У пятніцу 13-га лютага YouTube-праект «K6 live» прэзентаваў свой чацвёрты выпуск з удзелам пост-панк- і пост-хардкор-гурта «Сербскі нож». Адбыўся традыцыйны жывы міні-канцэрт калектыву, артысты разам з вядучай Марынай Савіцкай абмяркоўвалі жыццё андэграўнду ў эміграцыі, стварэнне аўтарскіх масак бэнда, калабарацыі з калегамі па сцэне і мысленні, а таксама рэалізацыю каманды ў іншых іпастасях. Эпізод сабраў нямала пазітыўных водгукаў. Таму каманда вырашыла працягнуць і прэзентаваць… другую частку шоў!
«Насамрэч мы заўсёды здымаем нямала дадатковага матэрыялу для спонсарскіх праглядаў. Але гэтым разам мы вырашылі падзяліцца ім з усімі ў адкрытым доступе. Тут не будзе песень, затое будзе шмат размоў: абмяркоўваюцца тэмы мастацтва і поглядаў на жыццё, а атмасфера пануе прыемная і ўтульная», – кажуць арганізатары.
Сярод іншага ў выпуску гучыць верш ад музыкі, успаміны пра канцэрт «К6 live Gig Vol.1»., творчыя калабарацыі і пытанні з залі.
Вядучая шоў – Марына Савіцкая.
«Сербскі нож» — беларускі праект з Варшавы, які спявае пра рускі крывавы студзень і кіеўскі вакзал. У творчасці групы закранаюцца тэмы гвалту, рэлігіі і асабістай адказнасці.
«K6 live» — беларускі праект, створаны музыкамі і прадзюсарамі Антонам Шніпам (Irdorath, Serdce, Olia Shnip Music, LÖS) і Стасам Мурашка (The Toobes, Soyuz, Noсne Ptaki, Vvaxplay, LÖS) на базе студыі LÖS. Раней гасцямі праекта былі групы «LÖS», «Kmit-ansambl», «Lubber Louie».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

