Фота: bnkomi.ru.
Новым мастацкім кіраўніком Новага драматычнага тэатра прызначаны Юрый Папоў з Расіі. Змены ў адміністрацыі мінскай ўстановы культуры заўважыла «Зеркало».
Юрый Папоў нарадзіўся ў Сыктыўкары, прафесійную адукацыю атрымаў у Яраслаўскім дзяржаўным тэатральным інстытуце (спецыяльнасць «Акцёр драматычнага тэатра і кіно») і Шчукінскім тэатральным інстытуце ў Маскве (рэжысёрскі факультэт).
Да свайго прызначэння ў Мінск творца працаваў выключна ў расійскім культурным полі.
Пачынаў кар’еру ў Акадэмічным тэатры драмы імя В. Савіна ў Сыктыўкары і маскоўскім цэнтры «Вишнёвый сад». З 2008 года працаваў рэжысёрам-пастаноўшчыкам у расійскіх рэгіянальных тэатрах. Супрацоўнічаў з пляцоўкамі ў Кіраве, Северску, Сергіевым Пасадзе, Савецку, Нагінску, Котласе і іншых гарадах. З 2015 па 2018 год займаў пасаду галоўнага рэжысёра таго ж Акадэмічнага тэатра драмы ў Сыктыўкары.
Як паведамляе «Зеркало», 53-гадовы Папоў адносна нядаўна ён разам з сям’ёй пераехаў у Беларусь. Пасля пераезду ён пачаў выкладаць у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, а таксама паставіў спектакль «Кругі на вадзе» ў прыватным Камерным драматычным тэатры Наталлі Башавай (дадзеную пастаноўку ён раней ужо рэалізоўваў у расійскім горадзе Северску Томскай вобласці).
Пераход Юрыя Папова ў Новы драматычны тэатр наўпрост звязаны з кадравымі зменамі ў кіраўніцтве ўстановы. У лютым 2026 года дырэктарам гэтага тэатра стала згаданая вышэй Наталля Башэва. Напрыканцы красавіка яна паставіла ў калектыве свой першы спектакль — «Молодая гвардия» паводле скандальнага савецкага ідэалагічнага твора Аляксандра Фадзеева. Менавіта Башэва і запрасіла Папова да супрацы ў якасці мастацкага кіраўніка.
Першым яго спектаклем ў новым статусе на мінскай сцэне стала пастаноўка па творы рускай літаратуры — «Чудики» Васіля Шукшына.
Нагадаем, што Юрый Папоў — далёка не першы прадстаўнік Расіі, які за апошні час узначаліў знакавыя беларускія тэатральныя пляцоўкі. У 2025 годзе мастацкім кіраўніком Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь у Мінску стаў расіянін Арцём Макараў. У 2026 годзе аналагічную пасаду мастацкага кіраўніка ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы заняў яго суайчыннік Дзмітрый Акімаў.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram