалучаюць найноўшыя распрацоўкі ў галіне інавацыйнай анлайн-педагогікі, адзначаюць стваральнікі платформы. Для падвышэння інтарэсу дзяцей да навучальнага працэсу распрацоўшчыкі прадметаў, сярод якіх ёсць заслужаныя настаўнікі, выкарыстоўвалі элементы анімацыі і крэатыўныя задачы.
Адукацыйны праект «Васьміног: адукацыя для беларускіх дзяцей сёння і заўтра» быў ініцыяваны Міжнародным кансорцыумам «ЕўраБеларусь», Офісам Святланы Ціханоўскай і Беларускай Радай Культуры. Ягоная афіцыйная прэзентацыя прайшла ў Вільні 12 студзеня 2023 года. «Васьміног» адкрывае новыя магчымасці для беларускіх школьнікаў і настаўнікаў як унутры краіны, так і за мяжой. Праект фінансуецца Еўракамісіяй.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: